Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналіста Кастуся Жукоўскага зноў пакаралі. Агульная сума ягоных штрафаў — пад 50 мільёнаў


Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

4 лютага судзьдзя Буда-Кашалёўскага раённага суду Ўладзімер Пракапенка аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага на 40 базавых велічыняў, што складае 4 мільёны 400 тысяч беларускіх рублёў. Фрылансэр прызнаны вінаватым у парушэньні заканадаўства аб друку паводле артыкула 22.9 КаАП — выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» (Польшча).

Адміністрацыйны пратакол на журналіста склаў участковы міліцыянт Буда-Кашалёўскага РАУСу за сюжэт з гэтага райцэнтру «Расея спыняе беларускія заводы», паказаны 16 сьнежня 2015 году ў эфіры тэлеканалу «Белсат». У ім вялася гаворка пра тое, што яшчэ пяць гадоў таму, калі Буда-Кашалёўскі масласырзавод адзначаў сямідзесяцігодзьдзе, тры чвэрці сваіх харчовых вырабаў ён адпраўляў у Расею і толькі чвэрць рэалізоўвалася ў Беларусі. Цяпер склады заводу забітыя сырам, а працаўнікі прадпрыемства ўжо трэці тыдзень — у адпачынку за свой кошт.

Яшчэ да пачатку суду Кастусь Жукоўскі здымаў на відэакамэру будынак суду. На выклік ахоўніка ў суд прымчаліся двое міліцыянтаў са службы «Ахова» з намерам затрымаць журналіста-фрылансэра. На пытаньне Жукоўскага: «Хто ў судзе распараджаецца — міліцыянты ці судзьдзя?» Уладзімер Пракапенка патлумачыў: «Судзьдзя» — і міліцыянты пакінулі судовую залю ні з чым.

Інтарэсы Жукоўскага як сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў у судзе меўся прадстаўляць па даверанасьці Гомельскай філіі ГА «БАЖ» юрыст Леанід Судаленка, аднак судзьдзя не дапусьціў яго да разгляду адміністрацыйнай справы, спаслаўшыся на адсутнасьць у Судаленкі адвакацкай ліцэнзіі.

На хадайніцтва Жукоўскага судзьдзя Пракапенка спрабаваў весьці суд на беларускай мове, але пасьля сказу па-беларуску «Мы рухаемся да адной мэты» перайшоў на расейскую мову.

У судзе прагледзелі запіс відэасюжэту праз ноўтбук. Участковы міліцыянт, аўтар пратаколу, паведаміў суду на пытаньні адказчыка: матэрыялы на Жукоўскага ён атрымаў ад кіраўніцтва, таму і склаў пратакол. Запытаў на тэлеканал «Белсат» наконт таго, дзе яны ўзялі відэаздымкі, не рабіў. Ня спраўджваў ён у Гомелі, ці меў на той час Жукоўскі пасьведчаньне індывідуальнага прадпрымальніка з пазнакай віду дзейнасьці: «Падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў».

Пасьля такой непрацяглай размовы судзьдзя Пракапенка запытаўся ў адказчыка: «Ну што, Жукоўскі, апошняе слова?» І адразу абвясьціў рашэньне — штраф у памеры 40 базавых велічыняў.

Папярэднія восем падобных судовых разбораў у дачыненьні да журналіста-фрылансэра таксама завяршаліся штрафамі.

Агулам журналіст-фрылансэр мусіць сплаціць у бюджэт ужо 49 мільёнаў 550 тысяч рублёў.

На 5 лютага незалежнага журналіста выклікаюць для складаньня пратаколу ў Жлобінскі РАУС.

Яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ склалі ў дачыненьні да Жукоўскага міліцыянты Веткаўскага РАУС. Адзін сюжэт тычыцца гаротнага стану мясцовых прадпрыемстваў, другі, дасланы Жукоўскаму два дні таму за подпісам капітана міліцыі Кавалёва, тычыцца сюжэту на «Белсаце» пра вучобу ў малодшых клясах у вёсцы Прысна Веткаўскага раёну ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланы Алексіевіч («Шлях Алексіевіч на Алімп»). Дата разгляду пратаколаў у Веткаўскім раённым судзе пакуль невядомая.

XS
SM
MD
LG