Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна павінна выстаяць да лета, калі будуць накладзеныя дадатковыя санкцыі на Расею, — экспэрт


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Дасягнутыя ўчора ў Менску чарговыя дамоўленасьці аб поўным спыненьні агню на Данбасе з 14 студзеня зноў не выконваюцца.

Украінскія вайскоўцы паведамляюць пра рэкордную ў 2016 годзе колькасьць парушэньняў рэжыму цішыні — 70 абстрэлаў з боку прарасейскіх баевікоў на Данбасе на працягу сутак 13 студзеня. Пасьля паўночы 14 студзеня зафіксавана ня менш як 10 такіх выпадкаў.

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук прааналізаваў вынікі першага ў 2016 годзе паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе і адказаў, чаму не спрацоўваюць менскія дамоўленасьці і чаму Ўкраіне важна захаваць цяперашнюю сытуацыю да лета.

— Не пасьпелі ўпаўнаважаныя прадстаўнікі дамовіцца пра спыненьне агню, як зьявіліся паведамленьні пра дзясяткі абстрэлаў. Як гэта можна ацаніць?

— Уладзімер Пуцін намагаецца выціснуць Украіну ў той бок, у які яму хочацца. Яму важныя тыя пункты, якія ўчора ў Менску агучыў Барыс Грызлоў, — амністыя прарасейскіх баевікоў, выбары паводле ўкраінскага заканадаўства, канстытуцыйная рэформа для наданьня асаблівага статусу Данбасу, — ён іх выставіў і сьцьвярджае, што толькі пасьля іх выкананьня будуць далей ажыцьцяўляцца менскія дамоўленасьці. Відавочна, што Расея будзе дамаўляцца толькі з пазыцыі сілы і з пазыцыі сваіх геапалітычных інтарэсаў. А інтарэсы Ўкраіны яе не цікавяць. Таму вельмі мала можна спадзявацца на тое, што за адзін раз «Менск-2» можна ператварыць у «Менск-3», ці на тое, што Пуцін адумаецца і пачне вытрымліваць менскія пагадненьні. Зь іншага боку, мы бачым, што Пуціна моцна падціскае тое, што летам могуць быць пашыраныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, а каляпсуючая расейская эканоміка можа ня вытрымаць такога ціску. Таму яму вельмі хочацца паказаць перад міжнароднай супольнасьцю, што сама Ўкраіна ня хоча вытрымліваць умовы мірнага пагадненьня, у той час як Расея ўвесь час прапануе нейкія варыянты, ад якіх Украіна адмаўляецца. Па сутнасьці, Пуцін распачаў дурную гульню. Яму здаецца, што ўсе яму могуць паверыць, што гэтая дзіцячая хітрасьць можа спрацаваць.

— Расею на сустрэчы прадстаўляў Барыс Грызлоў. Ці паўплывала зьмена «твару» на зьмест таго, што агучвалася ў якасьці пазыцыі Крамля?

— Пуцін і Крэмль намагаюцца расхістаць пазыцыю Ўкраіны. Калі прааналізаваць прапановы, якія цягам доўгага часу агучвае Масква, то стане ясна, што расейцы ўвесь час прапануюць адно і тое ж: толькі пасьля таго, як Украіна выканае навязаныя Масквой дамоўленасьці, яна атрымае кантроль над 500-кілямэтровай мяжой, якую цяпер кантралююць расейцы. Учора, падчас першай у 2016 годзе сустрэчы, прагучалі фактычна тыя самыя прапановы. Таксама ідзе ціск на ўкраінскую ўладу. Расейцам здаецца, што прэзыдэнт Парашэнка і яго каманда могуць у нейкі момант ня вытрымаць гэтага ціску і пагадзіцца на заведама некарэктныя палітычныя прапановы з боку Крамля.

— Чаму Ўкраіна ня будзе выконваць патрабаваньні Расеі?

Мы перамагчы Расею ня можам, але мы можам не прайграць

— Таму што ні ў якім разе нельга праводзіць выбары да таго, як Украіна ня будзе мець кантролю над мяжой з Расеяй. Парашэнка ня раз казаў, што мы выканаем усе дамоўленасьці, але толькі пасьля вяртаньня Ўкраіне кантролю на мяжы. Ён пагаджаецца і на амністыю прарасейскіх баевікоў, і яшчэ на некалькі ўмоваў, але толькі пасьля вяртаньня мяжы. Гэта лягічна. Таму што як можна праводзіць выбары на Данбасе, тэрыторыю якога Ўкраіна не кантралюе? Такім чынам Масква сама заганяе сябе ў глухі кут: раз на месяц яна агучвае прапановы, мяняючы месцамі некаторыя пункты, але сэнс застаецца аднолькавы. Гэта нячэсная гульня з боку Пуціна, але ж як можна чакаць чэснасьці ад палітычнага дыктатара, які ўжо 16 гадоў гвалтуе расейскае грамадзтва?

— Ці ёсьць для Ўкраіны сэнс працягваць удзел у менскіх паседжаньнях?

— Украіне цяпер патрэбная вытрымка. Менскія перамовы ні ў якім выпадку нельга прыпыняць. Але той тэрмін, калі Расея можа атрымаць дадатковыя санкцыі, вельмі цісьне на Крэмль, таму ў канцы вясны для Ўкраіны зьявіцца рэальная магчымасьць дамовіцца з Расеяй. Таму нам трэба дыпляматычным шляхам утрымаць сытуацыю хаця б у цяперашнім стане і не паддавацца на палітычныя правакацыі з боку Расеі. Сэнс удзельнічаць ёсьць, і Ўкраіна ні ў якім разе не адмовіцца ад менскіх сустрэчаў. Калі выкарыстаць спартовую мэтафару, то можна сказаць, што цяпер Украіна змагаецца з праціўнікам, які нашмат мацнейшы фізычна. Але мы можам утрымліваць сытуацыю кожнага паядынку за кошт тэхнічнасьці і падрыхтаванасьці. Расея эканамічна пачала выдыхацца, і яна ня зможа доўга трымаць такі самы тэмп, які навязала Ўкраіне ад самага пачатку. Таму Ўкраіне трэба проста выстаяць, не паддавацца паніцы, але і не ўпадаць у эўфарыю, спадзеючыся, што мы можам перамагчы праціўніка ў вайсковым сэнсе. Мы перамагчы Расею ня можам, але мы можам не прайграць. А нічыя ў паядынку з Расеяй будзе для яе пройгрышам, таму што яна не дасягне сваёй мэты — прыяднаць Украіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG