Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава ў Івацэвічах — «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі»


На выставу прыйшлі навучэнцы Івацэвіцкай мастацкай школы

На выставу прыйшлі навучэнцы Івацэвіцкай мастацкай школы

У Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музэі адкрылася мастацкая выстава, прымеркаваная да 270-й гадавіны нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі.

На выставе «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі» прадстаўленыя карціны дзесяці беларускіх мастакоў. Гэта пэйзажы, натурморты, і вядома ж, партрэты Тадэвуша Касьцюшкі.

Некалькі мастакоў прымалі ўдзел у адкрыцьці выставы, паглядзець якую прыйшлі навучэнцы мясцовай мастацкай школы.

Распавядае арганізатар выставы, мастак Андрэй Лычкоўскі зь Меншчыны:

«Выстава адметная, бо ўвабрала нашае мінулае, нашу гісторыю. 270 гадоў прайшло ад дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Касьцюшка, Каліноўскі — гэта нашы героі, вядомыя ў Францыі, Амэрыцы. А мы прысутнічаем цяпер на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі, мы павінны ганарыцца, што ходзім па гэтай зямлі і што ў нас такая гісторыя».

Андрэй Лычкоўскі распавёў, што праз два тыдні мяркуецца арганізаваць мастацкі трохдзённы пленэр у Марачоўшчыне каля Косава, каля сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.

У часе імпрэзы супрацоўнікі музэю распавялі пра жыцьцё Тадэвуша Касьцюшкі, а мастакі зладзілі майстар-кляс, у часе якога наведнікі маглі павучыцца жывапісу.

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 году. Вядомы як змагар за свабоду ЗША, Францыі, Рэчы Паспалітай. У 1794 годзе ўзначаліў паўстаньне за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. У шмат якіх гарадах сьвету ёсьць помнікі Тадэвушу Касьцюшку, яго імя носяць вуліцы, школы, нават найвышэйшая гара Аўстраліі.

У Беларусі штогод 4 лютага — на дзень народзінаў Касьцюшкі — дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў ды грамадзкасьці зьбіраюцца на ўрачыстасьці ў Марачоўшчыне пад Косавам, дзе нарадзіўся і быў ахрышчаны змагар за свабоду.

Тадэвуш Касьцюшка на карцінах Яўгена Шунейкі

Тадэвуш Касьцюшка на карцінах Яўгена Шунейкі

Адкрыцьцё выставы, прысьвечанай Тадэвушу Касьцюшку

Адкрыцьцё выставы, прысьвечанай Тадэвушу Касьцюшку

Мастак Андрэй Лычкоўскі

Мастак Андрэй Лычкоўскі

Радзіма Тадэвуша Касьцюшкі на карціне Яўгена Шунейкі

Радзіма Тадэвуша Касьцюшкі на карціне Яўгена Шунейкі

«Наш Статут» — скульптура Леаніда Богдана

«Наш Статут» — скульптура Леаніда Богдана

Навучэнцы івацэвіцкай мастацкай школы вучыліся жывапісу ў вядомых мастакоў

Навучэнцы івацэвіцкай мастацкай школы вучыліся жывапісу ў вядомых мастакоў

У часе майстар-клясу наведнікі самі малявалі карціны

У часе майстар-клясу наведнікі самі малявалі карціны

Дзесяць мастакоў узялі ўдзел у выставе «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі»

Дзесяць мастакоў узялі ўдзел у выставе «На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі»

XS
SM
MD
LG