Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карым-off: хто падхопіць пасьмяротную эстафэту ва Ўзбэкістане


Іслам Карымаў, архіўнае фота

Іслам Карымаў, архіўнае фота

«Як сонца ўзыходзіць на ўсходзе і садзіцца на захадзе, як неба блакітнае, а трава зялёная, гэтак жа Іслам Абдуганіевіч — вечны ўладар усіх узбэкаў», — жыхар Ташкенту Ўлугбэк Саідаў распавядае пра Ўзбэкістан без Карымава, прэзыдэнта, які на чвэрць стагодзьдзя ўзурпаваў уладу ў краіне і сышоў з жыцьця, не падрыхтаваўшы сабе спадкаемца.

Сёлета ўпершыню ў сувэрэннай гісторыі Ўзбэкістану былі адмененыя сьвяткаваньні Дня незалежнасьці, якія да гэтага 25 разоў праходзілі з традыцыйным усходнім размахам. 1 верасьня мозг палітычнага доўгажыхара Іслама Карымава, які жорсткай рукой кіраваў рэспублікай ад 1989 году, ужо не працаваў, хоць дыктары на дзяржаўных тэлеканалах зачытвалі віншаваньні народу ад імя прэзыдэнта.

Калектыўная жалоба па «вечным і незаменным»

Жыхар Ташкенту Ўлугбэк Саідаў лічыць сябе «ўмераным крытыкам» рэжыму Карымава, хоць нават такім ва Ўзбэкістане няма месца. Як і многія яго суайчыньнікі, мае два пашпарты (другі — расейскі), што дазваляе апэратыўна рэагаваць на зьмены настрою палітычных лідэраў, пераседзеўшы смутныя часы далей ад радзімы.

Мой суразмоўца мае добрую адукацыю, валодае замежнымі мовамі, займаецца выкладчыцкай і турыстычнай дзейнасьцю. У часы «адлігі» супрацоўнічаў з заходнімі гуманітарнымі фондамі, багата якіх атабарылася ў сталіцы. Пра сьмерць «правадыра ўсіх узбэкаў» даведаўся далёка ад дому ў Заходняй Эўропе, калі зайшоў у сацыяльныя сеткі:

«Гэта была „калектыўная жалоба“. Што мяне, уласна кажучы, зьдзівіла: людзі, якія ўвесь час скардзіліся на жыцьцё, раптам пачалі выстаўляць чорныя аватаркі на профілі ў Фэйсбуку, пакідаць жаласныя допісы, казаць пра нацыянальную трагедыю, пра тое, што трэба трымацца... І я думаю, што бальшыня выказваецца шчыра, бо спрацоўвае банальная звычка — да ўлады Карымаў прыйшоў яшчэ ў 1989 годзе, да яго проста прызвычаіліся. Зноў жа, вырасла цэлае пакаленьне: дзеці нарадзіліся, усё іх жыцьцё прайшло пры адным кіраўніку. Як сонца ўзыходзіць на ўсходзе і садзіцца на захадзе, як неба блакітнае, а трава зялёная, гэтак жа Іслам Абдуганіевіч — „вечны“ прэзыдэнт. У гэтым сэнсе людзей можна зразумець...».

Матэрыял пра Карымава ў газэце «Правда», 1989 год

Матэрыял пра Карымава ў газэце «Правда», 1989 год

Улугбэк Саідаў ня ведае, ці пайшоў бы на разьвітаньне з Ісламам Карымавым, каб быў у Ташкенце. Але шмат ягоных сяброў, ад якіх ён дагэтуль ніколі ня чуў прызнаньняў у асаблівай любові да прэзыдэнта, дзеля гэтага паўскоквалі сярод начы:

«Хлопцы расказвалі, што на вуліцу выйшла паў-Ташкента, можа нават і болей. У 5:30 раніцы людзі ўжо пашыхтаваліся ўздоўж трасы. Ніхто не прымушаў, проста па тэлебачаньні абвясьцілі, што Карымава будуць хаваць у Самаркандзе, а 6-й адлятае самалёт зь яго целам, хто хоча — прыходзьце разьвітацца. Ад 5-й гадзіны на некалькі кілямэтраў у два бакі ўсё было забіта, у поўнай цішыні стаялі з кветкамі. Адзінае, потым пачалі сумнявацца, ці не падманулі, бо доўга дарога была пустая. Але неўзабаве наблізіўся картэж, на машыну паляцелі кветкі. Знаёмыя, якія там былі, кажуць, што нават міліцыянты ў ачапленьні прасьлязіліся. Значыць, насамрэч было шчыра».​

Паводле ўзбэцкай Канстытуцыі, уладныя функцыі ў выпадку палітычнага форс-мажору пераходзяць да старшыні сэнату, пасьля чаго цягам трох месяцаў павінны адбыцца новыя прэзыдэнцкія выбары. Аднак, як і ў беларускім варыянце, кіраўнік верхняй палаты парлямэнту Нігматула Юлдашаў — хутчэй тэхнічная фігура, якая не ўплывае ні на якія працэсы. Што і пацьвердзіла далейшае разьвіцьцё падзеяў: выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, насуперак Асноўнаму Закону, стаў прэм’ер-міністар Шаўкат Мірзіёеў, пратэжэ «шэрага кардынала» ўзбэцкай палітыкі, кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Рустама Інаятава.

Шаўкат Мірзіёеў

Шаўкат Мірзіёеў

Улугбэк Саідаў прызнаецца, што дагэтуль нават слаба ўяўляў, як прэм’ер выглядае зьнешне — з улікам аўтарытарнага характару палітычнай сыстэмы Ўзбэкістану ўсе іншыя дзяржаўныя дзеячы заставаліся ў цені адзінага і непахіснага Іслама Карымава. Кажа, што ўпершыню пабачыў ягоны твар на тэлебачаньні толькі пасьля сьмерці прэзыдэнта, іншых магчымасьцяў трапіць у эфір не было. І гэта пры тым, што Мірзіёеў кіруе ўрадам ад 2003 году.

Хто стаіць на чале абедзьвюх палатаў мэджлісу, удакладняе суразмоўца, наўрад ці хто з жыхароў Узбэкістану скажа наагул. Зрэшты, аналягічная карціна і ў Беларусі, дзе старшыня Савету міністраў і сьпікеры Палаты прадстаўнікоў — «даважкі» да выканаўчай улады.

Тэрыторыя, вольная ад іншадумства

Узбэкістан адыгрывае важную ролю ў сярэднеазіяцкім рэгіёне, і шмат каго хвалюе, у якім напрамку скіруе позірк абноўленая вэртыкаль. Іслам Карымаў вызначаўся досыць незалежнай пазыцыяй, мог жорстка асадзіць Маскву, а зь Менскам дык наагул ня меў асаблівых спраў — кажуць, аднойчы публічна паставіў на месца Аляксандра Лукашэнку, які адважыўся даваць яму парады.

Крэмль быў незадаволены, што Карымаў пачаў адмаўляцца ад савецкай спадчыны, у назвы гарадоў і вуліц вярталіся гістарычныя адпаведнікі, герояў Вялікай Айчыннай замянілі выбітныя асобы сярэднявечча, а ў цэнтры Ташкента паўстаў мэмарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Але палітычнай прадказальнасьці, кажа Ўлугбэк Саідаў, аб’ектыўна бракавала:

«Памылкі былі, першым быць заўсёды складана. Але і параўноўваць няма з кім, ён у нас адзіны, іншых ня здарылася. Скажам, пачыналі блізка сябраваць з Турэччынай, казалі, што мы браты, што ў нас адзіныя продкі — і туркі таксама пагаджаліся, што іх карані ў цэнтральнай Азіі, мы брацкія народы і г.д. А потым у нейкі момант сяброўства спыняецца, зачыняюцца ўсе сумесныя прадпрыемствы, туркі масава зьяжджаюць. Быў пэрыяд, калі дэкляравалі сяброўства з ЗША, у нас поўна было розных амэрыканскіх арганізацыяў, фондаў. Зноў жа, у пэўны час яны раптам пачалі закрывацца, а ўсіх, хто супрацоўнічаў з амэрыканцамі, абвясьцілі нядобранадзейнымі элемэнтамі. Мы маглі ўваходзіць у АДКБ, маглі пад настрой зь яго выходзіць. Усё гэта было».

Мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсій у Ташкенце

Мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсій у Ташкенце

Празаходняя адліга нулявых скончылася замаразкамі, якія пад корань вынішчылі ўсялякі намёк на іншадумства. Апанэнтаў Карымава, якія маглі яго адкрыта крытыкаваць, ва Ўзбэкістане не засталося — адны згінулі ў турмах, якія лічацца аднымі з самых жахлівых у сьвеце, іншыя пасьпелі вынесьці ногі. Сайты, якія ўзбэцкія актывісты заснавалі за мяжой і дзе публікуюць інфармацыю пра маштабныя парушэньні правоў чалавека, для карыстальнікаў у краіне блякуюцца.

У намінальнай апазыцыі лічацца хіба прадстаўнікі ісламісцкіх рухаў, якія яшчэ на пачатку 1990-х спрабавалі стаць уплывовай палітычнай сілай, але былі жорстка спыненыя тым жа Карымавым.

Цяпер мусульманства ва Ўзбэкістане дазаванае, знаходзіцца пад кантролем дзяржавы — нават тэкст прынагодных малітваў узгадняецца ў ідэалягічных органах. Бараду як прыкмету вахабізму ды іншых радыкальных плыняў дазволена насіць толькі нямоглым старым. Кажуць, што іншых могуць пагаліць прымусова.

Мячэт у Бухары, архіўнае фота

Мячэт у Бухары, архіўнае фота

Як бы там ні было, кажа Ўлугбэк Саідаў, захаваньне сьвецкіх законаў і стрымліваньне імпэту ісламістаў нават апанэнты Карымава запісваюць яму ў заслугу:

«Ужо пры канцы 1980-х адчуліся моцныя ісламскія тэндэнцыі. Пасьля 70 зь лішкам гадоў савецкай улады раптам прачнуліся нацыянальныя пачуцьці, пачаліся размовы, што час вярнуцца да традыцыяў. Традыцыі, вядома, ісламскія. Тых, хто іх памятаў, за 70 гадоў не засталося. Паехалі да нас усялякія місіянэры, перадусім тыя, каго потым пачалі называць вахабітамі. Неўзабаве загучалі галасы, што трэба ствараць халіфат ва Ўзбэкістане. Ёсьць відэа, як Карымаў зь імі сустракаўся: адны тады казалі, што ён спасаваў, пагадзіўшыся на перамовы, іншыя хвалілі, што пайшоў адзін, а там натоўп. Сутнасьць у тым, што ён іх спыніў. Дарэчы, адзін з тагачасных лідэраў Джума Намангані потым стаў міністрам абароны ва ўрадзе талібаў, калі яны захапілі ўладу ў Аўганістане, а іншы зьехаў у Турэччыну. Нават мяркуюць, што адносіны з Анкарой сапсаваліся якраз праз тое, што многія вахабіты знайшлі там прытулак».

Фінансаваць сілавікоў, астатнія заробяць

Апошняе дзесяцігодзьдзе сытуацыя ва Ўзбэкістане спакойная, а да таго тэракты здараліся рэгулярна. Самыя маштабныя — у 1999-м, калі ахвярамі адразу шасьці выбухаў у Ташкенце сталі больш за 100 чалавек і ў 2004-м, калі тры выбухі прагрымелі перад амбасадамі Ізраіля і ЗША і ў будынку Генпракуратуры, таксама былі загінулыя і параненыя.

Дзеля падтрыманьня парадку ўзмацнілі сілавыя структуры, якія «выядаюць» адчувальную дзірку ў бюджэце. Як кажа мой суразмоўца, фінансаваньне разгалінаваных падразьдзяленьняў настолькі затратнае, што ўсе астатнія мусяць усё больш зацягваць паясы. Як вынік — працоўная міграцыя, якая дасягнула беспрэцэдэнтных памераў: 10% жыхароў краіны зарабляе за мяжой, найперш у Расеі:

«За мяжой працуюць 3 мільёны ўзбэкаў. Тут і палітыка, але і дэмаграфія таксама. Прырост насельніцтва шалёны, пад паўмільёна штогод, ня кожная эканоміка такі ціск вытрымае. Таму з аднаго боку — адсутнасьць працоўных месцаў, зь іншага — расслаеньне грамадзтва. Істотна ўзмацніліся сілавыя структуры: супрацоўнікі органаў у прывілеяваным стане, у іх высокія заробкі, салідныя пэнсіі, не абкладаюцца падаткамі. Па нашых мерках сілавікі жывуць вельмі добра. А вось іншым амаль не перападае, запас абмежаваны. То бок бюджэтнікам пахваліцца няма чым. Зьяжджаюць пераважна зь сельскіх раёнаў, там людзі ўвогуле на нулі. Неяк сустрэў вэтэрынара, які з Кашкадар’і, з глыбінкі, выпраўляўся на Камчатку — у такую далеч, бо даведаўся, што там патрэбныя вэтэрынары. Дрэнна ведае расейскую, але ён лекар, спэцыяліст. І яго можна зразумець: там заробак на парадак большы, чым тут».

Прымусовы збор бавоўны ва Ўзбэкістане

Прымусовы збор бавоўны ва Ўзбэкістане

Пры гэтым, кажа суразмоўца, ня можа не засмучаць відавочны факт: Узбэкістан — у ліку ўсясьветных лідэраў па вытворчасьці бавоўны і здабычы прыроднага газу, па запасах урану і золата, а на дабрабыце людзей гэта не адбіваецца. Сродкі акумулююцца ў рознага кшталту фондах, кантраляваных набліжанымі людзьмі і дзецьмі Карымава:

«У нас фінансавыя патокі непразрыстыя, ніхто ня ведае, якую суму прыносіць тая ці іншая галіна. Калі ў ЗША рассакрэцілі нават бюджэт ЦРУ, то ў нас усё, што зьвязана зь дзяржаўнымі сродкамі, трымаецца ў таямніцы. Адпаведна, колькі атрымана ад экспарту бавоўны ці золата, шырокаму колу невядома. Чыста па-чалавечы шмат каго гэта засмучае, бо пэўныя посьпехі ў эканоміцы ёсьць, вытворцы пачалі лепш працаваць, нібыта ёсьць чым пахваліцца. А прылятаеш у Маскву, пачынаючы ад аэрапорту — чорнарабочыя, падмятальшчыкі — усе твае землякі. Неяк у прамове Карымаў назваў такіх людзей абібокамі, якія ня хочуць працаваць і невядома куды едуць. Але ж праблема простая: там больш плацяць. Некаторыя пры гэтым жывуць у жахлівых умовах, яны вельмі ўразьлівыя, іх любы міліцыянт, „фээмэсавец“ „доіць“. Можа, у ЗША рваліся б, але ж туды так проста ня трапіш, а з Расеяй бязьвізавы рэжым. Ну, і пасьля па колькасьці нашых гастарбайтэраў ідуць Казахстан, Турэччына».

Цяпер самае важнае пытаньне на парадку дня, якое шэптам абмяркоўваюць нават самаркандзкія кухаркі, — ці здолее ўзбэцкі рэжым забясьпечыць пераемнасьць сямейнай улады. На бяду для Карымава, ён ня меў сыноў, а дзьве дачкі да дзяржаўнай ношы такога парадку ня надта гатовыя: старэйшая Гульнара за растраты і разгульны лад жыцьця ўрэшце апынулася пад хатнім арыштам, малодшая Лола палітычных амбіцыяў не выяўляе. Ці ёсьць шанец працягнуць карымаўскі род на вышэйшым узроўні? «Наўрад ці», — кажа Ўлугбэк Саідаў і ўдакладняе: калі толькі не ўмяшаюцца староньнія сілы, якія захочуць мець ляяльную марыянэтку:

Гульнара Карымава

Гульнара Карымава

«Гульнара трапіла ў няласку да таты пасьля таго, як раскрыліся факты розных злоўжываньняў. Скажам, вялікі нэгатыў да Ўзбэкістану цяпер ідзе са Швэцыі. Здавалася б: дзе Швэцыя, а дзе мы? Ні амбасады, ні кансуляту, ня тая краіна, куды масава едуць узбэкі. Выявілася, што ўсплылі афёры з апэратарам сотавай сувязі TeliaSonera: Гульнара Карымава вымагала хабар ад кампаніяў, якія хацелі ўвайсьці на ўзбэцкі рынак. Ва Ўзбэкістане гэта стала шокам: старэйшая дачка прэзыдэнта, якая вядзе вялікую працу ў сфэры культуры, модных паказаў і г.д., — хабарніца. У выніку дзейнасьць была спынена, фонды зачынены, а сама яна пазбаўлена ўсялякай публічнасьці. Малодшая Лола ў гэтым сэнсе крыху іншая. Яна вядзе дабрачыннасьць, у яе ёсьць фонд „Ты — не сірата“, дапамагае дзіцячым дамам. У палітыку ніколі моцна ня ўмешвалася. Таму наўрад ці яны могуць быць спадкаемніцамі, нават 100% магу даць. Калі толькі іх як марыянэтак хтосьці староньні не прасуне, а самі па сабе — выключана».

Мэліяратар супраць лібэрала

Улугбэк Саідаў мяркуе, што барацьба за прэзыдэнцкае крэсла разгорнецца паміж першымі асобамі ўраду — Шаўкатам Мірзіёевым, падаўжальнікам жорсткага курсу Іслама Карымава, і першым віцэ-прэм’ерам, празаходне арыентаваным Рустамам Азімавым. Праўда, шанцы ў дзейнага выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта большыя — на ягоным баку старшыня Службы нацыянальнай бясьпекі Рустам Інаятаў, «лялькавод» узбэцкай палітыкі. На Мірзіёева ставіць і Масква, якая намагаецца вярнуць Узбэкістан у сфэру свайго кантролю:

«Ня ведаю, хто будзе. Галоўным прэтэндэнтам называюць прэм’ер-міністра, але паглядзім, як складзецца насамрэч. Бо ёсьць яшчэ Рустам Азімаў, асабіста я яго называю фінансавым геніем. Ён першы віцэ-прэм’ер, ствараў Нацыянальны банк Узбэкістану, курыруе Міністэрства фінансаў, эканоміку, ІТ-сфэру. Адукаваны чалавек, вельмі абазнаны, з інтэлігентнай сям’і, ягоны дзед быў акадэмікам. Праўда, хто ведае, хто лепшы для Ўзбэкістану? Прэм’ер — жорсткі, добры гаспадарнік, быў на чале адной вобласьці, потым іншай. Паводле адукацыі мэліяратар, курыраваў сельскую гаспадарку. То бок — чалавек, які можа падтрымліваць парадак на зямлі. Першы віцэ-прэм’ер — наадварот: разумны, абазнаны, ніяк ня „жорсткая рука“. Выбар складаны: ці каб быў жорсткі кіраўнік, які трымае ўсё пад кантролем, ці даць вольніцу ініцыятывам? Бо ўсё ж ёсьць цэлыя пласты насельніцтва, якім калі дасі свабоду, яны дэмакратыю блытаюць з анархіяй — ужо заўтра пачнуць ісламскія сьцягі вывешваць».

Рустам Азімаў

Рустам Азімаў

Датэрміновыя выбары прэзыдэнта Ўзбэкістану адбудуцца сёлета 4 сьнежня і стануць другімі за кароткі прамежак часу. Папярэдняя выбарная кампанія датаваная мінулым годам: 29 сакавіка 2015-га Іслам Карымаў у першым туры быў абраны кіраўніком краіны з вынікам больш за 90%. Астатнюю долю падзялілі паміж сабой яшчэ тры кандыдаты.

Місія назіральнікаў АБСЭ адзначыла: нягледзячы на дакладнае канстытуцыйнае абмежаваньне ў выглядзе двух тэрмінаў на прэзыдэнцкай пасадзе, Цэнтравыбаркам зарэгістраваў дзейнага на той час кіраўніка краіны ў якасьці кандыдата, што супярэчыць прынцыпу вяршэнства закону.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG