Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палюбіць Менск такім, які ёсьць


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Я нарадзіўся і жыву каля чыгункі і навучыўся не зважаць на фонавыя шумы.

Адзін з такіх шумоў ніколі не змаўкае ў беларускім сеціве, хіба сьцішваецца і прынагодна ўзмацняецца. Гэты шум — тэма Менску і «менскіх». У адрозьненьне ад чыгуначнага, гэты шум можа зьнікнуць.

«У Менску такія самыя калхозьнікі, як паўсюль» — пішуць самыя злыя. «Ха, падумаеш, менчукі яны карэнныя — у другім пакаленьні», — камэнтуюць больш далікатныя.

А цяпер замяніце «Менск» на які-кольвек іншы беларускі горад. Па сутнасьці ўсё застанецца тым самым, але бойкі-спрэчкі ня будзе. Бо Менск асаблівы — ён дае больш магчымасьцяў, як амаль кожная сталіца. Хутчэй за ўсё менскаскептыкам крыўдна за тое, што не самы выбітны з гістарычнага і архітэктурнага гледзішча горад атрымаў такі вялікі бонус — сталічнасьць.

А ў чым справа? А ў тым, што пасьля 1944 году беларускія гарады абнуліліся. Папярэднія гараджане былі вынішчаныя саветамі і нацыстамі. Гарады засяляліся амаль з нуля. Сёньня мы — гараджане — дзеці, унукі і праўнукі тых першых пасяленцаў-каляністаў. І мы ствараем новую гарадзкую цывілізацыю Беларусі.

Я апэлюю найперш да лідэраў меркаваньняў у сваіх занятках і асяродках, якія займаюць менскаскептычную пазыцыю. Колькі не загінай пальцы: «а ў нас палацы, касьцёлы, цэрквы, вузкія вулачкі, славутыя імёны, вялікая гісторыя, а ў вас бэтон, сталіншчына і тры з паловай старых будынкі», мы ўсе нарадзіліся ў адной абнулёнай бальшавікамі-нацыстамі-камуністамі краіне. Менск — сталіца. Так сталася. Так лягістычна зручна.

У менскаскептыкаў я пытаюся: што для вас больш важна — адчуваньне сваёй адзінай краіны ці абвостраны гонар уціснутага рэгіяналізму?

Гэта палякі (ды багата іншых народаў пра свае сталіцы) могуць бяскрыўдна для лёсу нацыі казаць, маўляў, вось Кракаў сапраўдная сталіца, а Варшава — адно лягістычны «офіс». Наш «Кракаў» — Вільня — цяпер сталіца іншай дзяржавы. Так склалася. «Час быў такі». Ёсьць Менск.

Без сталіцы няма дзяржавы. Без павагі да сталіцы няма павагі да дзяржавы. Дыскусія пра Менск магла б быць нават забаўнай. Толькі вось нюанс — сама беларуская дзяржаўнасьць дагэтуль існуе пад дамоклавым мечам зьнікненьня. Без кансалідацыі большасьці беларусаў гэты меч з усходу мае добрыя шанцы на посьпех.

Палюбіць Менск такім, які ён ёсьць — гэта палюбіць краіну, якая яна ёсьць. Палюбіць сябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG