Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая даць адказ расейскаму эмбарга


Цэны на нафту, ад продажу якой у значнай ступені залежыць дабрабыт Расеі, адкаціліся да 70 даляраў за барэль, тым часам як бюджэт краіны закладаўся зыходзячы з паказьніку на 20 даляраў большага. На гэтым тле імкліва працягвае страчваць пазыцыі расейскі рубель — 62 за эўра і 50 за даляр. І гэта яшчэ ня ўсе беды: апроч таго, што Захад не выключае ўвядзеньня дадатковых санкцыяў супраць Масквы за агрэсію ва Ўкраіне, адказаць на эмбарга пагражае і найбліжэйшы саюзьнік — Беларусь.

Расейскі ўрад сутыкнуўся з наступствамі эканамічнай палітыкі, арыентаванай выключна на атрыманьне дывідэндаў з сыравіннай эканомікі. Выявілася, што ва ўмовах татальнай залежнасьці ад цэнаў на нафту ўяўная самадастатковасьць мала чаго вартая. Але каб толькі гэта: імпэрскія амбіцыі і сумнеўная роля прэзыдэнта Пуціна як «зьбіральніка спрадвечных земляў» пасварылі Крэмль з усім цывілізаваным сьветам, спрычыніўшы адчувальныя заходнія санкцыі і адваротны эфэкт ад сустрэчнага эмбарга.

Напярэдадні зрабіў свой унёсак у антырасейскую рыторыку і Аляксандар Лукашэнка. Абураны, што Расея раз за разам уводзіць абмежаваньні на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, а цяпер яшчэ і забараняе транзыт па сваёй тэрыторыі, кіраўнік Беларусі заявіў:

«Мяне сёньня паводзіны расейскіх уладаў ня проста зьдзіўляюць, а абураюць. І калі бліжэйшым часам ня будзе нармалізаваны гандаль паміж дзьвюма краінамі ў парушэньне мытных пагадненьняў, мы вымушаныя будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія? У мяне складаецца ўражаньне, што на прыкладзе Беларусі чарговым разам, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а зараз зноў за харчовыя пытаньні, хочуць паказаць усяму сьвету, як кагосьці правучыць. Мы заўтра пачынаем Эўразійскі саюз, ён пачынае працаваць. Якія могуць быць перашкоды да пастаўкі тавараў? Вы што, адмыслова гэта робіце, каб падхвоснуць кошты ў Расеі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх коштах. Дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі, на рынках Расеі, — гэта ж рост коштаў, навошта вы гэта робіце?»

Раней прадстаўнікі аграрнага міністэрства заяўлялі, што харчовы экспарт Беларусі ахоплівае больш як паўсотні краінаў, таму Беларусь знойдзе, куды прыстроіць «непатрэбныя» Расеі прадукты. Акрамя таго, Менск наракае, што і без таго нясе страты з-за абвалу расейскага рубля: кантрактныя пастаўкі пралічваліся паводле курсу, які вагаўся ў межах 35 рублёў за даляр, а цяпер грошы вяртаюцца, абясцэніўшыся на 30–40%. І калі адпачатку маляваліся аптымістычныя пляны зарабіць на эмбарга дадаткова 5 мільярдаў даляраў, то з дэвальвацыяй апэтыты давядзецца суцішыць.

Расейскае ведамства «Рассельгаснагляд» увяло абмежаваньні супраць двух дзясяткаў мясных і малочных камбінатаў, нібыта выявіўшы ў прадукцыі антыбіётыкі ды шкодныя для здароўя мікраарганізмы. Пры гэтым у беларускіх лябараторыях, дзе праводзяцца аналягічныя праверкі, сьцьвярджаюць, што санітарныя паказьнікі ў норме. Акрамя таго, расейскі бок мае прэтэнзіі да транзытных грузаў, якія ідуць з Эўразьвязу празь Беларусь у трэція краіны з заездам у Расею — маўляў, большая частка асядае на расейскай тэрыторыі, а не даходзіць да адрасата, пазначанага ў таварных накладных. А гэта значыць, мае месца ценявы рээкспарт забароненых прадуктаў.

Паводле расейскіх чыноўнікаў, ад пачатку дзеяньня эмбарга ў жніўні Беларусь нарасьціла аб’ём паставак прадукцыі з санкцыйнага сьпісу на 80%. Перадусім гэта тычыцца нарвэскай рыбы, канадзкай сьвініны, літоўскага малака, польскіх яблыкаў. Пасьля адпаведнай перапрацоўкі ці проста пераклейкі ярлыкоў імпартаваныя тавары ператвараюцца ў «Зробленыя ў Беларусі».

Дык хто каго насамрэч намагаецца перагуляць? І чаму ня дзейнічаюць законы Мытнага саюзу ды «навабуду» ў выглядзе Эўразійскага эканамічнага саюзу, калі справа тычыцца непасрэдных заснавальнікаў гэтых наднацыянальных утварэньняў? Сваё бачаньне з Масквы агучвае кіраўнік Цэнтру стратэгічных камунікацыяў Дзьмітры Абзалаў:

Неабходна зарабляць. Менавіта гэтым Менск і пачынае займацца ў абыход ранейшых вусных дамоўленасьцяў

«Беларусь проста апынулася ў складанай сытуацыі. Па-першае, аб’ектыўнае падзеньне сыравіннай выручкі прыводзіць да сур’ёзных праблемаў на ўнутраным рынку. Неабходна зарабляць. Менавіта гэтым Менск і пачынае займацца ў абыход ранейшых вусных дамоўленасьцяў, пра якія ў той ці іншай ступені гаварыў сам Лукашэнка. Відавочна, што ў дадзеным выпадку трэба нешта вырашаць на нефармальным узроўні альбо рабіць больш жорсткі кантроль па асобнай намэнклятуры — фактычна, асобна аглядаць тавары, якія ўваходзяць у санкцыйны сьпіс. Адзіны тут спосаб, як я ўжо казаў, — гэта нефармальныя дамоўленасьці, якія, мяркуючы па ўсім, намагаюцца заключыць зь Менскам, а зь іншага боку — увядзеньне жорсткага кантролю, на які, уласна кажучы, і адрэагаваў Лукашэнка. Таму што гэтая ініцыятыва абмяркоўваецца дзесьці два апошнія тыдні».

Кіраўніцтва «Рассельгаснагляду» робіць папраўку, што можа дазволіць транзыт «санкцыйнай» прадукцыі зь Беларусі ў Казахстан у выпадку трохбаковай дамоўленасьці з дакладным падзелам абавязаньняў кожнага з удзельнікаў Мытнага саюзу. Але сытуацыя ўскладняецца тым, што Астана ня прагне дадатковых кансультацыяў, матывуючы гэта тым, што спрэчка Расеі і Беларусі ніяк яе ня тычыцца. Сёньня беларускія і расейскія перамоўнікі паспрабуюць пра нешта дамовіцца без казахстанскіх партнэраў.

Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін

У сваю чаргу, фінансавы аналітык Андрэй Карпунін лічыць, што пошук вінаватых у незгаворлівасьці наўрад ці будзе мець шмат плёну. Але, на яго думку, нават нягледзячы на розначытаньні «саюзных» дамоўленасьцяў, Беларусь магла б атрымаць нашмат большую выгаду ад эканамічных праблемаў Расеі, каб не была такая «задзяржаўленая». Адсутнасьць люфту ў прыняцьці рашэньняў замінае ня толькі дзяржаўным прадпрыемствам, у прадукцыі якіх зацікаўленая Расея, але і прыватнікам, за якімі пільна сочыць разгалінаваная сыстэма кантролю:

«Гэта такі клубок праблемаў, які ў цяперашняй сытуацыі проста немагчыма так вось хутка расплесьці. Немагчыма безапэляцыйна, як маленькіх дзяцей, паставіць у кут: ты — у левы, ты — у правы, ты вінаваты за гэта, а ты за тое. У нас уся краіна стаіць у гэтым умоўным „куце“, і мы ўсе ў аднолькавай ступені вінаватыя, што дзесьці на хвалі залішніх чаканьняў расслабіліся, дзесьці, наадварот, ідзём па шляху найменшага супраціву, крэдытуючы нежыцьцяздольныя беларускія прадпрыемствы, дзесьці нясвоечасова адрэагавалі на падзеньне расейскага рубля і расейскай эканомікі ўвогуле, а працягваем вырабляць прадукцыю ў спадзяваньні на той жа „рускі авось“ — можа, як-небудзь пранясе? Неяк вось так існавалі апошнім часам».

Тым часам сацыялягічная служба расейскага «Левада Центра» абнародавала дасьледаваньне, у адпаведнасьці зь якім бальшыня жыхароў Расеі — 80% — адчулі зьніжэньне ўзроўню жыцьця і пагаршэньне эканамічнага становішча краіны. Пры гэтым асноўнымі прычынамі былі названыя падзеньне цэнаў на нафту, санкцыі Захаду супраць Расеі, а таксама выдаткі, якія зьявіліся пасьля далучэньня Крыму. Зрэшты, ажно чвэрць рэспандэнтаў пры гэтым перакананыя, што прычынамі пагаршэньня становішча сталі карупцыя ў органах дзяржаўнай улады, сыравінная залежнасьць эканомікі, тэхнічная адсталасьць і захаваньне савецкай галіновай структуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG