Затрыманы ў Беларусі за незаконны пераход мяжы грамадзянін Расеі дэпартаваны на радзіму, перадае БЕЛТА словы афіцыйнага прадстаўніка Памежнага камітэту Беларусі Антона Бычкоўскага.
Жыхар Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Расеі 1991 году нараджэньня быў ня раз судзімы ў Расеі. Беларускім памежнікам таксама паступілі зьвесткі пра магчымую датычнасьць яго да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці ў Расеі.
Мужчына быў затрыманы 14 лютага на ўчастку Мазырскага памежнага атраду, калі спрабаваў перайсьці мяжу ў бок Украіны ў абыход пунктаў пропуску. З сабой, як паведамляюць памежнікі, ён меў заплечнік з маскіровачным халатам, сухое паліва, нож, ліхтар, компас, навігатар, тэрмас і зьменную бялізну.
На мужчыну таксама накладзены штраф у 15 базавых велічыняў (345 рублёў) за наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы і парушэньне памежнага рэжыму.
Чалавек, абвінавачаны ў Расеі нават у тэрарызьме, можа трапіць у Беларусь: пашпартнага кантролю на мяжы між Беларусьсю і Расеяй зь беларускага боку фактычна няма, нягледзячы на ўвядзеньне Расеяй памежнай зоны і нават прызнаньне Расеяй пашпартоў так званых «ДНР» і «ЛНР», несапраўдных у Беларусі. Але чалавек з «пашпартам ДНР» пройдзе ад мяжы толькі да першага кантролю. Памежнага кантролю зь Беларусьсю не зьбіраецца ўводзіць і Расея.
Але ў Беларусь праз адзіны з Расеяй «чорны сьпіс» ня змогуць уехаць 1,7 млн чалавек, у тым ліку 350 тысяч грамадзян Украіны. Зь некаторымі зь іх, як зь вядомым украінскім літаратарам Сяргеем Жаданом, праз гэта ўзьнікаюць прававыя калізіі.