Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубін нагадаў Лукашэнку пра стан правоў чалавека і дэмакратыю


Магчымасьць пашырэньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў шэрагу накірункаў (барацьба з гандлем людзьмі, гандлёвыя адносіны і нераспаўсюджваньне ядзернай зброі, пытаньні рэгіянальнай бясьпекі) абмяркоўвае ў Менску намесьнік памочніка Дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі па справах Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін. Сёньня адбылася яго сустрэча з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Як паведаміла Амбасада ЗША ў Беларусі, падчас сустрэчы Эрыка Рубіна з Лукашэнкам абмяркоўваліся двухбаковыя дачыненьні, правы чалавека і дэмакратызацыя, а таксама пытаньні рэгіянальнай бясьпекі, уключна з сытуацыяй ва Украіне. Эрык Рубін падкрэсьліў «даўнюю занепакоенасьць ЗША станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі і неабходнасьць канкрэтных крокаў для паляпшэньня сытуацыі ў гэтых сфэрах, у тым ліку і напярэдадні выбараў прэзыдэнта Беларусі».

Дачыненьні паміж Менскам і Вашынгтонам сёлета сапраўды сталі лепшымі, кажа Свабодзе палітоляг, каардынатар праекту Wider Europe Вячаслаў Пазьняк. Ён лічыць, што зьмякчэньне грунтуецца на пазыцыі, якую заняла Беларусь ва ўкраінскім крызісе:

Беларускі бок стараўся дэманстратыўна паказаць сваю самастойную палітычную лінію з нагоды ўкраінскага канфлікту. І што яна як бы аўтаномная, незалежная ад расейскага палітычнага курсу.

«Беларускі бок стараўся дэманстратыўна паказаць сваю самастойную палітычную лінію з нагоды ўкраінскага канфлікту. І што яна як бы аўтаномная, незалежная ад расейскага палітычнага курсу. Як бы мы ні ставіліся да гэтага, але такія сыгналы паказваюць, што Менск не ідзе аўтаматычна за Масквой і ў палітычным, і ў прапагандысцкім рэчышчы. І што Беларусь мае свае прыватныя погляды і падыходы што да вытокаў крызісу ва Ўкраіне і спосабаў яго вырашэньня.

Якраз вось гэта, як я думаю, і стварыла грунтоўную аснову для таго, каб пачаліся зьмены і ў дачыненьнях з Вашынгтонам, і ў дачыненьнях з Брусэлем. Гэта мы назіраем у апошнія тыдні і месяцы. І можна чакаць, што гэта будзе працягвацца».

І сапраўды, на гэтым тыдні ў Менск зачасьцілі прадстаўнікі розных міжнародных структураў. Гэта — намесьніца генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Хэльга Шмід, спэцдакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, намесьніца старшыні групы Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце Сандра Калніеце. На пачатку наступнага тыдня ў Менску чакаюць намесьніка міністра замежных спраў Італіі.

Усё гэта вынікае з заклапочанасьці ўсяго сьвету вайной паміж Расеяй і Ўкраінай, — лічыць дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі:

Лукашэнка спрабуе разыграць тут карту міратворцы. І гэта і ўплывае на паток палітыкаў, якія сьпяшаюцца ў Менск.

«Лукашэнка спрабуе разыграць тут карту міратворцы. І гэта і ўплывае на паток палітыкаў, якія сьпяшаюцца ў Менск. Добра гэта ці дрэнна? Усё залежыць ад таго, што скажуць і што запатрабуюць гэтыя людзі. Калі яны будуць нагадваць, што трэба выпусьціць палітзьняволеных, гэта добра. А калі яны будуць праводзіць так званую прагматычную палітыку, наладжваючы кантакты бяз крокаў у адказ з боку кіраўніцтва Беларусі, то гэта будзе кепска.

На жаль, сёньня вельмі цяжка сказаць, ці выпусьцяць улады палітвязьняў. Хацелася б, каб вынікам візытаў розных чыноўнікаў з замежжа стала і гэта».

У Менску прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША мае сустрэцца таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG