Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія ўлады ня ўводзяць мараторый на сьмяротнае пакараньне


«Наяўнасьць сьмяротнай кары ў арсэнале дзяржавы і асабіста Лукашэнкі дадае яму адчуваньня ўсёмагутнасьці. І гэта не фігура мовы, а сапраўдная рэч». Тры пытаньні для трох аналітыкаў.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.

Грузьдзіловіч
: Зразумела, маё пытаньне выклікана міжнароднай канфэрэнцыяй па сьмяротным пакараньні, якая ўчора прайшла ў Менску. Эўрапейцы, у тым ліку пасланец Эўразьвязу Ламбрынідзіс і прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рыгоні, наўпрост пыталіся: чаму дагэтуль Беларусь не ўвяла хаця б на год той мараторый і ці гэта некалі адбудзецца, ці варта ўвогуле чакаць? Іх можна зразумець, бо асноўныя грошы на такія прэзэнтабэльныя мерапрыемствы дае Эўропа, а канца гэтаму не відаць. Хоць справа ня толькі ў грошах. Дык чаму і калі?

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Вось намесьнік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў запэўніваў на канфэрэнцыі, што такі мараторый — зусім не палітычнае пытаньне, што торг тут увогуле не да месца. І Мікалай Самасейка з Палаты прадстаўнікоў сказаў, што трэба ўлічваць «мэнталітэт беларусаў», ды спаслаўся на 80% за сьмяротную кару на рэфэрэндуме 20-гадовай даўнасьці.

Ці хто паверыў Рыбакову, што гэта сапраўды не палітычнае пытаньне? Асабіста мне ў гэта ня верыцца, і ня толькі таму, што той самы Самасейка ўсклаў адказнасьць на спыненьне дыялёгу па праблеме сьмяротнай кары менавіта на Захад, калі нагадаў пра ўвядзеньне санкцыяў пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году. А цяпер, калі санкцыі зьнялі, дык можна і дыялёг аднавіць? Значыць, палітычны чыньнік усё ж ёсьць.

Аднак сапраўды вернемся да мэнталітэту, толькі не ўсяго беларускага народу, думкай якога ўлада навучылася выдатна маніпуляваць, а да мэнталітэту Аляксандра Лукашэнкі. Бо ўсе прадстаўнікі беларускай улады, якія бяруць удзел у падобных канфэрэнцыях, адназначна дэманструюць, што ад іх нічога не залежыць, а залежыць, значыць, ад ягонай пазыцыі. Самасейка дык літаральна рукамі разьвёў, выступаючы перад міжнароднымі экспэртамі.

Адсюль пытаньне: ці зьменіць сваю пазыцыю адносна сьмяротнага пакараньня Аляксандар Лукашэнка?

А якая гэта пазыцыя? Вось аналітык Сяргей Дубавец, аналізуючы праблему, згадаў пра «расстрэльны пісталет», якім ад імя дзяржавы забілі Захаранку з Ганчаром, у чым ужо ніхто не сумняваецца. Сэнс аналёгіі ў тым, што калі адмяніць сьмяротнае пакараньне, дык узьнікне пытаньне: а ці меў кіраўнік дзяржавы права гэтак абыходзіцца са сваімі апанэнтамі?

Я згодны з такой пазыцыяй, але дадаў бы і яшчэ адзін момант. На маю думку, наяўнасьць сьмяротнай кары ў арсэнале дзяржавы і асабіста Лукашэнкі дадае яму адчуваньня ўсёмагутнасьці. І гэта не фігура мовы, а сапраўдная рэч. Бо, па вялікім рахунку, ведаючы, як наладжана наша праваахоўная і рэпрэсіўная сыстэма, абсалютна няма сумневу, што пры жаданьні можна забіць каго заўгодна і абставіць гэта легальнымі прычынамі.

У гэта ня хочацца верыць, але атрымліваецца, што ўсе мы ў руках аднаго чалавека. Могуць засудзіць за драбязу, потым павялічыць тэрмін у самой турме, як было з палітвязьнем Дашкевічам, потым зладзіць правакацыю, нейкі інцыдэнт — і вось ты ўжо забойца, варты сьмяротнага пакараньня. Дарэчы, некалькі гадоў таму якраз такі выпадак і быў зь вязьнем па прозьвішчы Юзапчук, якога ў выніку расстралялі на «Валадарцы».

То бок беларусы, калі яны ня супраць сьмяротнай кары, дык пагаджаюцца з тым, што іх могуць забіць, пагаджаюцца з тым, што аддаюць у рукі аднаго чалавека ня проста палітычную ўладу, а свае жыцьці.

Ці адмовіцца Лукашэнка ад такіх магчымасьцяў, калі ўлічваць ягоныя ўладныя інстынкты, пра якія ўсе ведаюць? Думаю, што ніколі.

Відаць, на гэта намякаюць эўрапейцам і Рыбакоў з Самасейкам, якія наўпрост гэтага сказаць ня могуць. Затое могуць цягнуць рызіну, казаць пра падаўжэньне дыялёгу, што ў іх чарговым разам атрымалася.

А калі спадар Ламбрынідзіс заклікае не пускаць забойцу ў сваю душу, каб самому ня быць забойцам, дык гэта ён да ўсіх нас зьвяртаецца, не да Лукашэнкі. А гэта — марна.

Глод: Я схільны зрабіць прагноз, што мараторый на сьмяротнае пакараньне, ужо ня кажучы пра яго поўную адмену, у Беларусі будзе ня хутка. У якасьці абгрунтаваньня вярнуся да тых дзьвюх праблемаў, якія ўжо называў Алег Грузьдзіловіч.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Першая — грамадзкая думка не гатовая да гэтага. Я перакананы, калі б сёньня правесьці рэфэрэндум аб адмене сьмяротнага пакараньня, то бальшыня б прагаласавала супраць. І не таму, што беларусы нейкія надзвычай жорсткія, крыважэрныя людзі. Да таго, каб адмяніць права ўлады забраць у кагосьці жыцьцё, грамадзтва трэба рыхтаваць. Трэба шмат чаго тлумачыць. А ўлада наўмысна гэтага ня робіць. А паколькі гэтага не адбываецца, то бальшыня сапраўды перакананая, што са злачынцамі трэба разьлічвацца паводле прынцыпу — вока за вока.

Дарэчы, калі б у Эўропе дагэтуль прытрымліваліся думкі, што адмена сьмяротнага пакараньня — непапулярная рэч для грамадзтва, то і там не было б ніякіх зрухаў. І тады сьмяротнае пакараньне наагул бы нідзе не адмянілі. Бо на момант яго адмены, як сьведчаць спэцыялісты, грамадзкая думка ў Эўропе збольшага падтрымлівала захаваньне інстытуту сьмяротнага пакараньня. Так было і ў Вялікай Брытаніі, і ў Францыі, і ў іншых краінах. Але там улады бралі на сябе адказнасьць за гэтае пытаньне.

Другая прычына — гэта лёгіка паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі. Адмена сьмяротнага пакараньня альбо нават мараторый паказалі б, што ён асабіста ня можа вырашыць абсалютна ўсе пытаньні ў Беларусі. А права — караць альбо мілаваць, якім ён сёньня валодае, паказвае, што абсалютна ўся ўлада знаходзіцца ў Беларусі ў адных руках.

І калі я думаю пра гэта, я згадваю інтэрвію Лукашэнкі расейскаму тэлежурналісту Аляксандру Гурнову, які пасьля выбуху ў менскім мэтро запытаўся ў кіраўніка Беларусі: а колькі чалавек вы памілавалі як прэзыдэнт краіны? І Лукашэнка на гэта адказаў, што дакладна ня памятае, здаецца, толькі аднаго.

Максімюк: Я хацеў бы паспрачацца з тым, што народ Беларусі супраць адмены сьмяротнага пакараньня і што ён галасаваў бы на рэфэрэндуме супраць. Думку народу, на мой погляд, можна вельмі лёгка зьмяніць.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Тыя самыя палякі ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне яшчэ на схіле камуністычнай эпохі, калі бальшыня насельніцтва была за тое, каб утрымаць сьмяротнае пакараньне. Зразумела, гэта таксама вельмі папулісцкае пытаньне, і многае тут залежыць ад таго, як яно людзям падаецца. Калі ў ходзе выбарчай кампаніі паказаць некалькі жорсткіх забойстваў, асабліва непаўналетніх і на сэксуальным тле — то, я ўпэўнены, нават у такіх краінах, якія даўно адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня, можна выклікаць такія настроі, што людзі б галасавалі за вяртаньне сьмяротнага пакараньня.

Таму я думаю, што калі б у кіроўнай эліты Беларусі было жаданьне прыняць мараторый, а дзяржаўным СМІ далі загад папрацаваць у тым кірунку, што мы павінны праявіць гуманнасьць, то можна было б зьмяніць грамадзкую думку. Але кіроўнай эліты ў Беларусі як такой не існуе, а ёсьць воля толькі аднаго чалавека.

У тым, што Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе яшчэ выконваюцца сьмяротныя пакараньні, ёсьць пэўная перавага і для Аляксандра Лукашэнкі. Яму вельмі выгадна быць ізгоем у Эўропе, таму што ён, будучы ізгоем у заходнім напрамку, спрабуе нешта выйграць на ўсходнім. І я прыгадваю, як ён казаў паўжартам, паўусур’ёз журналістам, што яму падабаецца заставацца апошнім дыктатарам у Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG