Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беспрацоўе, мізэрныя заробкі, платная мэдыцына,— на што людзі скардзіліся Тацяне Караткевіч


Полацкая моладзь цікавіцца праграмай Караткевіч у сфэры адукацыі

Полацкая моладзь цікавіцца праграмай Караткевіч у сфэры адукацыі

Карэспандэнтка Свабоды паехала разам з Тацянай Караткевіч у першую перадвыбарчую паездку па рэгіёнах: Лагойск — Лепель — Ушачы — Полацак — Наваполацак.

Лагойск. Нягледзячы на раньні час — палова на дзясятую — мінакі спыняюцца даволі ахвотна. Бабуля з унукам паскардзілася, што дзіця пайшло ў дзіцячы садок, а ў ясельнай групе — 41 чалавек, школы таксама перапоўненыя. Малады чалавек, які прадставіўся банкаўскім работнікам, цікавіўся ў кандыдаткі, як яна ўяўляе сабе рашэньне эканамічных праблемаў, шляхі выхаду з крызісу.

Лепель. Тут Тацяну Караткевіч сустрэлі каля 30 чалавек. Пэнсіянэры скардзяцца на дарагоўлю лекаў, платныя мэдычныя паслугі. Сярэдняе пакаленьне цікавіцца эканамічнымі праблемамі. Кіроўца кажа, што за месяц атрымаў на рукі 2 мільёны 100 тысяч, і пытаецца, як пракарміць сям’ю з двума дзецьмі. Моладзь занепакоеная праблемай працаўладкаваньня: горад малы, працаваць няма дзе.

Вушачы. «Нарэшце да нас хоць хтосьці прыехаў!» — радасна кажа малады чалавек са скрыпкай — пікет праходзіць насупраць музычнай школы. Людзі цікавяцца ў асноўным праблемамі эканомікі. Мужчыны зьяжджаюць на заробкі ў Расею, моладзь — у вялікія гарады, бо працаваць няма дзе... Настрой у тых, хто прыйшоў на сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты, збольшага пэсымістычны.

Ва Ўшачах Тацяна Караткевіч наведала магілу народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, усклала кветкі. Паэт памёр у сакавіку 2014 году. Помніка на магіле пакуль няма.

Полацак. На пікеце ў цэнтры гораду на скрыжаваньні вуліц Скарыны і Гогаля — больш за 50 чалавек, прысутнічаюць назіральнікі АБСЭ зь Нідэрляндаў і Расеі. Моладзь цікавяць праблемы адукацыі. Старэйшае пакаленьне — як спадарыня Караткевіч, калі стане прэзыдэнтам, зьбіраецца балянсаваць паміж Расеяй і Эўропай, паміж Мытным Саюзам і Эўразьвязам.

Пасьля пікету кандыдатка разам зь мясцовымі жыхарамі ідзе ў Полацкі райвыканкам і пракуратуру. Тут пакідаюць звароты: захаваць сквэр каля вакзалу, адрамантаваць унікальны мэмарыяльны знак — літару «Ў».

Наваполацак. На сустрэчу з кандыдаткай на прэзыдэнта Тацянай Караткевіч у сярэдняй школе № 3 прыйшло каля 150 чалавек. Шмат моладзі, студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Пытаньні ў людзей самыя розныя: мова, транзыт празь Беларусь, стаўленьне да АЭС, сфэра адукацыі, нацыянальная сымболіка, міжнародныя адносіны — з Расеяй, Эўразьвязам, дэцэнтралізацыя ўлады, як затрымаць моладзь у рэгіёнах, якім павінна быць беларускае войска...

Некаторыя адказы Тацяны Караткевіч сарвалі аплядысмэнты залі. Так, на пытаньне «Хто з кандыдатаў у прэзыдэнты за ўсе выбарчыя кампаніі быў найлепшы?» спадарыня Караткевіч адказала: «Той, хто сыдзе пасьля двух тэрмінаў». На пытаньне, якая форма кіраваньня павінна быць у краіне, кандыдатка адказала: «У будучым Беларусь павінна стаць парлямэнцкай рэспублікай».

На пікеце ў Лепелі

На пікеце ў Лепелі

«Людзі ў рэгіёнах зусім не абыякавыя і не пасіўныя, яны прагнуць перамен», — падсумавала пасьля наведваньня пяці рэгіёнаў Тацяна Караткевіч.

На Віцебшчыне людзі казалі, што хочуць бачыць і іншых кандыдатаў — Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Лукашэнку і Мікалая Ўлаховіча.

XS
SM
MD
LG