На другі дзень візыту ў Беларусь польская дэлегацыя на чале з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім наведала мэмарыяльны комплекс Курапаты — месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Дэлегацыя ўсклала кветкі і пакланілася як «польскаму крыжу» ў Курапатах, так і крыжу «Пакутнікам Беларусі».
Днём раней дэлегацыя праводзіла сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама Мясьніковічам, Андрэйчанкам і Кабяковым.
У Курапатах журналісты спыталі Станіслава Карчэўскага: ці можна Польшчы весьці дыялёг з уладамі краіны, дзе дагэтуль стаяць помнікі Леніну, Дзяржынскаму, арганізатарам масавых рэпрэсіяў — з уладамі, якія не шануюць ахвяраў рэпрэсіяў? У адказ маршалак адзначыў, што польскія дэлегацыі ў Беларусі заўсёды наведваюць Курапаты і ўшаноўваюць памяць ахвяраў рэпрэсіяў.
«Працэс дэмакратызацыі ў Беларусі трывае, мы маем надзею, што нашы размовы патрэбныя. Мы маем два выйсьці: ці размаўляць, ці не размаўляць, — сказаў Карчэўскі. — Сёньня падчас усіх размоваў, і з уладамі, і з апазыцыяй, мы прыйшлі да высновы, што трэба працягваць дыялёг. Можа, ён будзе доўгі, але, спадзяюся, пасьпяховы».
Тое самае ён адказаў на пытаньне, ці ня значыць сустрэча на парлямэнцкім узроўні, што Польшча прызнае беларускі парлямэнт легітымным і паўнапраўным партнэрам, нягледзячы на крытыку беларускіх выбараў:
«Мы маем два выйсьці: ці размаўляць, ці не размаўляць, — паўтарыў ён. — Мы правялі перамовы і ведаем, што гэта добры кірунак. Я перакананы, трэба размаўляць. Вядома, мы ня можам рабіць важных, далёка ідучых крокаў, бо такіх крокаў няма ні з аднаго, ні з другога боку. Але толькі дыялёг можа прывесьці да паразуменьня».
Карчэўскі дадаў, што размаўляў зь беларускімі ўладамі ў тым ліку пра Курапаты — гутарылі на ўсе тэмы, хоць і не па ўсіх тэмах прасунуліся наперад. Была і незаплянаваная дадатковая размова са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам. «Карты паляка», якія днём раней Мясьніковіч аднёс да «далікатных тэмаў», увогуле, кажа Карчэўскі, у індывідуальных размовах не абмяркоўваліся.