Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Караткевіч дыскутавала са Шчоткінай. На чарзе — спатканьне з Шуневічам


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», былая прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч 4 траўня сустрэлася зь міністрам працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марʼянай Шчоткінай.

Сваімі ўражаньнямі ад сёньняшняй размовы спадарыня Караткевіч падзялілася са Свабодай:

«Папярэдне я выслала міністру пяць блёкавых тэмаў, пра якія я хацела б зь ёй паразмаўляць. Гэта — пэнсійная рэформа, занятасьць насельніцтва, чарнобыльскія льготы, падвышэньне прывабнасьці жанчын для працадаўцы і прыватна-дзяржаўнае партнэрства. Але гэта ня быў просты пералік актуальных пытаньняў. Разам зь імі я выклала і прапановы, якія гучалі ад маіх аднадумцаў і выбарцаў.

Спадарыня Шчоткіна прыйшла на сустрэчу не адна, а са сваім намесьнікам, юрыстам і яшчэ некалькімі супрацоўнікамі міністэрства, якія маглі ёй нешта ўдакладніць, падказаць. Было бачна, што яна рыхтавалася да дыскусіі.

Ад імя „Гавары праўду“ мы прапаноўвалі павялічыць памер сярэдняй пэнсіі да 70% сярэдняга заробку, уключыць у пэнсійны стаж тэрміновую службу ў арміі, адпачынак па доглядзе за дзіцем, догляд за хворымі людзьмі. З-за таго, што гэта ігнаруецца, у многіх людзей цяпер узьнікаюць праблемы са стажам. Таксама мы прапаноўваем не падвышаць пэнсійны ўзрост людзям, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях у неспрыяльных умовах.

Нечакана для сябе на гэтыя прапановы я пачула з вуснаў міністра словы: „Няма нічога немагчымага“. А далей, зразумела, пайшла гаворка пра грошы — дзе іх узяць, каб можна было ўлічыць такія прапановы.

Так, пэўная сацыяльная падтрымка насельніцтва з боку дзяржавы ёсьць. Але яе недастаткова. І калі мы абмяркоўвалі, як можна падвысіць розныя выплаты людзям, нязьменна ўтыкаліся ў эканоміку. Рэальныя ж грошы ідуць адтуль.

Тэмы для дыскусіі сёньня былі. І такія сустрэчы трэба абавязкова працягваць. Яны фармуюць запыт на мірныя перамены. А пераменам патрэбная грамадзянская падтрымка. Я згадала, што ў 2010 годзе ў прэзыдэнцкай праграме Ўладзімера Някляева была прапанова аб увядзеньні мацярынскага капіталу. Тады шмат хто з гэтага пасьміхаўся, маўляў, гэта несурʼёзна і немагчыма. Але ж дажылі і да гэтага. Таму трэба часьцей бударажыць нашых чыноўнікаў».

Тацяна Караткевіч паведаміла, што наступная сустрэча ў лідэраў «Гавары праўду» плянуецца зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG