Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Капаткевічах, дзе вучылася Алексіевіч, сачылі за нобэлеўскай цырымоніяй


Школьнае фота — у цэнтры Сьвятлана Алексіевіч

Школьнае фота — у цэнтры Сьвятлана Алексіевіч

10 сьнежня, калі кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручаў Нобэлеўскую прэмію Сьвятлане Алексіевіч у Стакгольмскай канцэртнай залі, у беларускім мястэчку Капаткевічы, што на Гомельшчыне, вучні і настаўнікі мясцовай школы таксама ўзьняліся і аплядысмэнтамі віталі ганараваньне беларускай пісьменьніцы.

Менавіта з Капаткевіцкай сярэдняй школы пачыналіся першыя крокі Сьвятланы Алексіевіч у вялікую літаратуру, каб трыюмфальна адзначыцца ў Стакгольме.

Тут Сьвятлана вучылася з восьмай па адзінаццатую клясу, тут атрымала атэстат сталасьці, тут рабіла свае першыя літаратурныя крокі — ад сачыненьняў да вершаў. Сяброўкі згадваюць нават песьню пра баян па-над ракою, напісаную Сьвятланай.

Тэлемост са Швэцыяй

Зь ініцыятывы пэдагогаў школы, і найперш загадчыцы навучальнай часткі Натальлі Каліцькі, у той самы час, калі ў Стакгольме швэдзкі кароль уручаў прэмію Алексіевіч, у кабінэце беларускай мовы й літаратуры зладзілі паседжаньне літаратурнай кавярні — з гарбатай, печывам, мандарынамі. Сабралася тут каля двух дзесяткаў вучняў і пэдагогаў. Настрой прыўзьняты: выпускніца школы атрымлівае першага ў гісторыі Беларусі Нобэля. У Стакгольме ўручаюць — у Капаткевічах бачаць цырымонію ўжывую.

Капаткевіцкая сярэдняя школа

Капаткевіцкая сярэдняя школа

Капаткевіцкія школьнікі ўсталі — Нобеля Алексіевіч уручае кароль Швэцыі

Капаткевіцкія школьнікі ўсталі — Нобеля Алексіевіч уручае кароль Швэцыі

Павал хаця й вучыцца толькі ў сёмай клясе, але добра абазнаны ў сусьветных навінах: «Сёньня, 10 сьнежня ўручаюць Нобэлеўскую прэмію Сьвятлане Алексіевіч. Спачатку яна вучылася ў Івашкавічах, а поўную школу скончыла ў нас, у нашай Капаткевіцкай сярэдняй школе. Прэмію ўручаюць тым, хто зрабіў вялікае дасягненьне ў літаратуры, матэматыцы, хіміі, фізыцы. Мы ёю моцна ганарымся і стараемся добра вучыцца. Па беларускай літаратуры ў мяне дзевяць за чвэрць».

Адзінаццаціклясьнік Мікалай: «Сабраліся паглядзець на выпускніцу нашай школы — беларусы ж Нобэлеўскую прэмію атрымалі. Гонар за школу, бо яна вучылася ў нашай школе. Такія дасягненьні трэба трансьляваць па афіцыйных тэлеканалах».

Юнак кажа, што чытаў Алексіевіч: «„Цынкавыя хлопчыкі“ — кніжку пра Аўган. Але там ня столькі пра Аўганістан, колькі пра постваеннае жыцьцё, пра цяжкія страты. Людзі вярталіся з вайны, ім трэбы было неяк жыць. Многія пілі. Былі хваляваньні, цяжка было. І як усё гэта іх маці перажывалі».

Празь інтэрнэт на вялікім экране над кляснай дошкаю ўжывую трансьлявалася ўрачыстая цырымонія ўручэньня Нобэлю сёлетнім ляўрэатам.

Чула капаткевіцкая літкавярня і словы швэдзкага пісьменьніка Пэра Вэстбэрга, старшыні Нобэлеўскага камітэту па літаратуры — у прамове пра творчасьць беларускі Вэстбэрг адзначаў: «Яе сюіта зь пяці кнігаў, якія апісваюць катастрофы 20-га стагодзьдзя — гэта літаратурны і маральны шэдэўр Алексіевіч. Узгадаваўшыся ў культуры смутку, больш сканцэнтраванай каля лясоў Беларусі, — краіны, дзе быў забіты кожны чацьверты — яна мае любоў да маленькіх людзей, а не да вялікіх ідэяў. Вусны аповед — гэта крыніца літаратуры. З дапамогай памяці людзі захоўваюць абрысы існаваньня».

Стэнд у школьным музэі

Стэнд у школьным музэі

Да ўрачыстасьці ў калідоры і школьным музэі пасьпелі аформіць стэнды пра творчасьць і ганараваньне Нобэлеўскай прэміяй сваёй выбітнай выпускніцы. Школьная дзятва спрабавала нават афармляць вокладкі кніг Алексіевіч — паводле свайго разуменьня і мастацкіх здольнасьцяў.

У школе захоўваецца і тры кнігі з дараванымі подпісамі Сьвятланы Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Чарнобыльская малітва». У адной зь іх напісана: «Для бібліятэкі — Капаткевіцкай сярэдняй школы. Маім землякам-чытачам — зь вераю ў нашу будучыню. 9.IХ.04 г.»

Кніга з аўтографам

Кніга з аўтографам

Некаторыя свае кнігі Алексіевіч перадавала ў Капаткевічы праз сваю школьную сяброўку Надзею Коржык, у дзявоцтве Шут. Яна таксама прыехала ў школу, каб празь інтэрнэт падзівіцца на цырымонію ў Стакгольме, парадавацца за Сьвятлану, а заадно распавесьці дзецям пра сваю сяброўку.

Надзея Коржык, школьная сяброўка Сьвятланы Алексіевіч. Тут стаяў дом, дзе жылі Алексіевічы

Надзея Коржык, школьная сяброўка Сьвятланы Алексіевіч. Тут стаяў дом, дзе жылі Алексіевічы

Сама Надзея Ціханаўна жыве ў Івашкавічах — гэта за пяць кілямэтраў ад Капаткевічаў. Догі час працавала тут у бібліятэцы-клюбе, цяпер — вясковая стараста на грамадзкіх пачатках. У Івашкавічах, дарэчы, пасьля пераезду з Буда-Кашалёўскага раёну, жыла і сям’я настаўнікаў Алексіевіч. Бацька Сьвятланы, франтавік, быў дырэктарам мясцовай сямігодкі, выкладаў гісторыю, а маці — нямецкую мову. У Петрыкаўскі раён яны пераехалі, бо ў тутэйшых Камаровічах — малая радзіма Аляксандра Алексіевіча, дзе патрабавала дагляду ягоная маці, бабуля Сьвятланы.

Надзея Коржык згадвае: «У школу ў Капаткевічы мы чатыры гады хадзілі пешшу. Пяць кілямэтраў — гэта цэлую гадзіну трэба было ісьці туды і гадзіну назад. І мы па гэблі, па старым шляху, пешшу й хадзілі. І хлопцы з намі. Мы сябравалі, яна добра сачыненьні пісала. І мне дапамагала. І вершы пісала. Ідзём і пра ўсё гутарым. Яна такая была не па гадах разумніца, што нават іншым разам мы зьдзіўляліся. Добразычлівая такая — усім раіла, калі што ведала. Дапамагала. Мы з мамай трымалі карову, і я насіла малако ім. Сям’я настаўніцкая — трое дзяцей. Сьвятлана — старэйшая, сярэдняя Тамара і меншы Сашка».

Бэз і груша-дзічка на месцы дома Алексіевічаў

Івашкавічы — вёска плытагонаў на Пцічы ды смалакураў. Гэта як бы асобныя хутаркі, параскіданыя на выспачках, якія нярэдка дзе-нідзе злучаюць грэблі, абсаджаныя вербалозамі. І назвы гэтых хутароў: Куток, Забалоцьце. Алексіевічы жылі блізу рэчкі ў саўгасным доме на дзьве сям’і. Іх суседзі — загадчык вясковага клюбу Папкоў з жонкай-брыгадзірам. Цяпер гэтага дома няма — толькі кусты бэзу засталіся і невялікая груша-дзічка.

Грэбля на хутар

Грэбля на хутар

Івашкавіцкі куток

Івашкавіцкі куток

Стары шлях з Івашкавічаў у Капаткевічы — шлях у школу будучай ляўрэаткі Нобеля

Стары шлях з Івашкавічаў у Капаткевічы — шлях у школу будучай ляўрэаткі Нобеля

Коржык: «Сышліся мы са Сьвятланай хіба з-за таго, што былі падобныя добрыя душы. Яна любіла рабіць дабро людзям і я не адставала. Я сірата, толькі з маці жыла. Я й цяпер не цураюся людзям дапамагчы. І такая ж Сьвятлана. Яна мяне й на ровары навучыла катацца. І цяпер на ім ежджу. Тады ж ровараў не было, толькі ў іх быў — і яна мне давала яго. І на рэчку хадзілі купацца, загараць. І жаніхі нашы за намі бегалі. Адзін хлопец, які яе праводзіў, стаў маім мужам».

Бібліятэка-клюб

Бібліятэка-клюб

Надзея паказвае бібліятэку-клюб, якую нядаўна зачынілі назаўжды з прычынаў немэтазгоднасьці, там яны бралі кніжкі:

«Тут, лічыце, дзяцінства са Сьвятланай прайшло. Хадзілі кніжкі выпісвалі ды чыталі. Яна брала пераважна клясычную літаратуру, як у мяне ў вершы ёсьць: „Яна ведала клясыкаў ня толькі творы, але й жыцьця гады“. Таксама й беларускіх чытала — Коласа, Купалу, Багдановіча. Старалася, бо ведала, што будзе паступаць на журналістыку. У самадзейнасьці ўдзельнічала. Ну, і нас хлопцы дахаты праводзілі. Ёй жа далей трэба было ісьці ў бок ракі адной, і яна пагаджалася. Але дарогі не хапала, каб нагаварыцца. Яна сама цікаўная была, дый іншым было цікава зь ёй пагутарыць. Нават цяпер сёй-той кажа, што праводзіў, бо дарога і паўз могілкі ішла. Іншы згадвае, што на лодцы вазіў. Прывітаньне просяць перадаць. Калі да крамы прыходжу, заданьні такія даюць».

Коржык адгукаецца і на ўласныя кнігі школьнай сяброўкі, цяперашняй Нобэлеўскай ляўрэаткі:

«Мяне ўразіла што — яна сваёй душой дабрэннай усё, пра што пісала, прапускала празь сябе, мне так падаецца. Нават пра вайну, „У вайны не жаночае аблічча“, якую тут многія чыталі». Я і сама плакала, калі чытала. Мая маці — удава. І Сьвятлана бачыла сама, як цяжка даводзілася жыць у вёсцы ўдовам — гарод, соткі, сям’я. І дзяцей жа трэба было гадаваць. Гэта цяпер адно ці двое дзяцей, а тады ж па чацьвёра было па пяцёра. У Сьвятланы свой погляд на рэчы«.

Двойка за Наташу Растову

Тамара Еўтушэнка — аднаклясьніца

Тамара Еўтушэнка — аднаклясьніца

Яшчэ адна школьная сяброўка Алексіевіч — Тамара Еўтушэнка з Капаткевіч. Яна чатыры гады сядзела за адной партай са Сьвятланай. Кажа, што калі зразумела, што ў тае можна нешта падгледзець, асабліва па мове ці літаратуры, бо матэматыку Сьвятлана не шанавала, то села зь левага боку. Так зручней.

Тамара была выхавацелькай у доме-інтэрнаце, колішняй школе. А цяпер працуе ў шапіку, прадае розныя побытавыя інструмэнты, электратэхніку ды дзіцячыя цацкі.

Згадвае, як настаўніца рускай мовы і літаратуры, уляпіла Сьвятлане двойку за сачыненьне пра вобраз Наташы Растовай з «Вайны і міру» Талстога:

«Дадуць нейкае сачыненьне — Наташа Растова як станоўчы вобраз. Яна ж, наадварот, апіша яго як вобраз адмоўны — і адстойвае сваё меркаваньне. Прыходзіць настаўніца ў клясу — а мы ж і без таго ведаем, што Сьвятлана ў нас найлепшая па рускай мове і літаратуры — ды кажа: „Сьвятлане — двойка“. Усё — як гэта? А настаўніца й кажа, што ў Сьвятланы зусім іншае меркаваньне пра гэты вобраз».

Чаму Алексіевіч ня піша па-беларуску

Аляксандра Антанішына, настаўніца беларускай мовы ў Сьвятланы Алексіевіч

Аляксандра Антанішына, настаўніца беларускай мовы ў Сьвятланы Алексіевіч

Беларускую мову й літаратуру выкладала ў той час Аляксандра Антанішына, цяпер 86 гадовая жыхарка Капаткевічаў на заслужаным адпачынку. Яна згадвае Алексіевіч як цікаўную вучаніцу, якая асабліва не вылучалася, хоць няблага яна ведала і прадмет, які вяла Аляксандра Максімаўна.

«Пыталася ў мяне — як гэта зразумець „вобраз народу“ і яго характарыстыку? Кажа, што разумее таго ж Андрэя Лабановіча — асобны вобраз. А вобраз народу — не разумею. Я тады, маладая настаўніца, тлумачыла, тлумачыла. Пыталася рады нават у старэйшай настаўніцы. Ня ведаю, зразумела яна, ці не».

Цікаўлюся, а ці можна знайсьці хоць нейкае тлумачэньне таму, што Алексіевіч ня стала беларускамоўнай пісьменьніцай, хаця і Адамовіча і Быкава называе сваімі настаўнікамі?

«Я так мяркую, у той час, у шасьцідзесятыя гады, усе пераходзілі на расейскую мову. Дзяржава рабіла некаторыя спробы ўкараніць беларускую, але ўсюды адмаўляліся, у школу пастаянна тэлефанавалі. Усе перахадзілі на рускую мову, і Сьвятлана таксама перайшла на яе. Яна, па сутнасьці, скончыла рускую школу», — тлумачыць былы пэдагог Капаткевіцкай сярэдняй школы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG