Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантактная група па Ўкраіне можа сабрацца ў Менску 11 або 12 сьнежня


Перамовы ў Менску ў верасьні

Перамовы ў Менску ў верасьні

Чарговае пасяджэньне кантактнай групы па Ўкраіне можа адбыцца ў Менску 11 сьнежня.

Пра гэта паведаміў кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Слуцкі. Па выніках пасяджэньня камітэта, удзел у якім бралі прадстаўнікі МЗС Расеі, ён сказаў журналістам, што рашэньне пра дату прынятае ўжо на 90%.

Перамовы ў Менску павінны прайсьці пры ўдзеле амбасадара Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава, экс-прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, прадстаўнікоў Данецкай і Луганскай абласьцей і спэцпасланьніка АБСЭ Хайдзі Тальявіні.

«Будзем спадзявацца, што „Менск-2“ прынясе вынікі ў вырашэньні пытаньняў па абмене ваеннапалоннымі і ўсталяваньні рэжыму цішыні. Гэта будзе самым важным рашэньнем», — cказаў кіраўнік камітэта.

У ДНР таксама заявілі, што гатовыя пагадзіцца на правядзеньне менскай сустрэчы 11 сьнежня.

«Пакуль у нас няма дакладных зьвестак пра канчатковую дату правядзеньня кансультацый, аднак 11 сьнежня — калі гэтая дата насамрэч будзе ўзгодненая — нас бы задаволіла», — заявіў «Інтэрфаксу» віцэ-сьпікер Народнай Рады ДНР, спэцпрадстаўнік на перамовах у Менску Дзяніс Пушылін.

Раней датай правядзеньня перамоваў у Менску называлі 9 сьнежня. Пра папярэднюю дамоўленасьць на гэтую дату таксама казаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Аднак прадстаўнікі сэпаратыстаў заявілі, што 9 сьнежня не пасьпеюць дабрацца да Менску, а таксама падрыхтаваць свае патрабаваньні для сустрэчы.

Пазьней Слуцкі ўдакладніў, што ў выпадку пацьвярджэньня бакамі сустрэча ў Менску, хутчэй за ўсё, пройдзе не 11, а 12 сьнежня.

«Варта спадзявацца, што „Менск-2“ абавязкова адбудзецца, паколькі гэты фармат даказаў сваю выніковасьць, і цяпер галоўнае — дамагчыся спыненьня агню», — адзначыў Слуцкі.

XS
SM
MD
LG