Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выдавецтве «Папуры» выходзіць сэрыя «Мая беларуская кніга» — 26-томны канон беларускай клясыкі ў фармаце pocket book.

Сэрыя аб’яднае клясычныя творы Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка, Францішка Аляхновіча, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Яна Баршчэўскага, Васіля Быкава, Зьмітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзімера Караткевіча, Якуба Коласа, Майсея Кульбака, Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага, Янкі Маўра, Івана Мележа, Адама Міцкевіча, Андрэя Мрыя, Саламеі Пільштыновай, Міхася Стральцова, Канстанціна Тарасава, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна.

«Гэта антыбізнэс-праект. Таму што апошнім часам беларуская кніжка, калі яна ня мае дзяржаўнай датацыі, каштуе дорага. Купіць клясыку — трэба аддаць больш за сто тысяч рублёў. Мы імкнуліся зрабіць сэрыю максымальна даступнай — для тых жа школьнікаў і студэнтаў. Мы спадзяёмся, што яшчэ ёсьць школьнікі і студэнты, якія сур’ёзна ставяцца да беларускай клясыкі і чытаюць яе. Вось мы і задумалі выдаць сэрыю клясыкі, каб спрасьціць жыцьцё школьнікам, студэнтам і іхнім бацькам. Такая была канцэпцыя. На жаль, эканамічныя варункі зьмяняюцца. Мы думалі, што запусьцім сэрыю раней, але ў сувязі з крызісам рубля і ў сувязі зь перамовамі па аўтарскіх правах запускаецца сэрыя на год пазьней, чым мы плянавалі. Але я спадзяюся, што яна добра паслужыць і будзе папулярнай», — кажа сябра рэдкалегіі сэрыі «Мая беларуская кніга», філёляг і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

Таксама ў рэдкалегіі, якая адбірала творы для сэрыі, — доктар філялягічных навук Міхась Тычына, кандыдат філялягічных навук Пятро Васючэнка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў і перакладчык Уладзімер Сіўчыкаў.

Гэта пэўны канон тэкстаў

«Мы ўключылі ў сэрыю ня толькі творы са школьнай праграмы. А хутчэй тое, што кожнаму беларусу трэба ведаць. Гэта пэўны канон тэкстаў. Зразумела, што ў сёньняшняй школьнай праграме немагчыма ўявіць сабе „Ў кіпцюрох ГПУ“ Францішка Аляхновіча, а гэты твор павінны ведаць усе. Гэта першы мастацкі твор у сусьветнай літаратуры пра ГУЛАГ. Мы імкнуліся ўключаць творы, якія складаюць канон клясыкі, якую кожны беларус павінен прачытаць», — кажа Лявон Баршчэўскі.

Уся сэрыя, 26 тамоў, зьявіцца ў продажы 24 чэрвеня. Сумарны наклад — каля 60 тысяч асобнікаў. Кнігі будуць у мяккай вокладцы і кішэннага памеру. На думку Лявона Баршчэўскага, такое афармленьне дазволіць прадаваць іх не даражэй як за 3 даляры.

«Фармат pocket book ці кішэннай кнігі абраны дзеля таго, каб зрабіць кніжку даступнай, і дзеля таго, каб яна не займала многа месца. Разьлічваем, што яна ня зойме шмат прасторы на кніжнай паліцы нават у тых, хто набудзе ўсю сэрыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG