Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канкурэнты не прызналі абраньне Поліка на рэктара ЭГУ дэмакратычным


Тацяна Шчытцова
Тацяна Шчытцова

Прадстаўнікі выкладчыкаў і студэнтаў ЭГУ крытыкуюць прызначэньне Поліка на пасаду рэктара.

Абраньне на новага рэктара ЭГУ Дэйвіда Поліка Свабода папрасіла пракамэнтаваць ягоную канкурэнтку ў конкурсе Тацяну Шчытцову і старшыню студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніса Кучынскага.

Шчытцова: «Правілы выбараў прыдумляліся падчас гульні»

Былая кандыдатка на пасаду рэктара ЭГУ прафэсар філязофіі Тацяна Шчытцова лічыць, што сам працэс выбараў быў цалкам непразрысты. Нават фіналісты, якія трапілі ў сямёрку, не былі інфармаваныя пра ўсе этапы адбору, пра крытэры, пра тое, як выбары будуць адбывацца:

— Такое ўражаньне, што правілы гульні на выбарах прыдумляліся падчас самой гульні. Я разумею, што прыметнік «дэмакратычныя» можна трактаваць па-рознаму. Так, некаторыя сустрэчы і са студэнтамі, і з выкладчыкамі, акадэмічнай супольнасьцю былі арганізаваныя для шэрагу кандыдатаў. Але ёсьць адчуваньне, што гэта рабілася пад націскам грамадзкасьці. Да таго ж гэта арганізоўвалася насьпех, у апошні момант, ня ўсе студэнты маглі прысутнічаць на гэтых сустрэчах, яны былі на занятках. Тое самае можна сказаць і пра сустрэчы з выкладчыкамі. Яны былі арганізаваныя, такое ўражаньне, «дзеля птушачкі». Так дэмакратычныя выбары не праводзяцца. Я ўжо не кажу, што сама працэдура выбараў не дапускала таго, каб прыслухацца да думкі ня тое што студэнтаў, але нават Сэнату, выкладчыкаў.

— Спадар Полік ва ўнівэрсытэце — чалавек новы ў параўнаньні з вамі, вы працуеце ў ЭГУ ад пачатку, ужо 20 гадоў. Але амаль год ён працаваў ва ўнівэрсытэце, прадстаўляў сваю праграму бачаньня ЭГУ, пляны разьвіцьця. Ці лічыце вы іх пераканаўчымі?

— Я магу меркаваць на падставе таго, што ён зрабіў за час працы, што было агучана і прапанавана падчас перадвыбарчай кампаніі. Але рабіць выснову пра пераканаўчасьць ягоных плянаў у мяне няма ніякіх падставаў. Безумоўна, у ягоных выступах, публікацыях, заявах ёсьць разумныя тэзы, але судзіць трэба ня столькі па рыторыцы, колькі па канкрэтных справах. У мяне ёсьць сур’ёзныя сумненьні, бо словы ў яго разыходзяцца са справамі. Я буду толькі рада, калі памыляюся і калі Полік, стаўшы рэктарам, знойдзе матывацыю, каб выбудоўваць канструктыўную працу ва ўнівэрсытэце. Час пакажа. Але ў яго ўжо быў год, і нічога пераканаўчага прадстаўлена не было.

Дзіўна і тое, што паміж самой працэдурай выбараў і афіцыйным абвяшчэньнем вынікаў прайшоў тыдзень. Розныя хадзілі чуткі, але паўзу відавочна ператрымалі... Толькі сёньня паступілі афіцыйныя заявы, ліст-пажаданьне Кіраўнічай рады, дзе шмат пунктаў, шмат інфармацыі, акцэнты робяцца на тое, што ўсё цяпер будзе адбывацца з удзелам акадэмічнай супольнасьці, ёсьць абяцаньні, што студэнцтва і Сэнат будуць прадстаўленыя ў Кіраўнічай радзе. Паглядзім. Я магу толькі паўтарыць: пакуль ёсьць зазор паміж рыторыкай і справамі.

Кучынскі: «Гэта было прызначэньне, а не дэмакратычныя выбары»

Дзяніс Кучынскі
Дзяніс Кучынскі

Дзяніс Кучынскі, старшыня студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, перакананы, што сябры Кіраўнічай рады і GAPO (сузаснавальнікі) павінны мець адказнасьць за свой выбар перад беларускай грамадзянскай супольнасьцю, перад студэнтамі, перад выкладчыкамі ЭГУ:

— Таму што той выбар, які яны зрабілі, супярэчыць пажаданьням студэнтаў, меркаваньням выкладчыкаў. Бо крытэраў, паводле якіх абраны спадар Полік, чым ён лепшы, да прыкладу, за спадарыню Шчытцову, ці Мілінкевіча, ці Удрыса, не было паказана. Мы бачым прызначэньне, а не дэмакратычныя выбары. Полік быў прызначаны, сказам прама, праз асабістыя жаданьні некаторых чальцоў Кіраўнічай Рады. Трэба разумець важнасьць гэтага выбару для ўнівэрсытэту і краіны.

Мы павінны прадставіць донарам стратэгічны плян. Спадар Полік прапануе гэты плян прадставіць на пачатку 2016 году. А гэты плян павінен існаваць ужо цяпер. У Поліка быў на гэта цэлы год.

Унівэрсытэт — гэта не карпарацыя, а супольнасьць. У ЭГУ цяпер ёсьць пэўнага кшталту крызіс даверу. Мне цяжка ўявіць, як са спадаром Полікам гэты крызіс даверу можна пераадолець, як можна аднавіць твар ЭГУ перад беларускай грамадзянскай супольнасьцю, СМІ. Я не ўяўляю, як можна аднавіць давер унутры самога калектыву, калі многія выкладчыкі баяцца, што іх звольняць, многія студэнты таксама баяцца пярэчыць. Асабіста для мяне гэта крызіс даверу і крызіс супольнасьці. Духу супольнасьці ў нас няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG