Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў дыск, якога чакалі дасьледчыкі беларускай мовы і літаратуры ХІХ стагодзьдзя.

«Канкарданс беларускай мовы XIX стагодзьдзя», створаны ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, уяўляе сабой комплекс слоўнікаў, складзеных на аснове поўнага корпусу тэкстаў беларускай літаратуры гэтага пэрыяду.

«Першая яго рэдакцыя была падрыхтаваная яшчэ ў 1985 годзе, на пачатку 90-х быў раздрукаваны адзін асобнік — ён склаў 11 вялізных тамоў», — распавядае аўтар-укладальнік канкардансу, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Ніна Сянкевіч.

Канкарданс — гэта тып слоўніка, які ствараецца на базе пэўнага тэксту ці корпусу тэкстаў.

«Для кожнага слова, выкарыстанага ў гэтым тэксьце, даецца тэкставая ілюстрацыя, адрэзак тэксту з гэтым словам, кантэкст. Таксама ў канкарданс дадаюцца частотныя і адрасныя характарыстыкі слова», — распавядае дасьледчыца.

На дыску, апроч самога канкардансу, сабраныя без выключэньня ўсе тэксты мастацкай літаратуры, напісаныя цягам ХIХ стагодзьдзя. Ніна Сянкевіч адзначае, што ў гэтым унікальнасьць выданьня — больш такога збору няма нідзе:

«Наш канкарданс выдадзены на дыску. Першапачаткова ён быў зроблены ў папяровым варыянце, але ён займае 11 ці 12 вялікафарматных тамоў, таму быў раздрукаваны толькі адзін яго асобнік. Калі зьявілася магчымасьць выдаць электронны варыянт, то стала зразумела, што канкарданс трэба дапаўняць, бо знайшліся творы, якія не былі ўключаныя ў першае выданьне. Гадамі ў інстытуце працавалі над ім, у выніку чаго канкарданс павялічыўся ў два разы».

Пэрыяд ХIХ стагодзьдзя навукоўцы абралі таму, што ён недастаткова дасьледаваны.

«А менавіта ў гэты пэрыяд пачала фармавацца сучасная літаратурная мова. Доўгі час не было магчымасьці дасьледаваць гэты пэрыяд, таму што пласт літаратуры ня быў сабраны ў адным выданьні, шматлікія творы захоўваліся ў рукапісным выглядзе ў архівах, прычым ня толькі беларускіх, але і польскіх, літоўскіх».

Найперш канкарданс стане ў прыгодзе дасьледчыкам беларускай мовы і літаратуры гэтага пэрыяду, якія цяпер маюць пад рукой поўны збор твораў ХIХ стагодзьдзя. Але, як адзначае дасьледчыца, любы чалавек, які цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, знойдзе ў канкардансе шмат цікавага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG