Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 130 навукоўцаў зь Беларусі і замежжа, якія дасьледуюць беларускую мову, літаратуру, культуру і гісторыю, зьбяруцца на розных пляцоўках Менску, каб падзяліцца вынікамі сваіх дасьледаваньняў. 27–29 траўня ў Менску пройдзе VI Міжнародны кангрэс беларусістаў.

Ідэйным стрыжнем кангрэсу стане скарыназнаўства. Група беларусістаў на чале з Адамам Мальдзісам вынесе на публічнае абмеркаваньне тэму кананізацыі беларускага першадрукара.

Як кажа сябра арганізацыйнага камітэту, старшыня рэспубліканскага аддзяленьня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат філялягічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ірына Багдановіч, беларуская мова і культура застаюцца актуальнымі тэмамі для дасьледчыкаў з розных краін, але агульны заняпад беларускай мовы ў Беларусі адбіваецца і на беларусістыцы.

— Чым будзе адметны шосты Міжнародны кангрэс беларусістаў, які 27 траўня пачынаецца ў Менску?

Ірына Багдановіч

Ірына Багдановіч

— Найперш тым, што яго стрыжнем, яго цэнтральнай навуковай тэмай будзе скарыназнаўства. Напярэдадні велічнага юбілею — 500-годзьдзя беларускага ўсходнеславянскага кнігадрукаваньня — такое рашэньне прыняў аргкамітэт кангрэсу. Разам з тым, як і раней, гэты кангрэс аб’ядноўвае шырокае кола навукоўцаў зь Беларусі і іншых краін у галіне гуманітарных ведаў — мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралёгіі, гісторыі. Гэтыя дысцыпліны шырока прадстаўленыя ў блёках форуму, даклады ў якіх будуць прысьвечаныя найбольш актуальным праблемам сучаснай беларусістыкі, таму, як яна разьвіваецца, таму, што прываблівае ўвагу сучасных дасьледчыкаў. На маю думку, кангрэс будзе сьведчыць пра тое, што беларусістыка моцна трымае свае навуковыя карані і разьвіваецца.

— На кангрэсе будзе абмяркоўвацца прапанова Адама Мальдзіса далучыць Францішка Скарыну да ліку сьвятых. Ці папулярная ў акадэмічных колах тэматыка, зьвязаная зь яго жыцьцём і дзейнасьцю?

— Скарыназнаўчая тэматыка вельмі папулярная з даўніх часоў ва ўсім сьвеце, але найперш — у эўрапейскіх дасьледаваньнях. У Беларусі — гэта адна з цэнтральных тэмаў, постаць Скарыны і яго дзейнасьць у цэнтры ўвагі акадэмічных дасьледчыкаў. Гэта правільна, бо Скарына — постаць Рэнэсансу, чалавек, які даў друкаваную Біблію свайму народу, працягнуў справу вялікіх асьветнікаў Кірыла і Мяфодзія. Скарына — гэта сьветлы стрыжань Беларусі і гарантыя таго, што беларусістыка ёсьць і будзе актуальнай у сьвеце. Што тычыцца кангрэсу, то на ім будзе працаваць круглы стол, прысьвечаны скарыназнаўству. Сярод іншых будзе разглядацца тэма кананізацыі Скарыны. Гэтае пытаньне актыўна ставіцца колам навукоўцаў на чале з Адамам Мальдзісам. Вядома, працэс бэатыфікацыі — гэта справа ня сьвецкіх людзей. Тым ня менш гэтая тэма будзе прагаворвацца падчас кангрэсу.

— Якім чынам уплывае на разьвіцьцё беларусістыкі той стан беларускай мовы, у якім яна існуе ў грамадзтве?

Звужэньне пляцоўкі беларускай мовы ў грамадзтве адбіваецца на дзейнасьці міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, вельмі яе ўскладняе і звужае

— Безумоўна, ёсьць вялікая сувязь. Звужэньне пляцоўкі беларускай мовы ў грамадзтве адбіваецца на дзейнасьці міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, вельмі яе ўскладняе і звужае. Тут прычына і наступствы відавочныя. Але нават у гэтых умовах Міжнародная асацыяцыя беларусістаў працуе, і мы, як магчыма, стараемся разьвіваць беларусістычную дзейнасьць.

— Які час быў найбольш спрыяльны для беларусістыкі?

— Вядома, у 90-я гады сытуацыя была значна лепшая. Тады існаваў Скарынаўскі цэнтар, які фактычна быў міжнародным цэнтрам беларусістыкі, базавай пляцоўкай, дзякуючы якой дзейнасьць беларусістаў была шырэйшая. Цяпер мы ў больш складанай сытуацыі аказваемся. Але хочацца спадзявацца, што гэта часовая зьява і што дзейнасьць беларусістаў, а таксама іншых людзей, якія любяць і падтрымліваюць беларускую мову, прынясе плён. Спадзяюся, што гэтую сфэру яшчэ чакае новы ўздым. Мяне як літаратуразнаўцу вельмі цешыць, што на кангрэсе актуальныя блёкі, зьвязаныя зь літаратуразнаўствам. Будзе пастаўлена пытаньне пра стварэньне новай гісторыі літаратуры, пра новыя падыходы да асэнсаваньня літаратурнай спадчыны, пра фэномэн літаратуры 19-га стагодзьдзя, пра нацыянальную сьвядомасьць у кантэксьце літаратуры.

— Колькі навукоўцаў бяруць удзел у кангрэсе і адкуль яны?

— Заяўку на ўдзел падалі 133 дасьледчыкі. Досыць шырока прадстаўлена Беларусь — найперш ВНУ, гэта тыя асяродкі, дзе робяцца дасьледаваньні. Сярод краін, адкуль прыехалі навукоўцы, — Польшча, Нямеччына, Вялікабрытанія, Вугоршчына, Літва, Украіна, Расея. На жаль, нікога ня будзе з ЗША, хоць там ёсьць цэлы шэраг вядомых беларусістаў. Затое будуць сусьветна вядомыя дасьледчыкі Джым Дынглі і Арнольд Макмілін зь Вялікабрытаніі, Андраш Золтан з Вугоршчыны, Рышард Радзік, Лена Глагоўская, Яўген Мірановіч, Катажына Вашчынская з Польшчы. Апошнім часам вельмі пасьпяхова разьвіваюцца кантакты беларускіх дасьледчыкаў і навукоўцаў з Альдэнбурскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне, адкуль таксама прыедуць некалькі чалавек. Такім чынам, ёсьць падставы казаць, што, нягледзячы на складанасьці, найперш што да стану беларускай мовы ў краіне, у сусьветным маштабе ёсьць да яе ўвага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG