«Гэтым дакумэнтам прадугледжваецца будаўніцтва ў Кіеве манумэнту Саборнасьці, помніка Сымону Пятлюры, мэмарыялаў і помнікаў у рэгіёнах, а таксама памятных знакаў, мэмарыяльных дошак, упарадкаваньня пахаваньняў удзельнікаў украінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў ва Ўкраіне і за мяжой», — паведаміў міністар культуры Ўкраіны Яўген Нышчук, прадстаўляючы праект адпаведнага рашэньня сёньня на пасяджэньні ўраду.
Паводле яго, ад 2017 да 2021 году ва Ўкраіне будуць праводзіцца тэматычныя, інфармацыйныя, вучэбна-выхаваўчыя і культурна-мастацкія мерапрыемствы. «Нашы прапановы падтрымалі без заўваг усе датычныя ведамствы краіны», — дадаў міністар культуры.
Яўген Нышчук таксама паведаміў, што для ўдзелу ў афіцыйных мерапрыемствах з гэтай нагоды будуць запрошаныя і прадстаўнікі замежных дзяржаў.
Украінскія гісторыкі называюць рэвалюцыю 1917-1921 гадоў пачаткам нацыянальна-вызваленчай барацьбы ўкраінскага народу за сваю дзяржаўнасьць, але штуршком да яе аднадушна прызнаюць лютаўскую рэвалюцыю 1917 году ў Расейскай імпэрыі, калі цар быў адхілены ад улады. Тады ж ва Ўкраіне ўтварыўся альтэрнатыўны цэнтар улады — Украінская Цэнтральная Рада (УЦР), якая стала прадстаўнічым органам украінскіх дэмакратычных сіл і ўзначаліла нацыянальна-дэмакратычную рэвалюцыю ва Ўкраіне. Кіраўніком рады стаў Міхаіл Грушэўскі, якога лічаць першым прэзыдэнтам Украіны.
У пэрыяд 1917-1921 гадоў Украіна перажыла розныя формы нацыянальнай дзяржаўнасьці — Украінская народная рэспубліка, Украінская дзяржава, Заходняя ўкраінская народная рэспубліка, але дзяржаўную незалежнасьць утрымаць не змагла. Украінскія этнічныя тэрыторыі былі падзеленыя паміж СССР, Польскай Рэспублікай, Каралеўствам Румынія і Чэхаславацкай Рэспублікай. Такім чынам, Украінская нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя пацярпела паразу, але запачаткавала працэс фарміраваньня сучаснай палітычнай нацыі і адрадзіла традыцыю ўкраінскай дзяржаўнасьці.