Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая: «У нас ужо шок, а ніякай тэрапіі ўлада прапанаваць ня можа»


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая хоча працаваць у пастаяннай камісіі па эканамічным разьвіцьці альбо па бюджэце і фінансах.

Ганна Канапацкая выступае за тое, каб як найхутчэй праводзіць эканамічныя рэформы, бо «ў нас ужо шок, а ніякай тэрапіі ўлада прапанаваць ня можа». Ганна будзе ініцыяваць зьмены ў выбарчае заканадаўства. Абяцае хадзіць у парлямэнт зь бел-чырвона-белым значкам, «які сёньня зьяўляецца сымбалем апазыцыі». Са сваім штатным памочнікам і чатырма памочнікамі-валянтэрамі вызначылася, але прозьвішчы іх пакуль не называе. Спадзяецца прасоўваць разам з Аленай Анісім статус беларускай мовы, беларускай культуры, ідэю незалежнасьці. У панядзелак на брыфінгу ў АГП яна распавяла пра сваё бачаньне працы ў Палаце прадстаўнікоў і пляны на бліжэйшы час.

Пра эканамічныя рэформы і прыватную ўласнасьць як аснову разьвіцьця бізнэсу

«Для сябе я бачу магчымасьць эфэктыўна і якасна працаваць у камісіі па эканамічным разьвіцьці або, як запасны варыянт, у камісіі па бюджэце і фінансах. Таму што, мне падаецца, менавіта там будуць уздымацца тыя вострыя пытаньні, якія хвалююць мяне як чалавека, які атрымаў мандат. Гэта і праца індывідуальных прадпрымальнікаў, і прыцягненьне ў краіну інвэстыцыяў, стварэньне ў краіне такіх эканамічных і палітычных умоў, якія б прывабілі інвэстараў. Гэта не абавязкова могуць быць замежныя інвэстыцыі, але і ўнутраныя. Таму што сёньня ў краіне пакуль яшчэ ёсьць людзі, ёсьць бізнэсоўцы, якія маюць свабодныя сродкі і якія хочуць інвэставаць у эканоміку Беларусі. Але для гэтага патрэбны ня толькі эканамічныя рэформы, але і палітычныя.

Што да эканамічных рэформаў, адно з асноўных палажэньняў — гэта дэкрыміналізацыя, выключэньне з Крымінальнага кодэксу такога складу злачынства, як ілжэпрадпрымальніцтва. І ў гэтым кірунку з маёй ініцыятывы мы абʼяднаем намаганьні ўсіх дэмакратычных сіл.

Прыватная ўласнасьць — аснова разьвіцьця бізнэсу, і гэтага ня трэба баяцца. Чалавек-уласьнік заўсёды адказны за свае справы і ўчынкі ў бізнэсе».

Пра скарачэньне колькасьці міністэрстваў і кантрольных органаў

«Безумоўна, нам патрэбна дакладнае разьдзяленьне ўладаў, нам патрэбны незалежны суд. Трэба выкараніць такую колькасьць кантрольных органаў. Удумайцеся: цяпер у краіне 24 міністэрствы — гэта з нашым бюджэтам! Вялікая Брытанія, краіна зь іхнім бюджэтам, мае толькі 9 міністэрстваў. А ў нас 9 міністэрстваў і ведамстваў маюць права праводзіць праверкі і апэратыўна-пошукавую дзейнасьць. Гэта вельмі шмат».

Пра зьмены ў Выбарчы кодэкс

Мы і падчас выбарчай кампаніі казалі, і пасьля таго, як стала вядома, што мы атрымалі мандат, кажам, што ў Беларусі дагэтуль адсутнічаюць свабодныя і сумленныя выбары. І наша задача — вярнуць людзям права голасу. Таму я буду ад самага пачатку працы ў Палаце прадстаўнікоў ініцыяваць зьмены ў Выбарчы кодэкс. Мы зладзілі з правацэнтрысцкай кааліцыяй круглы стол, і па выніках была створана працоўная група, якая рыхтуе зьмены ў Выбарчы кодэкс. Я спадзяюся, яна падрыхтуе якасны прадукт, зь якім можна будзе працаваць у Палаце прадстаўнікоў.

Пра памочнікаў і кансультантаў, якіх павінна быць у дэпутата 14 — паводле колькасьці камісіяў

«Я ўжо вызначылася з тым памочнікам, які будзе працаваць непасрэдна ў выбарчай акрузе. Гэта чалавек, якому я давяраю і які прафэсіянал. Прозьвішча пакуль называць ня буду. Калі казаць пра іншых памочнікаў, цяпер ідзе абмеркаваньне, таму што шмат кандыдатур прафэсіянальных, якія ведаюць справу, могуць дапамагаць у працы, і іх значна больш, чым чатыры месцы, якія засталіся. Таму, хутчэй за ўсё, я буду выходзіць з ініцыятывай, каб унесьці зьмяненьні ў рэглямэнт працы і павялічыць колькасьць памочнікаў хаця б да 14 — паводле колькасьці пастаянных камісіяў. Калі гэта ня будзе падтрымана, мы выступім з прапановай увесьці такую пасаду, як кансультант-дарадца».

Пра супрацоўніцтва з Аленай Анісім

«Я пазнаёмілася са спадарыняй Аленай, у нас было дзьве сустрэчы. Яна вельмі мілая, прыемная жанчына, я спадзяюся, у нас можа атрымацца цікавае, плённае супрацоўніцтва. Прынамсі, я гарантую ёй сваю падтрымку. Безумоўна, з Аленай Анісім мы будзе паплечнікамі, асабліва ў прасоўваньні і ўзьняцьці статусу беларускай мовы, беларускай культуры, прасоўваньні ідэі, што Беларусь — незалежная дзяржава са сваёй мовай, гісторыяй і культурай».

Пра сваю прыналежнасьць да апазыцыі і бел-чырвона-белы сьцяжок на лацкане

«Магчыма, ня ўсе гатовыя, каб адкрыта сказаць аб сваёй пазыцыі. У мяне журналісты пытаюцца пра маральнасьць прыняцьця мандату. Я дакладна магу адказаць: я не пераступіла ніякую маральнасьць, таму што і пры зборы подпісаў, і пры правядзеньні агітацыйнай кампаніі я заўсёды казала, што мы належым да апазыцыйнай партыі. Мы выступалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, які сёньня зьяўляецца сымбалем апазыцыі. Мы адкрыта казалі, што супрацьстаім усяму нядобраму, што прапануе дзейная ўлада, асабліва выканаўчая, і мы кажам пра тое, што мы — апазыцыя, якая прыходзіць са сваёй праграмай рэформаў, і мы хочам рэалізоўваць гэтую праграму рэформаў, а ня проста націскаць на кнопкі.

Зь бел-чырвона-белым значкам я прыйшла і ў пятніцу на пасланьне кіраўніка дзяржавы, зь ім я буду хадзіць на паседжаньні. Я не саромеюся таго, што прадстаўляю апазыцыйную партыю. Таму што сёньня рэформы патрэбныя, яны неабходныя, што б ні казалі Лукашэнка з Андрэйчанкам. Людзі гатовыя да гэтых рэформаў. Па вялікім рахунку, у нас ўжо ідзе шок, а ніякай тэрапіі ўлада прапанаваць ня можа. А мы можам і гатовыя прапанаваць альтэрнатыву і быць наватарамі».

Таксама Ганна Канапацкая паабяцала выступіць з прапановай, каб усе журналісты былі дапушчаныя ў Авальную залю, а ня толькі зь дзяржаўных, праўладных СМІ: «Каб не было дыскрымінацыі».

На выбарах старшыні Палаты прадстаўнікоў яна пэўна ня будзе галасаваць за Ўладзімера Андрэйчанку, які ачольваў Палату ўжо два тэрміны:

«Андрэйчанка — дакладна ня наш кандыдат на пасаду старшыні Палаты. Лепш бы ён туды не вылучаўся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG