Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве апазыцыйныя дэпутаткі пакуль не разварушылі парлямэнцкае балота



Чым былі адметныя першыя дні працы дэпутатаў новага скліканьня Палаты прадстаўнікоў? Ці апраўдаліся спадзяваньні, што дзьве апазыцыйныя дэпутаткі могуць неяк разварушыць дэпутацкае аднадумства?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Палата прадстаўнікоў упершыню за апошнія некалькі скліканьняў пазбавілася сваёй стэрыльнасьці — цяпер у яе складзе ёсьць дзьве апазыцыйныя дэпутаткі. Што паказалі першыя дні працы новага скліканьня? Ці ўнесла гэтая акалічнасьць нейкія асаблівасьці і адрозьненьні?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Ганна Канапацкая і Алена Анісім пакуль, як выглядае, толькі знаёмяцца з дзейнасьцю Палаты. Напэўна, былі чаканьні, што Канапацкая вылучыць сябе на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў, каб выступіць з праграмнай прамовай, — але гэтага не адбылося. Чакалі, што Алена Анісім будзе больш прадстаўленая нацыянальнай сымболікай — але гэтага не было. Я думаю, у прынцыпе ня варта чакаць ад дзьвюх гэтых дэпутатак, што яны будуць рабіць тое, што мы ўсе будзем ім прапаноўваць.

«У прынцыпе ня варта чакаць ад двух гэтых дэпутатак, што яны будуць рабіць тое, што мы ўсе будзем ім прапаноўваць»


У цэлым жа сама праца Палаты прадстаўнікоў гэтыя дні была цалкам чаканая. Пасьля таго, як была вылучаная прапанова зноў пераабраць на сьпікера Андрэйчанку — то стала зразумела, што ўсё паўтараецца. І гэта адразу пацьвердзілася ў верхняй палаце — Савеце Рэспублікі, дзе таксама ўсё паўтарылася.


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Але былі спадзяваньні, што гэтыя дзьве апазыцыйныя дэпутаткі нават фактам сваёй прысутнасьці прымусяць астатніх дэпутатаў паводзіць сабе па-іншаму. Ці можна ўжо зараз, паводле першага тыдня працы, сьцьвярджаць, што на гэта ня варта было разьлічваць, і гэтая тэма закрытая?


Быкоўскі: Варта даць магчымасьць Канапацкай і Анісім неяк пабудаваць адносіны з іншымі дэпутатамі. Бо для таго, каб уплываць, гэтая самая меншасьць мусіць знаходзіць хаця б сытуацыйнае супадзеньне інтарэсаў, поглядаў з тымі ці іншымі дэпутатамі. На гэтым этапе было немагчыма чакаць, што яны будуць абраныя на нейкія пасады — гэта была б занадта тонкая гульня для нашых уладаў.


У першыя дні ўвогуле рэй вялі тыя дэпутаты, якія ўжо працавалі ў папярэдніх складах палаты. Я б адзначыў, што ў савет фактычна ня трапіў ніхто з больш менш гаваркіх дэпутатаў, з тых, хто задае нейкія пытаньні. Збольшага гэта людзі, якія, як чакаецца, будуць цалкам ляяльныя і спакойныя на гэтых пасадах.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чавусаў: У першыя дні працы здарылася адна рэч, на якую я б зьвярнуў увагу. З аднаго боку, яна тэхнічная, зь іншага — дастаткова дэманстратыўная. Я маю на ўвазе зьяўленьне новага дызайну сайту Палаты прадстаўнікоў, з якога зьнікла беларускамоўная вэрсія. З аднаго боку, гэта такі шчаўчок па носе дэпутатам Анісім і Марзалюку, якія заяўлялі, што будуць адстойваць інтарэсы беларускай мовы, якія заяўлялі, што будуць адстойваць разьвіцьцё беларускай мовы і культуры ў гэтым парлямэнце.

«Я чакаю ад Анісім і Марзалюка рэакцыі на новую вэрсію сайту Палаты прадстаўнікоў, у якой зьнікла беларуская мова»


Зь іншага боку, гэта сьведчаць пра тое, што магчыма ў гэтым парлямэнце дасягаць. Я ня думаю, што прапановы адносна прыняцьця законаў у двухмоўных вэрсіях магчыма рэалізаваць у такой сытуацыі. І я чакаю ад Анісім і Марзалюка рэакцыі на гэтую новую вэрсію інтэрнэт-старонкі парлямэнту.


Што да фармаваньня корпусу старшыняў камісіяў, то можна пагадзіцца, што гэта адбывалася па загадзя прапісаным сцэнары, бо большасьць дэпутатаў прадстаўляе адну палітычную сілу. Паступіла толькі адно пытаньне да будучых старшыняў камісіяў (ад Канапацкай), і мне падаецца, гэта тая схема, якая збольшага і будзе працаваць у гэтым парлямэнце — ад дэпутатаў будуць паступаць пытаньні, але яны ніяк ня будуць уплываць на вынікі галасаваньня.

Галасаваньне Канапацкай і Анісім па важных пытаньняў не было салідарным. І я думаю, што па большасьці пытаньняў яны ня будуць узгадняць свае пазыцыі. Але калі зьявяцца нейкія сапраўды важныя для

Гэта супала з заявай ЛДПБ аб неабходнасьці ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне

грамадзтва пытаньні, напрыклад, увядзеньне паправак, якія будуць пагаршаць становішча бізнэсу ці беларускай мовы — я думаю, у такіх тэмах іхнія меркаваньні будуць узгадняцца. Магчыма, што пры наяўнасьці двух дэпутатак, якія адкрыта выступаюць супраць, і іншым будзе прасьцей крытыкаваць прапановы выканаўчай улады.
Гэта супала з заявай ЛДПБ аб неабходнасьці ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

І яшчэ адзін аспэкт. Я б зьвярнуў увагу на тыя словы, якія сказаў новаабраны старшыня камісіі па міжнародных справаў, дасьведчаны дыплямат Валер Варанецкі. Ён упэўнена заявіў, што гэты склад Палаты прадстаўнікоў будзе ўключаны як у Эўранэст (Парлямэнцкую асамблею Ўсходняга партнэрства), так і — што было нечакана — у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы.

Гэта супала з заявай ЛДПБ аб неабходнасьці ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Паколькі роля ЛДПБ у беларускай палітычнай сыстэме вядомая — выглядае, што нас чакае нейкі тур перамоваў адносна магчымасьці вяртаньня ў ПАРЭ. Мяне зьдзівіла ўпэўненасьць, зь якой Варанецкі казаў пра гэтыя дзьве задачы.

Цыганкоў: Ці лічыце вы нейкім прыкметным знакам тое, што ў новым складзе Палаты павялічылася прадстаўніцтва левых партыяў? Можа, гэтыя дэпутаты будуць процістаяць тым «радыкальным» эканамічным пераменам, якія будуць прасоўваць беларускі ўрад «разам з МВФ»?


Быкоўскі: Я думаю, што ў Палаце далі магчымасьць зьявіцца партыйным дэпутатам у большай колькасьці, каб «палепшыць статыстыку». Але там заўсёды была (і засталася) большасьць людзей з дастаткова левымі поглядамі. Большасьць беларускага чынавенства сталага веку мае менавіта такія погляды.


Чавусаў: Гэта ўсё ўмоўна левыя. Дэпутаты камуністы ў старых скліканьнях зусім не праводзілі сваю камуністычную праграму. Калі зараз у парлямэнце ёсьць і патрыятычная і лібэральна-дэмакратычная партыя — ніхто ж не думае, што яны будуць праводзіць менавіта «патрыятычную» і «лібэральна-дэмакратычную» праграму. Гэта партыйныя брэнды, якія ня маюць нічога агульнага з тым, як галасуюць дэпутаты — бо дэпутаты прызначаныя. Яны цудоўна ведаюць, што трапілі ў парлямэнт не дзякуючы сваім партыям.


Можна пагадзіцца, што левая фразэалёгія будзе актыўна гучаць у гэтым парлямэнце. Але не дзеля таго, каб заблякаваць тыя рэформы, якія будзе прапаноўваць урад. А наадварот. Дзеля таго, каб прадэманстраваць падтрымку гэтага курсу, у тым ліку і прадстаўнікамі крайне левага флянгу і розных палітычных сілаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG