Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая атрымала запрашэньне на першую сустрэчу ў Палаце прадстаўнікоў


Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая гатовая да ўдзелу ў парлямэнцкіх баталіях і разьлічвае на падтрымку ўсіх дэмакратычных сілаў.

Пра гэта Ганна Канапацкая заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода пасьля круглага стала па зьмене выбарчага заканадаўства, які праводзіўся Абʼяднанай грамадзянскай партыяй зь яе ініцыятывы.

— Да першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў засталося роўна два тыдні. Ці гатовыя вы маральна да пачатку парлямэнцкіх баталіяў?

— Гатовая ня толькі маральна, але і фізычна, бо я была ў адпачынку, я бавіла час са сваімі дзецьмі, набралася сіл. Сёньняшняя сустрэча павінна была прадэманстраваць, што мы ідзем у парлямэнт не з пустымі рукамі і будзем рэалізоўваць усё тое, што мы казалі нашымі выбарцам. То бок мы ня проста кажам, мы кажам і адразу робім.

Я гатовая працаваць, гатовая прыкладаць усе свае веды і сілы. Канечне, я адна там ня спраўлюся, але калі мы будзем працаваць камандай ня толькі Абʼяднананай грамадзянскай партыі, але і ўсіх дэмакратычных сіл, ды можа нават і праўладных, але якія зацікаўленыя ў росквіце нашай краіны, то ў нас атрымаецца многае.

— Вы раней казалі, што ўспрымаеце Алену Анісім як свайго саюзьніка ў Палаце прадстаўнікоў, але сёньня яе на круглым стале не было. Ці запрашалі вы яе?

— Так, запрашалі, але ў яе не атрымалася прыйсьці.

— Якія ў вас бліжэйшыя пляны на пэрыяд да пачатку парлямэнцкай сэсіі?

— Па-першае, 29 верасьня ў мяне адбудзецца афіцыйная працоўная сустрэча ў парлямэнце — я ўжо атрымала запрашэньне. Але мы рыхтуемся да таго, што нам трэба адразу прыходзіць у парлямэнт працаваць, таму ў чацьвер, 29-га, у нас заплянаваны яшчэ адзін круглы стол — пра зьмены заканадаўства ў сфэры прадпрымальніцтва. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра адмену крымінальнага артыкула аб ілжэпрадпрымальніцтве, што моцна перашкаджае разьвіцьцю бізнэсу ў Беларусі. Безумоўна, мы будзем выкарыстоўваць гэтыя два тыдні, каб напрацоўваць матэрыял, зь якім можна было б працаваць у парлямэнце.

— Падчас сёньняшняга круглага стала была вялікая дыскусія наконт таго, якіх зьменаў у выбарчым заканадаўстве трэба дамагацца: праграмы-максымум аж да поўнай адмены датэрміновага галасаваньня, ці праграмы-мінімум зь менш кардынальнымі прапановамі. Які варыянт вам бліжэйшы?

— Я прытрымліваюся таго пункту гледжаньня, што мы робім заканадаўства не на заўтра і не на пасьлязаўтра. Мы робім заканадаўства для нашых дзяцей і, мабыць, унукаў, таму мы безумоўна павінны рыхтавацца да праграмы максымум. Мы павінны разумець, што сьвет ідзе наперад і мы павінны ня проста зьмяняць дзейнае заканадаўства, але і ўносіць свае навацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG