Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадзец з Заводзкага раёну: Тут усе размаўляюць па-ангельску, а беларуская мэдыцына ўражвае!


З аб’яваў пра скрадзеныя клюшкі для гольфу пра канадца, які жыве ў Заводзкім раёне, даведаўся ўвесь раён. Свабода пагаварыла зь Білам Джонсам, які трэці год жыве ў Менску.

Чым займаюся? Гуляю ў покер і гольф, хаджу ў паліклініку

Білу Джонсу 60. Усё жыцьцё ён займаўся продажамі ў самых розных кампаніях у Канадзе. Апошняе яго месца працы — намесьнік дырэктара па продажы ў Madison Industrial Equipments — кампаніі па продажы і аўтаматызацыі электрыкі ў Таронта.

Ашчаджэньні дазволілі яму выйсьці на пэнсію ў 55. І вось ужо пяць год у Біла звычайнае канадзкае пэнсійнае жыцьцё: цэлымі днямі ён гуляе ў покер і гольф. А паміж гульнямі ходзіць да дактароў.

Адзіная нетыповая акалічнасьць — Біл жыве ня ў прыгарадзе Таронта, а на ўскрайку Менску. У Заводзкі раён ён пераехаў да сваёй беларускай жонкі Натальлі ў канцы 2010 году. З таго часу раз на колькі месяцаў лётае ў Канаду да дзяцей і ўнукаў, а збольшага бавіць час у прыватным сэктары Паўночнага пасёлка.

«Чым я займаюся? Хаджу да лекараў ды даглядаю старых (бацькоў Натальлі. — РС)», — кажа Біл.

У 55 выйшаў на пэнсію і пераехаў у Менск

У 55 выйшаў на пэнсію і пераехаў у Менск

Даступная мэдыцына настолькі ўразіла Біла, што хадзіць да лекараў ледзь ня стала ягоным хобі.

«Проста каб спраўдзіць зрок, у Канадзе мне трэба чакаць некалькі месяцаў, — кажа Біл. — А тут я магу прыйсьці на прыём да афтальмоляга ў той жа дзень».

З 2011 году ў Біла від на жыхарства ў Беларусі, а таму ён можа карыстацца мэдычнымі паслугамі нароўні зь беларусамі. Адзінае, чаго ён ня можа рабіць, гэта галасаваць на выбарах.

«Я чуў пра галасаваньне ў Беларусі, і я не хачу галасаваць», — коратка і стрымана адказвае Біл.

У Беларусі Біл усім задаволены

У Беларусі Біл усім задаволены

Праз тое, што ў паліклініцы яго ўжо ведаюць, дактары запрашаюць Біла без чаргі.

«Да яго тут такая ўвага! — кажа Натальля. — Яшчэ ніколі Біл не сутыкаўся з праблемамі тут. Да яго тут усе вельмі добра ставяцца».

Ён так стараўся вымавіць слова «масла», што прадавачкі спалохаліся

У расейскамоўным асяродзьдзі Біл жыве ўжо шосты год. Але мовы так і ня вывучыў. Па-першае, зь ім паўсюль ходзіць жонка. Па-другое, многія беларусы добра размаўляюць па-ангельску. Прынамсі, такіх часта сустракае канадзец.

«Большасьць маладых людзей даволі добра ведаюць ангельскую мову», — кажа Біл.

Натальля апавядае, што часта ім сустракаюцца людзі, якія могуць некалькі хвілін тлумачыць, што яны ня ведаюць мовы. І гэта яны распавядаюць па-ангельску.

Калі Біла не разумеюць — ён уключае онлайн-перакладчык. Праўда, не заўжды дакладны

Калі Біла не разумеюць — ён уключае онлайн-перакладчык. Праўда, не заўжды дакладны

«Мы вельмі моцна недаацэньваем сябе, — кажа яна. — Гэта, бадай, такая нацыянальная рыса».

Колькі разоў яго дамоў прывозілі выпадковыя людзі, у якіх ён пытаўся дарогі.

«Яны кідалі свае справы, сядалі ў машыну да Біла і завозілі яго дамоў».

Самыя простыя выразы па-расейску Біл усё ж такі ведае. Калі Натальля пасылае яго ў краму, піша яму на цыдулцы, што набыць.

«У яго вельмі моцны акцэнт, і часам людзі не разумеюць, чаго ён хоча, — кажа жонка. — Аднойчы ён напалохаў прадавачку, выкрыкваючы „мазла!“ Гэта ён хацеў набыць масла, і вельмі стараўся вымавіць гэтае слова правільна».

Таксама часам Біл карыстаецца галасавым перакладчыкам Google Translate. Але пераклад выходзіць вельмі ўмоўны. Напрыклад, клюшка па-ангельску — club. І калі ён надыктоўвае «20 клюшак», зь перакладчыка выходзіць «20 клюбаў».

«Таму я амаль ім не карыстаюся», — кажа Біл.

Біл, як заўжды, настроены пазытыўна

У ідэальнай Беларусі Біл жыў да мінулага тыдня. Рабочы, што дапамагаў ім з рамонтам на ўчастку, скраў два наборы клюшак для гольфу і прадаў каля бліжэйшай крамы.

Вось гэтую трэніровачную клюшку «перапрадалі» Білу за 200 тысяч рублёў

Вось гэтую трэніровачную клюшку «перапрадалі» Білу за 200 тысяч рублёў

«Першы раз з намі нешта падобнае здарылася», — кажа Натальля.

У гольф Біл гуляў усё жыцьцё. Працуючы з патэнцыйнымі кліентамі, ён праводзіў перамовы і на полі для гольфу.

Толькі летась ён даведаўся, што ёсьць свой гольф-клюб і ў Менску. За 2 км ад МКАД, дзе будуецца першы беларускі таўн-хаўз «Грынвіч», з 2007 году працуе менскі гольф-клюб. Летась у ім было пад 50 чалавек, штогод праводзіцца аматарскі турнір.

Каб трэніравацца, Біл прывёз клюшкі з Канады. Іх агульны кошт ён ацэньвае ў 2,5 тысячы даляраў. Яшчэ пару соцень даляраў каштуюць дзьве сумкі, якія скралі разам з клюшкамі.

«Але найбольшая каштоўнасьць ня ў грошах, — кажа Біл. — Купіць новы набор можна хоць сёньня. Але каб знайсьці „сваю“ клюшку, трэба памяняць дзьве-тры».

Купіць клюшку — не праблема. Праблема — знайсьці сваю

Купіць клюшку — не праблема. Праблема — знайсьці сваю

У той жа сумцы быў яшчэ набор для пачаткоўцаў — вучыцца гуляць у гольф пачала і Натальля. Усе гэтыя клюшкі рабаўнік прадаў за 1,5 мільёна рублёў. Знайсьці яго дапамаглі ахоўнікі з крамы. Яны ж адабралі ў рабаўніка адну клюшку. Пакуль гэта ўсё, што засталося ў Біла.

«Калі б гэта здарылася ў Амэрыцы, людзі адразу выклікалі б паліцыю, — кажа Біл. — Ніхто б не купляў клюшкі, гэта ж відавочна, што яны крадзеныя. Дый навошта яны людзям, якія не гуляюць у гольф?»

Мясцовыя дзеці за марозіва расклейваюць па раёне аб’явы пра крадзеж. Біл папрасіў Натальлю запісаць усю гісторыю і дадаць, што яны заплацяць людзям за клюшкі даражэй, чым тыя аддалі злодзею.

«Пакуль нам вярнулі толькі адну клюшку, — кажа Натальля. — Яшчэ аднаго разу патэлефанавалі дзеці, казалі, што бачаць чалавека з клюшкай. Але па апісаньні я пазнала Біла».

З адной клюшкай на корт можна езьдзіць толькі гледачом

З адной клюшкай на корт можна езьдзіць толькі гледачом

Сэзон гольфу цягнецца да кастрычніка. Калі Білу ня вернуць скрадзеныя клюшкі, ён думае ляцець у Канаду па запасны набор.

«Біл, напэўна, адзіны чалавек, які да ўсяго пазытыўна настроены ў Беларусі. Ён спадзяецца, што атрымае клюшкі назад. Як толькі мы раздрукавалі аб’явы, ён пабег здымаць грошы. Кажа, што ўжо заўтра прыйдуць людзі, а мне ня будзе чым заплаціць. Але, на жаль, нам так ніхто й не ператэлефанаваў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG