Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камуністы збудуюць «нацыянальную плятформу» бяз шкоднай апазыцыі


Ігар Карпенка, архіўнае фота

Ігар Карпенка, архіўнае фота

У Менску праходзіць пазачарговы зьезд камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), падчас якога верныя ленінцы акрэсьлілі сваё месца ў маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. У прыватнасьці, як заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэту КПБ Ігар Карпенка, да важнай палітычнай кампаніі трэба падрыхтаваць «адзіную нацыянальную плятформу».

У размове з журналістамі таварыш Карпенка паведаміў, што падставай да заклапочанасьці сталі падзеі ва Ўкраіне. Ён адзначыў, што размаўляў з украінскімі камуністамі, якія прыехалі ў госьці да беларускіх калегаў. Тыя паскардзіліся, што фактычна адбываецца «знішчэньне палітычнага апанэнта» — камуністычнай партыі Ўкраіны: «Спрабуюць стварыць заканадаўчую базу ў справе па асуджэньні так званай камуністычнай сымболікі, пад гэта падганяюць працэс, зьвязаны з закрыцьцём кампартыі. Мы гэтага дапусьціць ня можам», — заявіў Карпенка, дадаўшы, што на гэтым тле тым больш важна захаваць мір і згоду ў Беларусі. Дзеля гэтага беларускія камуністы гатовыя прадставіць на выбарах «адзіную нацыянальную плятформу».

Зрэшты, яднацца з усімі пластамі грамадзтва задача не стаіць. Як сказаў Карпенка, акцэнт будзе зроблены на правераны электарат: «Шмат ідзе развагаў на прадмет структуры грамадзянскай супольнасці: ёсьць яна ці не? Наш зьезд — гэта паказьнік стану грамадзянскай супольнасьці. У нас ёсьць свой сэгмэнт электарату, мы прадстаўленыя і ў парлямэнце, і ў мясцовых органах самакіраваньня».

Карпенка пры гэтым удакладніў, што левы рух ня мае ніякага дачыненьня да апазыцыі: «Мы хочам паказаць, што левы рух фармуецца не ў апазыцыйным блёку. Ён фармуецца якраз у базе камуністычнай партыі Беларусі, гэта значыць, тых людзей, якія разумеюць сацыяльна арыентаваны курс беларускай дзяржавы, які абвяшчае ідэі сацыяльнай справядлівасьці і пабудовы дзяржавы для народа», — адзначыў камуніст Карпенка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG