Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сьлед пакінуў Шымон Пэрэс у Ізраілі, Беларусі і сьвеце?


Шымон Пэрэс
Шымон Пэрэс
Беларуская дыпляматыя ня ўмее выкарыстоўваць людзей, якія тут нарадзіліся.

У чым гістарычная заслуга нобэлеўскага ляўрэата Шымона Пэрэса? Як Беларусь выкарыстоўвае гістарычную габрэйскую спадчыну?

Глод: У шпіталі пад Тэль-Авівам учора памёр Шымон Пэрэс. Пэрэс быў прэзыдэнтам Ізраілю, узначальваў урад краіны. Аднак найбольшую вядомасьць наш зямляк атрымаў, калі быў міністрам замежных спраў. У 1992 годзе ён правёў сакрэтныя перамовы зь лідэрам Арганізацыі вызваленьня Палестыны Ясірам Арафатам. У выніку іх былі падпісаныя мірныя пагадненьні паміж арабамі і габрэямі. За гэта Пэрэс, Арафат і тагачасны прэм’ер-міністар Ізраілю Іцхак Рабін атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру.

Сямён Перскі, а менавіта так першапачаткова зваўся Шымон Пэрэс, нарадзіўся 2 жніўня 1923 году ў мястэчку Вішнева на Валожыншчыне, якая тады была пад Польшчай. У той час у Вішневе жыло каля дзьвюхсот габрэйскіх семʼяў. У 1934 годзе Сямён разам зь сям’ёю пераехаў у Палестыну і зрабіў пазьней дзяржаўную кар’еру ў Ізраілі.

У Беларусь Шымон Пэрэс упершыню пасьля адʼезду вярнуўся ў 1994 годзе, у тым ліку пабываў на месцы дома сваёй сямʼі ў Вішневе. Затым вяртаўся ў 1998 годзе, пабываў у Валожынскай ешыве, усклаў кветкі на брацкую магілу, дзе ляжыць ягоны дзед, якога ў 1942 годзе спалілі гітлераўцы. Сам дом Перскіх не захаваўся — нацысты спалілі ўсю вёску.

Кажучы пра Беларусь, Пэрэс асабліва падкрэсьліваў, што гэта краіна на рэдкасьць талерантная да габрэйскага насельніцтва.

Шымон Пэрэс неаднойчы казаў, што ніколі ня можа забыцца пра Вішнева. І ня толькі таму, што тут ён нарадзіўся. Тут жылі беларускія габрэі. І гэта яны разам з расейскімі і польскімі габрэямі зрабілі тое, чаго ніхто ніколі ў сусьветнай гісторыі не рабіў. Яны стварылі габрэйскую дзяржаву пасьля 2000 гадоў блуканьняў па сьвеце. Адрадзілі іўрыт, стварылі войска, прамысловасьць, увайшлі ў кагорту разьвітых эканамічна краінаў.

Кажучы пра Беларусь, Пэрэс асабліва падкрэсьліваў, што гэта краіна на рэдкасьць талерантная да габрэйскага насельніцтва, што каля 800 тысяч габрэяў, якія жылі перад другой сусьветнай вайной на тэрыторыі Беларусі, прычыніліся да барацьбы з фашызмам.

Як палітык Шымон Пэрэс адзначыўся вельмі цёплым стаўленьнем да розных людзей. Ён увесь час езьдзіў у госьці і прымаў гасьцей, пастаянна дамаўляючыся і пастаянна наладжваючы сяброўскія адносіны тут і там. І, што характарызуе яго як вельмі яркага палітыка, на кожнай такой сустрэчы ён абавязкова прасоўваў розныя ізраільскія ініцыятывы.

Некаторыя лічаць, што са сьмерцю Пэрэса скончылася эпоха вялікіх палітыкаў Ізраілю. На іх месца прыйдуць новыя людзі, але такіх волатаў ужо ня будзе. Вы, калегі, згодныя з такой ацэнкай дзейнасьці Шымона Пэрэса?

Каліноўскі: Ці будуць яшчэ такія вялікія людзі, як Шымон Пэрэс? Напэўна будуць, гісторыя чалавецтва на гэтым не канчаецца. Але ці будзе яшчэ хто айцамі-заснавальнікамі дзяржавы пасьля 2000 гадоў нябыту, я маю на ўвазе Ізраіль? Малаверагодна.

Беларусі такія людзі таксама былі б патрэбныя, як на пачатку 90-х, так і цяпер, калі ідзе складанае станаўленьне беларускай дзяржавы — таксама пасьля стагодзьдзяў акупацыі, русыфікацыі і нябыту.

Беларусі таксама трэба адраджаць сваю мову, як гэта сталася з іўрытам у ХІХ стагодзьдзі, амаль з нуля. Ну, можа, беларуская мова знаходзіцца ў больш камфортных умовах, чым іўрыт, які быў толькі мовай сынагогі. Але ў Беларусі іншая, больш складаная рэлігійна-нацыянальная сытуацыя.

Шымон Пэрэс неаднойчы наведваў Беларусь, калі ня меў дзяржаўных пасадаў, наведваў Менск і Вішнева па лініі агенцтва «Сахнут», сьціпла спыняўся ў гатэлі «Арбіта». Ён меў вялікі сантымэнт да сваёй роднай вёскі, наведваючы яе ў 1994 годзе, да Валожына, дзе сотні людзей у 1994 годзе сабраліся, каб прывітаць свайго знакамітага земляка. Некаторыя з прысутных нават памяталі і самога Шымона Пэрэса, і яго сям’ю. Пэрэс піў ваду з таго калодзежа, зь якога піла яго сям’я да эміграцыі ў 30-я гады. Тыя ж, хто ня выехаў, на жаль, былі забітыя і ляжаць цяпер у брацкай магіле ў Вішневе.

Mы павінны дбаць пра іншых землякоў-габрэяў, не парываць зь імі сувязі, і зь дзяржавай Ізраіль таксама.

Пакуль Беларусь не да канца ацаніла вялікую постаць гэтага чалавека, яго жыцьцёвы шлях, той унёсак, які зрабіў Пэрэс у мірны працэс на Блізкім Усходзе і наагул у міжнародныя стасункі. У апошнія гады, калі палітычнае жыцьцё шмат якіх краін азмрочылі падатковыя, маёмасныя і іншыя скандалы, Шымон Пэрэс паказваў, як трэба служыць сваёй краіне — абсалютна бескарысьліва, не імкнучыся скарыстаць высокую пасаду для асабістых мэтаў. Такія волаты міжнароднай палітыкі, на жаль, сыходзяць, і трэба адзначыць іх у нас, на Беларусі, раз мы маем гонар называць Шымона Пэрэса сваім былым земляком. І мы павінны дбаць пра іншых землякоў-габрэяў, не парываць зь імі сувязі, і зь дзяржавай Ізраіль таксама.

У Беларусі заўсёды была прыязная гісторыя адносінаў з габрэямі. У Беларусі і Літве не было пагромаў, як у Расеі. Габрэйская меншасьць зрабіла значны ўнёсак у нашу гісторыю, эканоміку цягам соцень гадоў, габрэі пакутавалі разам зь беларусамі і жылі ў прыязнай атмасфэры, і цяпер хоць іх мала, але габрэі застаюцца ў Беларусі, трэба дбаць пра іх помнікі, могілкі, месцы пакут. І памятаць пра сваіх вялікіх землякоў. Партрэт Шымона Пэрэса я бачыў днямі ў шэрагу іншых народжаных у Беларусі выбітных дзеячаў на сьвяце габрэйскай культуры ў цэнтры Менску.

Карбалевіч: Шымон Пэрэс — выбітны дзяржаўны дзеяч, і ня толькі Ізраілю. Яму належыць гістарычная заслуга фактычна ўрэгуляваньня блізкаўсходняга канфлікту, падпісаньне мірнай дамовы з Арганізацыяй вызваленьня Палестыны, зь яе кіраўніком Ясірам Арафатам. Гэта гістарычная падзея, якая ўжо аказала і яшчэ акажа доўгатэрміновы ўплыў на ўвесь рэгіён. Апошнія пяць гадоў Блізкі Ўсход кіпіць: там адбываюцца вялікія забурэньні, войны, рэвалюцыі. Гэтыя забурэньні ўжо выплюхнуліся за межы рэгіёну, дакаціліся да Эўропы. Там адбываюцца тэракты, Эўропу запаўняюць уцекачы з Блізкага Ўсходу. Вядома, што Ізраіль усе арабы лічаць ворагам. Аднак усе гэтыя забурэньні фактычна ніяк не кранаюць адносіны арабскіх краін з Ізраілем. Палестына ніяк не рэагуе на зьяўленьне «Ісламскай дзяржавы». У значнай ступені гэта вынік той дамовы паміж Ізраілем і Арганізацыяй вызваленьня Палестыны, падпісанай з удзелам Шымона Пэрэса. Невыпадкова ён стаў за тую дамову ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Яшчэ адзін выхадзец зь Беларусі — нобэлеўскі ляўрэат.

Вядома, што Беларусь — радзіма значнай часткі ізраільскай палітычнай эліты. Тут у часы царскай Расеі праходзіла мяжа аселасьці габрэяў, таму яны складалі значную частку, а ў некаторых выпадках дамінуючую, насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі. Падаецца, Беларусь слаба выкарыстоўвае гэты факт. Ізраіль два разы ліквідоўваў сваю амбасаду ў Беларусі. Здаецца, беларуская дыпляматыя ня ўмее выкарыстоўваць людзей, якія тут нарадзіліся, каб лабіраваць беларускія нацыянальныя інтарэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG