Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патураў старшыня аблвыканкаму Дворнік


Уладзміер Дворнік

Уладзміер Дворнік

Над кіраўніком Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімерам Дворнікам згушчаюцца хмары: Аляксандар Лукашэнка вынес яму папярэджаньне пра няпоўную службовую адпаведнасьць.

У паведамленьні прэсавай службы кіраўніка дзяржавы сказана, што спагнаньне гомельскаму кіраўніку вынесена «за патураньне, дапушчаныя недахопы і пралікі ў кадравай працы, непрыняцьце належных мераў па выкананьні заканадаўства аб дзяржаўнай службе і барацьбе з карупцыяй».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Дворнік нібыта сам езьдзіў у Менск і прасіўся ў адстаўку. Але яго пакінулі на пасадзе, указаўшы на няпоўную службовую адпаведнасьць. А папярэднічаў гэтаму ператрус у аднаго з раней затрыманых намесьнікаў старшыні аблвыканкаму. У таго сьледчыя нібыта знайшлі вялікую суму эўра, раскладзеных па капэртах. І на капэртах — прозьвішчы.

Так гэта ці не, будзе неўзабаве вядома з матэрыялаў расьсьледаваньня, якое вядзецца ў дачыненьні да першага намесьніка Дворніка Віктара Банчука і намесьніка Віктара Трызны. Зразумела, калі Сьледчы камітэт агучыць вынікі дасьледаваньня.

Абодвух згаданых намесьнікаў супрацоўнікі Сьледчага камітэту затрымалі тры тыдні таму — 19 траўня. Іх абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю й службовымі паўнамоцтвамі. І паўнамоцтвы гэтыя, наколькі вядома, асабліва выявіліся ў мясаперапрацоўчай галіне.

І Банчук, і Трызна пасады ў аблвыканкаме атрымалі пры яўнай згодзе Ўладзімера Дворніка. Першы з двух намесьнікаў да гэтага ачольваў райвыканкам у Рагачове, другі — быў кіраўніком спраў аблвыканкаму.

Сам Уладзімер Дворнік прызначаны на пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкаму ў 2010 годзе, неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Гомельшчына, як звычайна, дала высокі паказьнік падтрымкі дзейнага кіраўніка дзяржавы, і папярэдніка Дворніка, Аляксандара Якабсона, які кіраваў выканкамам амаль дзесяць гадоў, Лукашэнка забраў у сталіцу галоўным кантралёрам.

Родам Уладзімер Дворнік з Ровенскай Слабады, што пад Рэчыцай. Яму 51 год. Да прызначэньня «на вобласьць» доўгі час працаваў вэтэрынарным лекарам у Мазырскім раёне, потым кіраўніком саўгасу-камбінату «Зара». Пры фінансавай падтрымцы нафтаперапрацоўчага заводу камбінат пры Дворніку падняўся, займеў свае перапрацоўчыя цэхі і гандлёвую сетку «Дары ад «Зары».

Руплівага гаспадарніка заўважылі і паставілі ачольваць Мазырскі райвыканкам.

Мясцовы грамадзкі актывіст Уладзімер Целяпун кажа, што Дворнік падчас свайго старшынёўства ў Мазыры запомніўся гараджанам тым, што зьвярнуў увагу на ўскрайкі гораду:

«Уладзімер Дворнік — больш гаспадарнік, чым палітык. Для жыхароў Мазыра яго кіраваньне запомнілася тым, што ён зьвярнуў увагу на парадкаваньне ўскраінаў гораду.

У параўнаньні з кіраўнікамі іншых абласьцей Дворнік не такі публічны, ён не выступае зь нейкімі значнымі ініцыятывамі. Ён выканаўца тых рашэньняў, якія прымаюцца на самым версе. А для працы з кадрамі трэба быць лідэрам. Трэба кантраляваць выкананьне імі службовых абавязкаў, аналізаваць дзейнасьць».

Гомельскі палітык Васіль Палякоў лічыць, што Дворнік з усіх апошніх кіраўнікоў рэгіёну — найслабейшы і найменш падрыхтаваны:
Ён быў неблагі гаспадарнік. А ў ролі кіраўніка вялікага рэгіёну — звычайны, іншым разам нават бяздумны выканаўца
«Што Дворніку ўказана на няпоўную службовую адпаведнасьць, гэта цалкам заканамерна. Зьдзіўляюся, як яго наагул пакінулі на пасадзе пасьля гучных карупцыйных скандалаў. Ня нейкія там клеркі, а цэлыя два намесьнікі, у тым ліку і першы, замяшаныя ў карупцыі — гэта як патлумачыць? На мой погляд, з усіх апошніх кіраўнікоў вобласьці Дворнік — самы непадрыхтаваны. Ён быў неблагі гаспадарнік. А ў ролі кіраўніка вялікага рэгіёну — звычайны, іншым разам нават бяздумны выканаўца. Замест таго каб займацца людзьмі са свайго атачэньня, якія раскрадалі і раскрадаюць бюджэтныя грошы, Дворнік заняўся суцэльным зьнішчэньнем на Гомельшчыне дрэваў і зялёных насаджэньняў уздоўж дарог.

Заўважце, не эканомікай рэгіёну, не чарнобыльскімі праблемамі, не здароўем насельніцтва, а банальным зьнішчэньнем зялёных пасадак».

Тым часам Гомельшчыну скаланаюць карупцыйныя скандалы. За кратамі апынуўся былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, які разьмяркоўваў кватэры, пабудаваныя за бюджэтныя грошы, сваякам і патрэбным людзям, у тым ліку і з аблвыканкаму. У «кватэрных справах» аказаліся замяшаныя былыя першы намесьнік Дворніка Аляксандар Баранаў, памочнік старшыні Аляксандар Урубель.

У апошнія гады пад крымінальны перасьлед трапілі за незаконнае атрыманьне ці выдзяленьне зямельных участкаў намесьнікі старшыняў выканкамаў у Рэчыцы, Гомелі-сельскім, Ельску, а таксама былы кіраўнік раённай «вэртыкалі» ў Ветцы.

Зьняты з пасады за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў» начальнік УКДБ Іван Ляскоўскі з трыма падначаленымі яму кіраўнікамі гэтага ведамства. Праўда, у дадзеным выпадку Ўладзімер Дворнік наўрад ці мог нешта прадухіліць. Кіраўнікам абласьцей хоць і прысвоілі генэральскія званьні, але паўплываць, скажам, на кіраўнікоў рэгіянальных сілавых структураў — міліцыі ці КДБ — ім досыць складана, бо тых падбіраюць і прызначаюць зь Менску.
XS
SM
MD
LG