Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбная вайна палоў, альбо Некалькі тэзісаў супраць сучаснага фэмінізму


Фэміністкі ў значнай ступені дабіліся свайго — частка мужчын па ўсім сьвеце дзякуючы ім адкідвае прынцып «жанчыны слабыя і пяшчотныя, ім трэба дапамагаць» і пераходзяць да ўспрыманьня жанчынаў як канкурэнтаў і нават праціўнікаў.

Гучная гісторыя з сэксісцкай кашуляй брытанскага навукоўца Мэта Тэйлара, якая ўзбударажыла ўсясьветныя сацыяльныя сеткі, чарговы раз актывізавала ў грамадзтве дыскусію пра фэмінізм, ягоную ролю, канчатковыя мэты і адэкватнасьць формаў барацьбы. У той жа час у Беларусі многіх зьбянтэжылі, калі не шакавалі, вынікі галасаваньня ў газэце «Наша ніва», калі на пытаньне «Ці ёсьць у Беларусі гендэрная роўнасьць?» 37 працэнтаў адказалі — «Не, мужчыны ў нас дыскрымінаваныя», і толькі 30 — «Не, жанчыны ў нас дыскрымінаваныя».

У сёньняшнім сьвеце — на Захадзе, ды і ў Беларусі — ужо фактычна немагчыма сустрэць рэальнасьць, дзе правы жанчыны неяк абмежаваныя ў заканадаўчым сэнсе. Таму сёньняшнія фэміністкі вядуць зацятае змаганьне не за юрыдычныя правы жанчынаў, а супраць «патрыярхальнага грамадзтва», ягоных «забабонаў», за «квоты», за «прапорцыі» і гэтак далей. Самыя яркія прыклады гэтай барацьбы выглядаюць такім чынам — альбо абрынуцца на навукоўца за «сэксісцкую» кашулю, альбо ваяваць з Макдональдсам за гендэрную прыналежнасьць цацак, альбо змагацца за адмену ўжываньня нейкага няправільнага слова, альбо знаходзіць «нэгатыўную аб’ектывізацыю» ў фатаздымках з вышыванкамі.

Мне моцна не падабаецца дэмагагічная прэтэнзія фэміністак, што «ўсе прагрэсіўныя людзі павінны быць фэміністамі». На сёньня фэмінізм — гэта пераважна левы палітыка-ідэйны рух, часта ня проста левы, а выразна марксісцкі. Людзі, якія маюць правыя, хрысьціянскія, правалібэральныя і кансэрватыўныя перакананьні, апрыёры ня могуць быць фэміністамі. Якая тады размова пра тое, што «кожны сумленны чалавек павінен быць фэміністам»?

Што да жаночых квот. Чаму я павінен падтрымліваць квоты для жанчын, то бок дыскрымінацыю групы людзей (мужчын) па гендэрным прынцыпе? Патрабаваць прапарцыйнае прадстаўніцтва жанчын сярод, напрыклад, кіраўнікоў кампаніяў — гэта тое самае, што патрабаваць, каб сярод іх былі прапарцыйна прадстаўленыя розныя нацыі. Ну сапраўды, чаму сярод мільярдэраў так шмат габрэяў і так мала чорных?

Калі вы сапраўды змагаецеся за роўнасьць, дык патрабуйце, каб у Беларусі жанчыны выходзілі на пэнсію не на пяць гадоў раней, а разам з мужчынамі, ці каб прызываліся ў войска нароўні з мужчынамі. Нешта я ня чуў такіх патрабаваньняў ад беларускіх фэміністак.

Квоты відавочна зьніжаюць актыўнасьць і ініцыятыўнасьць, прытупляюць пачуцьцё канкурэнцыі — «навошта змагацца на роўных, калі я атрымаю гэта па квоце»

Я вельмі рады, што ў Эўропе ўсё больш жанчын сярод кіраўнікоў дзяржаваў, сярод міністраў абароны, — але дасягаецца гэта ўсё разьвіцьцём грамадзтва і актыўнасьцю саміх жанчын, а ня квотамі. Квоты відавочна зьніжаюць актыўнасьць і ініцыятыўнасьць, прытупляюць пачуцьцё канкурэнцыі — «навошта змагацца на роўных, калі я атрымаю гэта па квоце». Усе самыя вядомыя жанчыны ў сьвеце — ці то палітыкі, ці мільярдэркі — дасягнулі свайго без усялякіх квотаў.

Яшчэ больш бянтэжыць галоўны ідэйны тэзіс фэміністак, што мужчыны і жанчыны ва ўсім аднолькавыя. Калі факты кажуць пра іншае, — тым горш для фактаў. Усе адрозьненьні ў псыхалёгіі, паводзінах ды нават у фізіялёгіі фэміністкі зводзяць да нейкіх сацыяльных і гістарычных аспэктаў. «Калі фэміністкі любяць жанчын, чаму яны ўвесь час спрабуюць зьмяніць нас? — піша амэрыканская публіцыстка Молі Хэмінгуэй. — Я люблю быць жанчынай... Але адзін момант, калі я пачынаю думаць кепска пра свой пол — гэта калі фэміністкі пачынаюць казаць мне, што я ўсё раблю ня так».

Здаецца, даўно знойдзена прымальная формула, здольная прымірыць усіх — «Мы роўныя, але розныя». З-за сваіх адрозьненьняў у розных сфэрах мы дасягаем розных посьпехаў. Але многім сучасным фэміністкам не патрэбныя «формулы, якія прыміраюць усіх». Бо ім, як часам здаецца, не патрэбны мір, ім патрэбная вайна палоў. Частка мужчын па ўсім сьвеце ўжо пачалі агрызацца, яны ўжо (дзякуючы фэміністкам) адкідваюць прынцып «жанчыны слабыя і пяшчотныя, ім трэба дапамагаць» і пераходзяць да ўспрыманьня жанчын як канкурэнтаў і нават праціўнікаў. Я ня бачу, каб каму-небудзь гэтая вайна прынесла карысьць і посьпех, але думаць пра наступствы сваіх дзеяньняў уласьціва далёка ня ўсім людзям.

Чым болей посьпеху дабілася жанчына, тым меней ёй патрэбная абарона з боку фэміністак

Іншы асноўны тэзіс фэмінізму — пра апрыёрную, бязьмерную, злачынную эксплюатацыю жанчын мужчынскім полам. Як напісала пісьменьніца Юлія Чарняўская ў сваім эсэ «Чаму я не фэміністка»: «Наш дамарослы фэмінізм падграбае ўсе гэтыя выпадкі пад агульны грэбень. Ён цяжка зворы. Гэтая хвароба — „параноя“. Спрадвечны погляд на мужчыну як на істоту, якая прагне вас заняволіць. Нецярплівае чаканьне гэтага заняволеньня. І разьдзіманьне з мухі слана — калі чаканага заняволеньня не наступае». Здаецца, да некаторых фэміністычных тэзісаў вельмі пасуе анэкдот савецкіх часоў: «Пры капіталізьме адбываецца эксплюатацыя чалавека чалавекам, а пры сацыялізьме — наадварот».

Фэміністкі прымушаюць жанчынаў думаць, што яны слабыя і прыгнечаныя, але многія жанчыны жывуць зь іншым адчуваньнем — што на самой справе менавіта яны кіруюць сьветам. Жанчыны моцныя, даюць рады тым праблемам, зь якімі не спраўляюцца мужчыны. На гэтым фоне ныцьцё фэміністак пра тое, што жанчыны прыгнечаныя і ахвяры эксплюатацыі, раздражняе часта саміх жанчынаў. Чым болей посьпеху дабілася жанчына, тым меней ёй патрэбная абарона з боку фэміністак. Можна знайсьці шмат антыфэміністычных цытатаў з вуснаў славутых жанчын, але я выберу Маргарэт Тэтчэр: «Фэміністкі нашкодзілі жаночаму пытаньню, чым толькі маглі, перакрыкваючы нас, каб, ня дай божа, мы што-небудзь не маглі зрабіць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG