Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутар за 5 даляраў паступіў у продаж


Raspberry Pi Zero меншы за любы тэлефон і працуе на Linux.

Фонд Raspberry Pi выпусьціў у продаж у ЗША і Вялікабрытаніі кампутар Zero. Апарат мае памеры 65×30×5 мм і каштуе 5 даляраў, альбо 4 фунты.

Нягледзячы на мінімальны кошт, прыладу можна лічыць паўнавартасным кампутарам. Яна мае ARM11-працэсар Broadcom BCM2835, які працуе на частаце 1 ГГц, 512 Мб апэратыўнай LPDDR2-памяці, mini-HDMI і два mini-USB парты, а таксама 40 дадатковых партоў GPIO header і незмантаваны кампазытны відэавыхад.

Кампутар працуе на апэрацыйнай сыстэме Raspbian — дыстрыбутыве Linux на базе Debian, адаптаваным пад сваё «жалеза». Апэрацыйная сыстэма мае ўласную онлайн-краму праграмаў, у якой можна знайсьці як офісныя праграмы, плэеры ці калькулятары, так і нескладаныя гульні. Напрыклад, для Raspberry Pi існуе адаптаваная вэрсія папулярнай гульні Minecraft і пакет офісных рэдактараў Libre Office.

Папярэдняя вэрсія кампутара кампаніі, Raspberry Pi 2 за 35 даляраў, падтрымлівала Windows 10 у вэрсіі для «інтэрнэту рэчаў» — пра падтрымку Windows на Zero пакуль не паведамляецца, але тэарэтычна магчымая і яна. Ранейшыя вэрсіі кампутара таксама неафіцыйна падтрымлівалі Firefox OS.

Ад выпуску першага кампутара Raspberry Pi ў 2012 годзе было прададзена каля 6 млн апаратаў розных мадыфікацыяў. Яны выкарыстоўваліся як для навучаньня праграмаваньню і стварэньня невялікіх робатаў, так і дзеля таго, каб ствараць хатнія мэдыяцэнтры, мэтэастанцыі альбо ператвараць тэлевізары ў кампутары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG