Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампрамат на Ўдальцова зьбіраў беларускі КДБ


Сяргей Удальцоў
Сяргей Удальцоў

Пра гэта сёньня піша расейская газэта «Известия» са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Расеі (СКР) Уладзімера Маркіна.

17 кастрычніка а 6-й гадзіне раніцы некалькі груп апэратыўнікаў і сьледчых СКР правялі ператрусы ў кватэры, якую лідэр расейскай апазыцыйнай арганізацыі «Левы фронт» Сяргей Удальцоў здымае ў Маскве, а таксама ў маскоўскай кватэры ягоных бацькоў.

Неўзабаве высьветлілася, што падставай для мерапрыемстваў стала распачатая СКР супраць Удальцова і двух ягоных паплечнікаў крымінальная справа паводле артыкулу 212 КК РФ («Падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў»). Справу распачалі пасьля таго, як на тэлеканале НТВ паказалі фільм «Анатомія пратэсту-2», дзе сьцьвярджалася, што Ўдальцоў рыхтуе ў Маскве і Расеі буйныя акцыі пратэсту і нават тэракты.

На думку сьледзтва, у адным зь сюжэтаў паказана, як Удальцоў, яго памочнік Канстанцін Лебедзеў і памочнік дэпутата Дзярждумы Ільлі Панамарова Леанід Развазжаеў сустракаліся ў Менску з грузінскімі палітыкамі і абмяркоўвалі зь імі розныя акцыі, у тым ліку і тэракты.

– Устаноўлена, што голас, у тым ліку існуючы ў сюжэтах, зьнятых схаванай камэрай відэаназіраньня ў фільме «Анатомія пратэсту-2», належыць Удальцову, а сустрэча, фрагмэнты якой паказаныя ў фільме, адбывалася ў другой палове чэрвеня 2012 году ў жылым памяшканьні ў Менску , – заявіў «Известиям» афіцыйны прадстаўнік СКР Уладзімер Маркін.

Паводле артыкулу 212 КК Удальцову і іншым фігурантам гэтай справы пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Калі сьледзтву ўдасца даказаць іх дачыненьне да падрыхтоўкі тэрактаў, гэта можа скончыцца для іх нават пажыцьцёвым тэрмінам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG