Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта расстралялі, не дачакаўшыся адказу ААН


Пэрфоманс беларусаў у Варшаве супраць сьмяротнага пакараньня ў 2012 годзе
Пэрфоманс беларусаў у Варшаве супраць сьмяротнага пакараньня ў 2012 годзе

У адносінах да 23-гадовага студэнта гістфаку БДУ Паўла Селюна выкананы сьмяротны прысуд, паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Зварот Селюна яшчэ знаходзіцца на разглядзе Камітэту па правах чалавека ААН. Гэта значыць, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні, адзначаецца на сайце «Вясны».

12 чэрвеня 2013 году Гарадзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзьвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасьцю; крадзеж; зьдзек з трупаў; крадзеж асабістых дакумэнтаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасьцяў. Свае дзеяньні ён патлумачыў рэўнасьцю – забітыя – ягоная жонка і яе каханак, якіх ён застаў у адной кватэры.

Па сукупнасьці злачынстваў суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла Селюна да расстрэлу. Працэс вёў судзьдзя Анатоль Заяц.

Павел Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнагу суда пад старшынствам Валера Калінковіча. Вызначэньне - пакінуць прысуд у сіле.

Маці Паўла Селюна зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы Філарэта з просьбай паспрыяць таму, каб яе сына памілавалі – замянілі сьмяротнае пакараньне на пажыцьцёвае зьняволенне. Сам Павел таксама зьвярнуўся з прашэньнем аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананьне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн “выбыў па прысуду”. На звычайнай мове гэта значыць расстрэл.

Ніякіх пісьмовых дакумэнтаў ці паведамленьняў сваякам не даслалі. Маці да апошняга ня ведала рашэньня камісіі аб памілаваньні, дату выкананьня прысуду.

«Вясна» нагадае, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот ад імя Паўла Селюна. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэту, дзяржава не павінна прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасьці ў ААН. Такім чынам, паводле праваабаронцаў, Беларусь чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні.

Нагадаем, што Беларусь застаецца апошняй краінай ў Эўропе, дзе сьмяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG