Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрэза Мэй: Брытанія выйдзе з эўрапейскага «агульнага рынку»


Фінальныя ўмовы выхаду Брытаніі з Эўразьвязу павінны быць ухваленыя брытанскім парлямэнтам.

Пра гэта заявіла прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, выступаючы ў Лёндане з прамовай, прысьвечанай стратэгіі яе кабінэту па выхадзе краіны з ЭЗ.

Паводле Мэй, Вялікабрытанія ня можа быць «напалову ў ЭЗ, а напалову па-за ім», значыць, асацыяванае сяброўства Брытаніі ў ЭЗ выключана.

Прэм’ер-міністар падкрэсьліла, што краіна павінна ўзяць пад кантроль іміграцыйныя патокі, у тым ліку і з краінаў ЭЗ. Такім чынам, Вялікабрытанія мае намер адмовіцца ад эўрапейскага прынцыпу свабоднага перамяшчэньня людзей і працоўнай сілы.

Падчас перамоваў з ЭЗ Лёндан таксама мае намер адмовіцца ад сяброўства Брытаніі ў «агульным рынку» і ад падпарадкаваньня агульнаэўрапейскім органам. Прытым Мэй заявіла, што імкнецца да заключэньня новых пагадненьняў аб свабодзе гандлю, як з Эўразьвязам, так і зь іншымі краінамі.

Паводле Мэй, выхад з ЭЗ павінен стаць для Брытаніі крокам на шляху да таго, каб стаць «больш моцнай, справядлівай, адзінай і адкрытай сьвету» краінай, чым раней. Прэм’ер-міністар падкрэсьліла, што выхад з Эўразьвязу можа дазволіць Брытаніі разьвіваць больш цесныя адносіны зь іншымі краінамі сьвету, уключаючы ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Азіі і Афрыкі. Яна адзначыла, што галасаваньне за выхад з ЭЗ не азначае адмовы ад «эўрапейскіх каштоўнасьцяў». «Мы пакідаем Эўразьвяз, але не Эўропу», — сказала Мэй.

Прэм’ер-міністар паабяцала працягнуць супрацоўніцтва з краінамі ЭЗ у сфэры абароны і выведкі.

Выхад Брытаніі з ЭЗ падтрымала большасьць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у рэфэрэндуме летам мінулага году. Да гэтага часу, аднак, брытанскі ўрад не накіраваў афіцыйнага паведамленьня аб выхадзе з Эўразьвязу ў адпаведнасьці з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы. Тэрэза Мэй заяўляла пра тое, што гэта будзе зроблена да канца сакавіка, аднак пакуль незразумела, ці ёсьць у кабінэту паўнамоцтвы для гэтага кроку, ці ён павінен заручыцца згодай парлямэнту. Гэтае пытаньне вырашае Вярхоўны суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG