Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісіі ня хочуць, каб назіральнікі бачылі бюлетэні


«Права выбару-2016» ахапіла татальным назіраньнем 11 акругаў са 110

Грамадзянская кампанія «Права выбару-2016» сёньня пачала назіраньне за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Актывісты абралі 11 акругаў (па адной у кожнай з абласьцей плюс пяць у сталіцы), дзе 850 назіральнікаў будуць знаходзіцца на ўсіх 425 выбарчых участках. Татальнае назіраньне пачалося ад першага дня датэрміновага галасаваньня і скончыцца разам з завяршэньнем усяго працэсу галасаваньня ўвечары 11 верасьня. Арганізатары мяркуюць, што ў выніку атрымаюць абʼектыўную і неперадузятую інфармацыю пра тое, колькі выбарцаў прыйшло да скрыняў для бюлетэняў.

«Мы хацелі зрабіць яшчэ адну важную справу — атрымаць магчымасьць на ўласныя вочы паглядзець, за каго аддавалі свае галасы выбарцы, — сказаў Свабодзе адзін з каардынатараў кампаніі Дзяніс Садоўскі. — Таму пасьля акрэдытацыі нашы назіральнікі зьвярнуліся да выбарчых камісіяў зь пісьмовымі прапановамі аб правядзеньні адкрытага і галоснага падліку галасоў. Мы хочам, каб сябры камісіяў кожны бюлетэнь лічылі асобна, дэманстравалі яго ўсім сябрам камісіі і назіральнікам. Аднак пакуль згоды на гэта няма. Арганізатары выбараў або адмаўляліся наагул прымаць нашы заявы, або нашы просьбы не задавальняліся. Я думаю, гэта сьведчыць пра тое, што выбарчыя камісіі чарговым разам гатовыя арганізаваць „элегантныя“ перамогі праўладным кандыдатам».

Яшчэ 424 назіральнікі далучацца да працы ў асноўны дзень галасаваньня.

У кампанію «Права выбару-2016» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду», партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Галоўная мэта кампаніі — бараніць сапраўднае волевыяўленьне грамадзянаў праз прадухіленьне парушэньняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксаваць парушэньні і апэратыўна рэагаваць на іх.

Дзьмітрыеў знайшоў 50 назіральнікаў праз сацсеткі

Адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, які балятуецца па Дзяржынскай выбарчай акрузе ў Менскай вобласьці, падчас сёлетняй кампаніі вырашыў скарыстацца сацыяльнымі сеткамі.

«Я зьвярнуўся да тых, хто падтрымаў мяне ў сеціве, з прапановай стаць назіральнікамі ў асноўны дзень галасаваньня, 11 верасьня — сказаў Свабодзе спадар Дзьмітрыеў. — І ўжо атрымаў згоду амаль 50 чалавек. У мяне акруга сельская, у ёй 65 участкаў. Але там ёсьць некаторыя зусім невялічкія па памеры. І таму, калі мы ахопім нават палову ўсіх участкаў, то мы ахопім кантролем больш за палову выбарцаў.

Сёньня з пачаткам датэрміновага галасаваньня я атрымліваю званкі выбарцаў. Кагосьці настойліва просяць прыйсьці да скрыняў датэрмінова, камусьці тлумачаць, чаму ня варта аддаваць свой голас таму, хто раней быў асуджаны. Але мне прыемна, што тэлефануюць і тыя, хто кажа, што аддадуць свой голас мне. І сёньня такіх званкоў было не адзін, ня пяць, а значна болей».

У Дзяржынскай выбарчай акрузе першапачаткова былі чатыры прэтэндэнты. Але з выбараў зьнялася прадстаўніца Камуністычнай партыі Беларусі Аксана Раманюк. Таму застаюцца толькі Юры Лобач — генэральны дырэктар «Дарбудіндустрыі», бізнэсовец Аляксандар Касач зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі і Андрэй Дзьмітрыеў.

ЛДП разьлічвае на 10 месцаў у Палаце

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі хоча мець у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня 10 дэпутатаў. Пра такі намер Свабодзе сёньня паведаміў першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч:

«Мы адабралі 10 акругаў, дзе, на наш погляд, можам перамагчы. Таму ўсе сілы кінулі на гэтыя акругі. Прэтэндэнты ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Мы працягваем працаваць. Асабіста я ў дзень праводжу 12 пікетаў. У выходныя правялі вялікі канцэрт у Дзяржынску. У суботу хочам зрабіць падобны ў Серабранцы.

Пакуль навінаў з датэрміновага галасаваньня ня маем — ні дрэнных, ні добрых».

Датэрміновае галасаваньне пачалося 6 верасьня. Асноўны дзень — 11 верасьня.

XS
SM
MD
LG