Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску «Левыя» паспадзяваліся на «Камфорт» – і «праляцелі» міма выбаркамаў


Судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Ўладзімер Сьцяпанаў адхіліў пазоў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» да мясцовага райвыканкаму на адмену рашэньня №1247 аб утварэньні ўчастковых выбарчых камісіяў.

«На абласным партыйным пленуме мы вылучылі ў склад участковых камісіяў Сьветлагорскага раёну 24 сваіх прадстаўнікі, – патлумачыў актывіст партыі Ўладзімер Сякерка. – Аднак райвыканкамаўскія чыноўнікі цягам пяці сутак – ад таго дня, калі на пошту прыйшоў пакет дакумэнтаў, да дня самога паседжаньня, на якім былі сфармаваныя камісіі, не спадобіліся атрымаць на пошце сьпіс вылучэнцаў „Справядлівага сьвету“.

Суд хоць і прызнаў наяўнасьць абыякавага стаўленьня да выкананьня сваіх працоўных абавязкаў сакратаркі старшыні райвыканкаму Алы Грыгарук і кіраўніка спраў Аляксандра Гараўцова, але скаргу нашу на адмену рашэньня адхіліў».

З адпраўкай дакумэнтаў у Сьветлагорскі райвыканкам атрымалася незвычайная гісторыя. Каб даслаць сьпіс вылучэнцаў у Сьветлагорск, абласная арганізацыя камуністаў скарысталася паштовай паслугай «Камфорт», якую прапаноўвае дзяржаўнае рэспубліканскае прадпрыемства «Белпошта».

Паведамленьне пра карэспандэнцыю сакратарка Грыгарук атрымала 22 ліпеня. І як патлумачыла ў судзе, нават хадзіла на пошту. Але там нібыта было шмат наведнікаў, і сакратарка, атрымаўшы згоду свайго непасрэднага начальніка Гараўцова, вярнулася ў райвыканкам ні з чым.

Потым былі два выходныя. А 25 ліпеня Ала Грыгарук нібыта хадзіла на пошту некалькі разоў, але там ізноў было шмат наведнікаў. У выніку сьпіс вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» патрапіў у Сьветлагорскі райвыканкам толькі 26 ліпеня.

І хоць ўчастковыя камісіі былі сфармаваны на паседжаньні выканкаму на наступны дзень, 27 ліпеня, вылучэнцы камуністаў апынуліся «ў пралёце»: праекты рашэньняў выканкаму рыхтуюцца загадзя.

Суд канстатаваў, што пазоўца – Гомельская абласная арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет» – не паставіла на карэспандэнцыі пазнаку «тэрміновая», а таксама, маючы магчымасьць сачыць за адпраўленьнем праз электронную сыстэму, не праінфармавала райвыканкам пра вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у нізавыя выбарчыя камісіі.

Адмяняць рашэньне райвыканкаму №1247 суд палічыў немэтазгодным яшчэ й таму, што прынята яно паўнамоцным складам выканаўчага камітэту. Да таго ж, рэгіянальная арганізацыя Партыі левых не патрабавала ў скарзе ўключэньня сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG