Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як захаваць Каложу? Міжнародная канфэрэнцыя ў Горадні


Праект аднаўленьня Каложы

Праект аднаўленьня Каложы

Прыход Барысаглебскай Калоскай царквы ХІІ стагодзьдзя ў Горадні правёў міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю.

У чым праблемы храма? Ён стаіць на скраю пагорку над Нёманам і важна, каб яго становішча было стабільным. У 1853 годзе была паводка, частка пабудовы разбурылася. Цяпер страчаная частка зробленая з дошак. Існуе задача аднавіць яе, але так, каб не пашкодзіць устойлівасьці царквы і аўтэнтычнасьці, паколькі Беларусь прапануе яе ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Рабочай мовай канфэрэнцыі была расейская, але ўдзельнікі таксама карысталіся беларускай, у тым ліку настаяцель айцец Аляксандар і протаіярэй Георгі. Пры канцы была прэсавая канфэрэцыя, журналістаў было толькі трое. На беларускай мове адказвалі на пытаньні протаіярэй Георгі, экспэрт Сьцяпан Стурэйка, галоўны спэцыяліст па Каложы Генадзь Лаўрэцкі зь Менску, Рышард Кацынэль з «Гроднаграмадзянпраекту». Лягатып канфэрэнцыі быў таксама створаны на беларускай мове.

Пратаіярэй Георгі

Пратаіярэй Георгі

Пратаіярэй Георгі зазначыў, што былі агучаныя вынікі экпэртызаў (тыя, што датычылі стану пагорку пад царквой, праводзіў Беларускі тэхнічны унівэрсытэт): «Геарадары паказалі, што няма той праблемы, аб якой мы маглі чытаць у гарадзенскіх СМІ, на інтэрнэт-парталах: нібы пагорак спаўзае ў Нёман. Няма такой пагрозы, сьведчаць вынікі дасьледаваньня. Але абсьледавалі таксама канструкцыі, на якіх стаіць падпорная сьцяна зь нёманскага боку, вывучылі стан драўлянай сьцяны храма і яго даху. І там ёсьць пытаньні, якія патрабуюць пільнай увагі і вырашэньня».

Аднак крытычнага стану, які вымагаў бы тэрміновых дзеяньняў, умяшаньня, не зафіксавана. Увогуле, перш, чым плянаваць нейкія дзеяньні адносна храма, трэба быць упэўненымі, што мы не нашкодзім, сказаў протаіярэй.

Прафэсар Маскоўскага архітэктурнага інстытуту Натальля Душкіна паведаміла, што нядаўна ў Баларусі перагледзелі аб’екты, якія прапаноўваліся ў папярэдні сьпіс сусьветнай спадчыны ад Беларусі. З трынаццаці ў ім засталіся пяць. «Было пастаўленае дастаткова сур’ёзнае сіта для адбору. У ліку гэтых пяці засталася Калоская царква», — зазначыла яна.

Як можа выглядаць Каложа пасьля рэстаўрацыі

Як можа выглядаць Каложа пасьля рэстаўрацыі

Натальля Душкіна зьяўляецца экспэртам ICOMOS, міжнароднай рады па захаваньні помнікаў і славутых мясьцінаў. Яна расказала, што ў Горадні вучоныя зь Беларусі, Расеі і Польшчы, якія займаліся помнікам, абмеркавалі магчымасьць уключэньня Каложы ў сьпіс сусьветнай спадчыны: «Таму што вельмі важна зразумець, у якой ступені каштоўнасьць царквы адпавядае крытэрыям намінацыі на аб’ект сусьветнай спадчыны. (Хоць зразумела, што яна адпавядае, інакш бы Беларусь яе не вылучала б)». Але важна ўсьведамляць — якія ёсьць складанасьці, магчыма, неадпаведнасьць у чымсьці тым парамэтрам, якія прад’яўляюцца да аб’ектаў сусьветнай спадчыны.

Маскоўскі прафэсар падкрэсьліла: «Таму што вельмі важна разумець, што як толькі аб’ект трапляе ў сьпіс сусьветнай спадчыны альбо прэтэндуе на гэта, ён становіцца спадчынай ня толькі зямлі беларускай, але — чалавецтва. Адсюль — самыя высокія сусьветныя стандарты і крытэрыі. І з гэтай пазыцыі важна ацаніць праекты, якія распрацаваныя адносна царквы, яе рэстаўрацыі і рэканструкцыі. Яны прайшлі абмеркаваньне і зацьверджаныя навуковай радай у Менску. Але строгія крытэрыі прымушаюць зноў вярнуцца да тэмы. І сёньня гэта прагучала».

Ежы Усьціновіч і Натальля Душкіна

Ежы Усьціновіч і Натальля Душкіна

«Праектаваньне, рэстаўрацыя, кансэрвацыя храма — гэта дынамічны працэс. Нельга рабіць памылкі. Праблема Калоскай царквы — ахова і рэвіталізацыя, але першая задача — замацаваць падмуркі і пагорак», зазначыў дырэктар рабочай праграмы міжнароднага саюзу архітэктараў Ежы Усьціновіч зь Беластоку

Натальля Душкіна дадала, што візуальны аналіз паказвае, што асадачныя працэсы ідуць, але гэта нармальная зьява пры такой геалягічнай сытуацыі, проста неабходны пастаянны маніторынг. Яна нагадала: «У Калоскай царкве вельмі высокая ступень сапраўднасьці гістарычнай часткі ХІІ стагодзьдзя, якая захавалася. Мне здаецца, задача праектаў — ня даць зьменшыць значэньня аўтэнтычнасьці. Таму што гэта ўнікальны помнік сусьветнага маштабу. Гэта раньні помнік дамангольскага пэрыяду. Іх чатыры на тэрыторыі Беларусі. Але астатнія тры дайшлі ў дастаткова скажоным выглядзе. А ў Каложы захаваліся дзьве трэці».

Сьцяпан Стурэйка

Сьцяпан Стурэйка

Экспэрт ICOMOS Сьцяпан Стурэйка: «Гаворка не ідзе пра хутчэйшае выратаваньне Каложы, а пра працяг яе ўдумлівага захаваньня. Усе прысутныя пагадзіліся з тым, што трэба публічна прадставіць сам мэханізм стварэньня праектаў, кухню, гісторыю ідэяў аднаўленьня царквы. Карацей, рабіць усё максымальна адкрыта».

Протаіярэй Георгі мяркуе, што адзін з галоўных вынікаў канфэрэнцыі — пошук кансэнсусу: «Калі ўспомніць нядаўнюю гісторыю спробаў рэстаўрацыі, то жыхарам Горадні вядома, што такой згоды не было. Былі розныя прапановы, спрэчкі. Галоўным недахопам было, што не знаходзілі кансэнсусу. Цяпер выказваліся розныя пункты гледжаньня, розныя падыходы, але знайшлі агульную глебу для далейшых крокаў, каб вырашыць задачу захаваньня Калоскай царквы».

Наступным разам вырашана працягнуць дыскусію, далучыць да яе больш шырокае кола спэцыялістаў, якія займаліся Калоскай царквой, паколькі гэта «справа дзяржаўнай важнасьці, ня толькі справа прыходу».

Трэба сказаць, што нядаўняе завастрэньне дыскусіі вакол аднаўленьня Каложы мела канкрэтныя прычыны. Адзін з губэрнатараў паддаўся на прапановы некаторых праектантаў і сьвятароў паскорыць вырашэньне праблемы храма: сабраць грошы і аднавіць яго. Тым больш сваю падтрымку выказаў мітрапаліт Філярэт. Была прапанова зрабіць Каложу на ўзор старарускага храма. Рашэньне было ненавуковым, паколькі старых выяваў гарадзенскай царквы знойдзена не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG