Кожны панядзелак, аўторак і пятніцу ад 7.30 да 12 дня над фіктыўнай «амбасадай» у Акры ўздымалі амэрыканскі сьцяг, а элемэнты інтэр’еру (фота дзейнага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы) намякалі на афіцыйны статус установы.
Папраўдзе ёю кіравалі, паводле Дзяржаўнага дэпартамэнту, прадстаўнікі крымінальнага сьвету Турцыі і Ганы, а таксама мясцовы адвакат у крымінальных і міграцыйным справах. Супрацоўнікамі «амбасады» выступалі ангельскамоўныя грамадзяне Турцыі.
Уладальнікам установы ўдавалася хабарамі адкупляцца ад праверак, а таксама атрымліваць блянкі сапраўдных дакумэнтаў. Супрацоўнік сапраўднай амбасады ЗША ў краіне пасьля атрыманьня інфармацыі аб «амбасадзе» прыцягнуў да расьсьледаваньня паліцыю, спэцназ і бюро расьсьледаваньняў Ганы, а таксама супрацоўнікаў пасольства Канады.
Як аказалася, падробная амэрыканская амбасада рэклямавала свае паслугі улёткамі і плякатамі для прыцягненьня кліентаў ня толькі з Ганы, але і суседніх Кот-д’Івуару і Тога. З вуліцы прыйсьці на «гутарку» ў амбасадзе было нельга: замест гэтага ўдзельнікі банды прывозілі кліентаў з аддаленых частак заходняй Афрыкі ў сталіцу Ганы, дзе сялілі ў бліжэйшым гатэлі.
Паслугі па выдачы візаў (як сапраўдных, на аснове фальшывых зьвестак, так і падробленых) і іншыя паслугі абыходзіліся ў 6000 даляраў.
Фальшыўкі рабілі ў краме адзеньня — сьледзтва лічыць, што там знаходзілася прамысловая швейная машына, якой сшываюць падробныя пашпарты.
Падкуплены юрыст забараніў дэтэктывам абшукаць будынак, таму што ён нібыта праходзіў у яшчэ адной крымінальнай справе, — гэта было няпраўда. За час разглядаў затрыманых выпусьцілі пад заклад, і яны здолелі перанесьці вытворчасьць.
Некалькі падазраваных абвешчаныя ў вышук.