Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калінкіна: БТ і БелТА чарговы раз даказалі, што сумленна дыскутаваць яны ня здатныя


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Дзяржаўная агенцыя БелТА назвала «масавым дэзэртырствам» адмову прадстаўнікоў незалежных СМІ ўзяць удзел у тэлеперадачы «Клюб рэдактараў».

Напярэдадні старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар парталу TUT.by Марына Золатава, намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна, галоўны рэдактар газэты «Сaлiдарнaсьць» Аляксандар Старыкевіч зьвярнуліся да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі з просьбай даць ім магчымасьць выказацца ў праграме «Клюб рэдактараў».

Як паведамляе БелТА, Бастунец адмовіўся ад удзелу, бо цяпер ён у камандзіроўцы за мяжой. Тое самае, згодна з агенцтвам, зрабілі Калінкіна, якая таксама знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы, і Старыкевіч.

Да астатніх аўтараў звароту супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі зьвяртацца ня сталі.

У Белтэлерадыёкампаніі адзначылі, што «калегі ў апошнюю хвіліну падвялі нас, фактычна ўхіліўшыся ад сваёй просьбы і ператварыўшы свой „зварот“ у нейкі незразумелы і непрафэсійны фарс».

«Аднак мы ня лічым, што адбылося нешта вельмі сур’ёзнае — ці мала ў нас людзей, гатовых публічна даць слова, а потым ціхенька адклікаць яго назад? Таму аднаўляем сваё запрашэньне паважаным калегам у зручны для іх час пацьвердзіць сваё жаданьне ўзяць удзел у дыскусіях „Клюбу рэдактараў“ на беларускім тэлебачаньні», — дадае прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Пры гэтым БТ прапануе аўтарам звароту быць «больш сур’ёзнымі і патрабавальнымі да сябе, а галоўнае — да тэлегледачоў».

БелТА робіць выснову, што гэтая гісторыя, маўляў, дае падставы казаць «пра норавы ў некаторых недзяржаўных СМІ».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Сьвятлана Калінкіна паведаміла, што ёй ніхто зь Белтэлерадыёкампаніі не тэлефанаваў і яна ў гэтыя дні знаходзіцца ў Менску.

Я ня хуткая дапамога, каб бегчы ў апошні момант

— Гэта як мінімум і ёсьць безадказнасьць з боку тэлеканалу. Сёньня здымкі былі прызначаныя на гадзіну дня, пра гэта мне сказалі ўчора, патэлефанаваўшы з БАЖу, да мяне з Белтэлерадыёкампаніі ніхто не зьвяртаўся і нічога ў мяне не пытаўся. Але на гадзіну дня ў мяне сёньня былі прызначаныя зусім іншыя сустрэчы і пляны. То бок у апошні момант усё гэта ня робіцца. Што да далейшых запрашэньняў, калі яны будуць, я гатовая прыйсьці. Але я ня хуткая дапамога, каб бегчы ў апошні момант. Проста Белтэлерадыёкампанія і БелТА скарысталіся магчымасьцю, каб чарговы раз даказаць, што сумленна працаваць і дыскутаваць яны пакуль ня здатныя.

— А чаму вы папрасіліся ў гэтую праграму БТ?

— Найперш гэта тычылася сытуацыі са зьбіцьцём карэспандэнта Tut.by у судзе, па якім масьцітыя журналісты прайшліся ў праграме «Клюб рэдактараў». Мне было дзіўна, што людзі, якія лічаць сябе прафэсіяналамі, якія кажуць, што паважаюць сябе і прадстаўнікоў гэтай прафэсіі, — знайшлі аргумэнты, чаму ў судзе можна зьбіць чалавека. І тым больш журналіста, які выконвае свае абавязкі. На гэтую праграму яны не запрасілі прадстаўнікоў ні БАЖ, ні парталу Tut.by. Яны за сьпінамі нешта абмяркоўвалі, што само па сабе як мінімум неэтычна. Наш зварот найперш тычыўся сытуацыі, калі яны абмяркоўваюць нас, нашу працу недзяржаўных СМІ, што мы таксама хочам мець права слова, хочам мець права нешта адказаць. То бок мы не прасіліся проста на БТ, мы прасіліся выконваць правілы журналісцкай этыкі. І калі вы нешта гаворыце пра нас, то дайце права і нам выказацца.

— Запрашэньне, якое вам паступіла — пра што яно сьведчыць? Ці мяняецца нешта на БТ?

— Пакуль цяжка сказаць. У 2010 годзе, калі былі прэзыдэнцкія выбары, быў жывы эфір на ОНТ, куды мяне таксама запрасілі. Сэнс у выступах на жывых эфірах ёсьць. Ці ёсьць сэнс у выступах у запісе, што там застаецца ў эфіры, трэба запытацца ў тых, хто быў на такіх запісах. Я добрых водгукаў ня чула. Таму лічу гэта тэстам для дзяржаўных тэлеканалаў, наколькі ім хопіць сьмеласьці рэдагаваць праграмы так, каб засталіся думкі, якія выказваюць удзельнікі гэтай праграмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG