Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада ўзялася за «дэструктыўных» журналістаў?


Зьбіты журналіст Павал Дабравольскі
Зьбіты журналіст Павал Дабравольскі

Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст


Дракахруст: Другі тыдзень запар міністар інфармацыі і кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ цкуюць незалежных журналістаў. Нагода — зьбіцьцё міліцыяй журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага падчас суду над «графіцістамі». Пляцоўкай для гэтага стала перадача «Клюб рэдактараў» на БТ.

Міністар Лідзія Ананіч, спасылаючыся на МУС, заявіла што меры ўзьдзеяньня на ўдзельнікаў інцыдэнту былі законныя, а журналіст быў «актыўным бокам канфлікту». Рэдактар «Советской Белорусии» Павал Якубовіч заявіў, што tut.by не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, таму Павел Дабравольскі не зьяўляецца журналістам . Але і міністра і калегу пераўзышоў у імпэце і жарсьці гаспадар клюбу, кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька, паводле яго такія, як Дабравольскі — не журналісты, яны выконваюць заданьні, яны нападаюць на міліцыю, каб разваліць уладу, разваліць нашу дзяржаву. Паводле яго некаторыя СМІ наўмысна дасылаюць сваіх карэспандэнтаў у суды, каб правакаваць. Яны, паводле Давыдзькі, дзейнічаюць як «Ісламская дзяржава», якая дасылае сваіх людзей на тэракты.

З чаго такі напал? Ну што чыноўнікі, дзяржава ўстануць на бок міліцыянэраў, якія пускаюць у ход кулакі, можна было чакаць. Але з чаго гэтая ўжо падзабытая лексыка: дэструктыўныя элемэнты, не журналісты, правакатары, інтэрнэт — пагроза? Здаецца, прычыны дзьве.

Адна, ўсё ж другасная — даволі салідарная рэакцыя журналісцкай супольнасьці на справу Дабравольскага, шум, супольныя звароты. Улада салідарнасьці надзвычай ня любіць. А першасная — крызіс. Іпэшнікі страйкуюць, шумяць, вось ужо і таксісты пратэстуюць. А незадаволеных і злых на гаротны эканамічны стан — значна больш. Улада перасьцерагаецца, што незалежныя СМІ могуць адыграць ролю запалкі, паднесенай да бочкі з порахам.

Варта прыгадаць, што прыкладна такая ж рэакцыя ўладаў была на публікацыі незалежных СМІ напрыканцы 2014 году, падчас панікі на валютным рынку. Той жа страх, што маленькі інфармацыйны штуршок абрыне лявіну. У бітве паміж лядоўняй і тэлевізарам тыя, хто кіруе тэлевізарам, вельмі хваравіта ставяцца да інфармацыйных саюзьнікаў лядоўні.

Карбалевіч: Варта зьвярнуць увагу на пагромную рыторыку мінулага «Клюбу рэдактараў». Была ўзятая на ўзбраеньне цяжкая артылерыя, туды запрасілі міністра інфармацыі Ананіч, старшыню Беларускага саюзу журналістаў Лемяшонка. Час ад часу туды запрашаюць рэдактараў незалежных мэдыя, «Камсамольскай праўды» ці «Беларусаў і рынку», а зараз такіх не было. Незалежныя СМІ фактычна абвінавацілі ў тым, што яны рыхтуюць беларускі Майдан. Гаворка ішла не толькі пра справу Дабравольскага, але і пра рэакцыю незалежных медыя і форумаў на не зусім карэктную, мякка сказаць, заяву віцэ-прэм’ера Качанавай.


Я б назваў чатыры прычыны такой рэакцыі. Першая — сапраўды, эканамічны крызіс, рост сацыяльнай напружанасьці, ўлада вымушаная неяк рэагаваць, камэнтаваць. Другая — вышэйшыя чыноўнікі проста няздольныя і не гатовыя да публічнай палемікі, да ўцямнага камэнтаваньня складанай сытуацыі ў краіне. Іх гэтаму не вучылі.

Трэцяя — фэномэн сацыяльных сетак. Зараз любое глупства чыноўнікаў адразу выцягваецца на сьвет Боскі. Чыноўнікі прызвычаіліся, што ўлада працуе зьверху ўніз, а тут раптам яны атрымалі адказ зьнізу. Прычым, гэта ўжо чацьвёртая прычына, улады поўнасьцю прайгралі палітычную барацьбу ў інтэрнэце. Яны проста не ўмеюць дыскутаваць, не прывыклі да гэтага — і адсюль такая нэрвовая рэакцыя.

Дракахруст: Таксама спадарыня Ананіч паведаміла ў перадачы, што Мінінфарм мае намер выносіць папярэджаньні СМІ за недакладную інфармацыю і дэструктыўнасьць. «Інтэрнэт, які прэтэндуе на ролю сродку масавай інфармацыі, спарадзіў такую зьяву — выхопліваць з кантэксту словы і падаваць іх у тым соўсе, як прадпісана рэдакцыйным заданьнем», — патлумачыла яна. Іншымі словамі, незалежныя СМІ могуць быць пакараныя за тое, што яны паведамілі хоць праўду, але па-свойму інтэрпрэтаваную. Дэструктыўна. Ну а хто ў нас інтэрпрэтуе канструктыўна, хто дэструктыўна, вызначае зразумела хто.

Цыганкоў: Генадзь Давыдзька паказаў сябе як неадэкватнага зацятага ў гэтым пытаньні чалавека, які нападаў не толькі на незалежных журналістаў, а нават на Лілію Ананіч за тое, што міністэрства інфармацыі недастаткова жорстка кантралюе, не зачыняе, не выносіць папярэджаньні незалежным СМІ. «Час ўжыць уладу, час ужыць закон» — увесь час зьвяртаўся да Ананіч Давыдзька.


Першай прычынай такога нападу ўладаў на незалежную журналістыку можа быць тое, што ў канфлікце з Дабравольскім праўда не на іх баку. Другая — большасьць насельніцтва яўна на баку незалежных журналістаў. Гэта не заўсёды так бывае, мы ведаем статыстыку, што беларускае насельніцтва падзеленае ў гэтым пытаньні амаль напалам: палова давярае незалежным СМІ, палова — дзяржаўным. Тут людзям важна не тое, што журналіст незалежны, а сам факт міліцэйскага зьбіцьця. Ці самі рэдактары, кіраўнікі дзяржаўных мэдыя гэта адчуваюць, ці ёсьць нейкія ўстаноўкі, якія ім давялі.


Улада ва ўмовах крызісу патрабуе большай жорсткасьці ад сваіх падначаленых. Той жа Давыдзька нядаўна параўноўваў з «Ісламскай дзяржавай» маладафронтаўцаў. Выснова: калі краіна сутыкаецца з крызісам, то словы «мы адна краіна, давайце жыць дружна» (а такія словы ў больш спакойныя часы гучаць і ад самога Лукашэнкі, і ад высокіх чыноўнікаў, напрыклад, перад выбарамі ) саступаюць «барыкаднай» лексыцы. Вакол не калегі, а ворагі, зь якімі трэба не супрацоўнічаць, сядаць за адзін стол, а змагацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG