Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: «Калі гэта героі Ўкраіны, то мне такая Ўкраіна не патрэбная!»


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Вярхоўная Рада Ўкраіны 9 красавіка прыняла пакет законаў па дэкамунізацыі. Як успрымаюць гэты крок у былой камуністычнай партыі, якая цяпер носіць назву «Справядлівы сьвет»?

Законы па дэкамунізацыі, прынятыя парлямэнтам Украіны, уключаюць у сябе забарону прапаганды камуністычнага рэжыму і забарону камуністычнай сымболікі. Помнікі камуністычнага рэжыму павінны быць дэмантаваныя, «камуністычныя» назвы гарадоў і вуліц — замененыя, вытворцы павінны таксама памяняць усе савецкія назвы прадпрыемстваў і таварных знакаў.

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін заявіў Радыё Свабода, што ставіцца да законаў па дэкамунізацыі «абсалютна адмоўна».

«Наагул гэта не дэкамунізацыя, а дэгістарызацыя — гэта фактычна адмова ад украінскай гісторыі», — кажа палітык.

Калякін лічыць, што гэтыя законы не адпавядаюць эўрапейскім заканадаўчым нормам. Ён узгадаў, што Эўрапейскі суд па правах чалавека некалькі разоў выступаў на баку камуністаў, якія зазнавалі перасьлед у Вугоршчыне ды Польшчы ў адпаведнасьці з аналягічнымі законамі наконт забароны камуністычнай сымболікі.

Але больш за ўсё абурае Калякіна прызнаньне байцоў Украінскай паўстанцкай арміі і іншых нацыянальных арганізацыяў часоў Другой сусьветнай вайны барацьбітамі за незалежнасьць Украіны.

«А галоўнае, што тут няправільна — гэта спроба рэабілітаваць тых, хто на баку немцаў ваяваў супраць украінцаў, хто вінаваты ў гібелі соцень тысяч украінцаў, беларусаў, палякаў. Спроба рэабілітаваць тых, хто ў батальёнах СС разам з фашыстамі ваяваў супраць народа ўкраінскага — гэта проста зьдзек з гісторыі. Асабліва як беларус я не магу зразумець, як яны рэабілітавалі тых, хто спаліў Хатынь? Калі гэта героі Ўкраіны, то мне такая Ўкраіна не патрэбная», — заявіў лідэр партыі «Справядлівы сьвет».

«Я думаю, што гэтыя рашэньні будуць з часам адмененыя і асуджаныя. У цэлым гэта не набліжае Ўкраіну да міру, спакою і згоды — гэта будзе толькі падаграваць унутраны раздрай ва Ўкраіне. Нічога добрага ні ўкраінскаму народу, ні сёньняшнім уладам гэтае рашэньне не нясе», — упэўнены Калякін.

Даведка Свабоды

Карную апэрацыю ў вёсцы Хатынь 22 сакавіка 1943 году правялі прадстаўнікі 118-га шуцманшафтбатальёна, які быў сфармаваны ў чэрвені 1942 году ў раёне Кіева ў асноўным з ваеннапалонных Чырвонай Арміі, якія трапілі ў Кіеўскі кацёл. Камандавалі батальёнам былы польскі маёр Канстанцін Смоўскі і маёр нямецкай паліцыі Эрых Кернэр, начальнікам штабу быў былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Рыгор Васюра, камандзірам узводу — былы лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Мялешка. Загад на апэрацыю аддалі Смоўскі і Кернэр, кіраваў ёю на месцы Васюра.

Пасьля таго як хлеў з сагнанымі ў яго жыхарамі вёскі абклалі саломай і аблілі бэнзінам, перакладчык-паліцэйскі Луковіч падпаліў яго. У ачапленьні стаяў і адзін зь мясцовых паліцаяў Іван Петрычук.

У той дзень у якасьці помсты за забойства некалькіх нямецкіх вайскоўцаў у адпаведнасьці з прынцыпам калектыўнага пакараньня 149 жыхароў Хатыні былі спаленыя жыўцом або расстраляныя. Украінскіх актывістаў сярод карнікаў Хатыні не было.

XS
SM
MD
LG