Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін пра ініцыятыву Руху «За свабоду»: Мы подпісаў ніякім кантралёрам паказваць не зьбіраемся


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Рух «За свабоду» выступіў з ініцыятывай правядзеньня незалежнай экспэртызы па выяўленьні несапраўдных подпісаў грамадзян за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч выказаў меркаваньне, што створаная для праверкі подпісаў грамадзкая камісія стане альтэрнатывай Цэнтравыбаркаму і падкантрольным яму рэгіянальным выбарчым камісіям.

Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў прадстаўнікі руху «За свабоду» зьвернуцца да іх з пытаньнем, ці гатовыя яны прайсьці такую праверку. А ў грамадзкую камісію могуць увайсьці праваабаронцы, незалежныя назіральнікі, журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, любых дэмакратычных структураў, якія ня ўдзельнічаюць у выбарах і не падтрымліваюць некага з кандыдатаў.

Самі патэнцыйныя кандыдаты і прадстаўнікі ініцыятыўных групаў паставіліся да ініцыятывы руху «За свабоду» неадназначна. Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін выступіў катэгарычна супраць усялякіх дадатковых праверак:

«Яны ідуць па шляху Лукашэнкі: ствараюць структуры, якія кантралююць усё і нічога ня робяць. Лепш бы падтрымалі свайго кандыдата ад „Народнага рэфэрэндуму“, пра які тры гады гаварылі, лепш бы зьбіралі подпісы, чым яны будуць кантраляваць. Кантралёраў хапае бязь іх. Мы свае подпісы ніякім кантралёрам паказваць не зьбіраемся. Калі яны хочуць аказаць дапамогу людзям і краіне ў зьмяненьні сытуацыі, няхай дапамагаюць нам і накіроўваюць да нас людзей, якія гатовыя падпісацца ў нашых групах — я маю на ўвазе ўсіх кандыдатаў альтэрнатыўных.

Яны ідуць па шляху Лукашэнкі: ствараюць структуры, якія кантралююць усё і нічога ня робяць

І наагул, няхай зоймуцца справай, а не прыдумляюць новыя незразумелыя і нікому не патрэбныя ініцыятывы. Гэтая ініцыятыва нікому нічога не дае. Тым больш, яны што — спэцыялісты, у іх ёсьць крыміналісты, якія экспэртызу будуць рабіць? Абсалютна пустая выдумка, глупства, як кажуць беларусы. Нікому не патрэбная справа».

Як патлумачыў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, мэта стварэньня камісіі — «не дапусьціць параду кандыдатаў, якія былі б зарэгістраваныя з сумнеўнымі 100 тысячамі подпісаў», як гэта было на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі Леў Марголін кажа: такая ідэя руху «За свабоду» ў 2010 годзе была б вельмі карысная. А цяпер стаўленьне да такой ініцыятывы пры праверцы подпісаў у яго дваістае:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Па-першае, у гэтым годзе паводле азначэньня ня будзе ніякага параду кандыдатаў. Я ня думаю, напрыклад, што Гайдукевіч пагодзіцца на гэтую праверку. Я ня думаю, скажам, што кандыдат ад партыі зялёных Шульган наагул зьбярэ больш-менш салідную колькасьць подпісаў. Застаюцца тры кандыдаты: гэта Лябедзька, Калякін і Караткевіч.

А з другога боку, калі яны ня будуць супраць, калі яны пагодзяцца прадставіць свае подпісы, мы таксама ня будзем супраць. Нам хаваць няма чаго, мы грошы плаціць ня будзем, таму ў нас ніякага стымулу няма ў зьбіральнікаў, каб гэтыя подпісы падрабляць. Так што стаўленьне роўнае, скажам так».

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

А вось патэнцыйная кандыдатка Тацяна Караткевіч, якая прадстаўляе грамадзянскую ініцыятыву «Народны рэфэрэндум», да ідэі з дадатковым аўдытам подпісаў ставіцца, як яна выказалася, нармальна:

«Мы нармальна да гэтага ставімся. Калі я працавала ў кампаніі „Гавары праўду“, у нас свой, унутраны аўдыт заўсёды працаваў. Таму, калі такая група аўдытараў сфармуецца і ўсе кандыдаты пагодзяцца, я буду ня супраць, толькі за.

Але я лічу, што варта ўсё ж такі канцэнтравацца на працы з насельніцтвам, а не ўнутры дэмакратычнай супольнасьці. На сёньняшні момант я накіраваная на тое, каб больш зь людзьмі працаваць, данесьці ім сваю праграму пераменаў, аб’яднаць іх вакол гэтага».

Што тычыцца тэхнічных момантаў, то незалежная праверка подпісаў, на думку ініцыятараў аўдыту, «можа быць праведзена паралельна з аналягічнай працай афіцыйных выбарчых камісіяў». Цікава, як да такой прапановы паставіцца Цэнтральная выбарчая камісія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG