Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды ў крэдыт. Як людзі эканомяць, каб сустрэць навагоднія сьвяты


Ці хопіць вам грошай на сьвяткаваньне Калядаў і Новага году, ці даводзіцца эканоміць? Адказваюць мінакі на вуліцах Менску.

Пэнсіянэркі: «Даводзіцца эканоміць, бо мы пэнсіянэркі самотныя. Эканомім не на страўніку, але глядзім, дзе якія зьніжкі, дзе акцыі праводзяцца, на выставах — дапільноўваем. Зьбіраем раней, бо сьвяты трэба адсьвяткаваць. Мы дзеці вайны, таму ўмеем гэта рабіць».

Будаўнік: «Не, не хапае грошай — усё дрэнна. Эканоміка бачыце якая — таму ўсё так».

Пэнсіянэрка: «Не хапае, пэнсіянэру не хапае. Даводзіцца сядзець на дыеце... Але затое пахудзела».

Мамы зь немаўлятамі: «Па-рознаму бывае. Бо сьвяты шанаваныя, традыцыі даўнія — трэба, каб дванаццаць страваў было. Таму даводзіцца ў чымсьці сабе адмаўляць, эканоміць. Эканомім у асноўным на тым, што няма нейкіх гульбішчаў, сьвяткаваньняў. Сядзім у сябе дома. А, каб пайсьці на вуліцу, з суседзямі, каля ёлкі патанчыць — гэтага няма. Шкада — людзі больш адкрытыя, добрыя становяцца, а так — кожны сам за сябе».

Будаўнік: «Я і так ніколі не сьвяткую, толькі падарункі жонцы ды дзецям. Але і падарункі ўдаецца не заўсёды — зараз усё „абрэзалі“, грошай мала. Але мы з жонкай 37 гадоў адзначылі, ёй шмат ня трэба — ёй кветку купі — і яна ўжо шчасьлівая».

Выкладчык: «Нібыта не эканомлю. У прынцыпе ў мяне запыты сьціплыя, таму надта шмат ня трэба, каб сьвяткаваць».

Пэнсіянэрка: «Эканомлю на пэнсіі і пайшла працаваць, бо грошай не хапае».

Мэнэджэр: «Сродкаў амаль хапае, сьвяткуем дома. Ня так, каб разгарнуцца моцна, але ня той настрой, каб шыкаваць. Як ёсьць — так і добра пакуль. Калі б захацелі, то, магчыма, і магчымасьць такую знайшлі бы. Узялі б крэдыт».

XS
SM
MD
LG