Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі заўтра вайна: дапаможнік для кожнага літоўца


Міністэрства абароны Літвы выдала дапаможнік пад назвай «Што мы павінны ведаць пра падрыхтоўку ў выпадку экстрэмальнай сытуацыі ці вайны». Прэзэнтуючы выданьне, кіраўнік абароннага ведамства Юозас Олекас сказаў, што надрукаваць практычныя рэкамэндацыі для насельніцтва прымусіла расейская агрэсія спачатку супраць Грузіі, а потым — Украіны. З улікам заўвагаў і паправак з боку спэцыялістаў кніга на наступным тыдні паступіць у школы, грамадзкія бібліятэкі, арганізацыі і ведамствы, а яе электронны варыянт будзе выкладзены на сайце Мінабароны.

100 старонак брашуры аб’яднаныя адной ідэяй: у выпадку абвяшчэньня вайны грамадзяне Літвы павінны захоўваць спакой і кіравацца ўказаньнямі адмыслоўцаў. Сапраўдных прычын зьяўленьня такой працы ў кулюарах шукаць не давялося, іх агучыў сам міністар абароны Олекас:

«У сувязі з паўтарэньнем агрэсіі Расеі супраць суседзяў, гэтым разам ва Ўкраіне, узьнікла неабходнасьць даведацца, як паводзіць сябе ня толькі пры арганізацыі грамадзянскага супраціву, але і як увогуле паводзіць сябе ў ваенна-палявых умовах».

Дапаможнік інфармуе, якіх зьменаў можна чакаць у дзяржаве пасьля абвяшчэньня мабілізацыі, даюцца практычныя парады наконт таго, што рабіць у выпадку надзвычайнай сытуацыі, як дзейнічаць, калі не пасьпяваеш эвакуавацца.Таксама літоўцаў заклікаюць самаарганізоўвацца праз сацыяльныя сеткі, учыняць кібэратакі супраць ворага: «Заставайцеся ў здаровым розуме, не панікуйце і не губляйце цярплівасьці, стрэлы за вакном — гэта яшчэ не канец сьвету», — рэкамэндуюць адмыслоўцы з пэўнай доляй іроніі.

Асобны разьдзел прысьвечаны так званай «гібрыднай вайне» — гэтак характарызуюць украінскія ўлады тактыку Расеі на акупаваных тэрыторыях. У прыватнасьці, грамадзяне Літвы абавязаныя аказваць «народны супраціў» замежнай акупацыі, ладзіць дэманстрацыі, страйкі і сабатаваць працу. Дарэчы, афіцыйны Кіеў, гаворачы пра «гібрыдныя войны», неаднаразова заяўляў, што Масква ня толькі курыруе ваенныя апэрацыі, але і дэзынфармуе насельніцтва Крыму і Данбасу пра сапраўдныя прычыны канфлікту, узвальваючы ўсю віну на «ўкраінскую хунту». Падобнай рыторыкай расейскія ўлады карыстаюцца і ў дачыненьні да краінаў Балтыі. Пры канцы мінулага году прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што «адкрыты нэанацызм стаў для Прыбалтыкі будзённасьцю».

Не панікуйце і не губляйце цярплівасьці, стрэлы за вакном — гэта яшчэ не канец сьвету

Але ці не перабольшаныя асьцярогі наконт апэтытаў Крамля ў дачыненьні да колішніх савецкіх рэспублік балтыйскага рэгіёну? Літоўскі журналіст-міжнароднік, экспэрт у пытаньнях глябальнай палітыкі Віктар Дзенісенка лічыць такую рэакцыю на дзеяньні Масквы небеспадстаўнай:

«Найперш, крушэньне Савецкага Саюзу — вялікая гістарычная траўма для Расеі. Краіны Балтыі аднавілі сваю незалежнасьць, мы вярнуліся на мапу Эўропы. Па вялікім рахунку, была адна вялікая чырвоная пляма, а цяпер мы вярнуліся ў Эўропу, дзе наша месца, дзе мы былі заўсёды і дзе мы хочам быць. Іншыя краіны таксама зрабілі свой выбар, як у каго хапіла фантазіі. Сярэдняя Азія скацілася ў дэспатыю, у аўтарытарныя рэжымы, але ў іхнім разуменьні гэта таксама незалежнасьць. Але больш за ўсё страціла Расея, бо, яшчэ раз паўтараю, гэта — імпэрская траўма. Была, як яе ні назаві, вялікая прастора, і яны страцілі гэтыя землі, страцілі над імі кантроль. Была адна шостая сушы, стала адна дзявятая. І гэта акурат тое, што Расея расцэньвае як прыніжэньне міжнароднага маштабу: маўляў, нас не баяцца, нас не паважаюць. Ёсьць такая выразная рыторыка, зрэшты, яна была і раней. А цяпер узяты курс на тое, каб і «баяліся», і «паважалі».

Паводле суразмоўцы, пэўныя плюсы ва ўроку, які дала Расея ўсяму сьвету, усё ж ёсьць. Літва разам зь іншымі краінамі Балтыі ніяк не адносілася да ліку мілітарызаваных, бо ўлады балтыйскіх краін разьлічвалі выключна на плячо Паўночнаатлянтычнага альянсу. Але забюракратызаванасьць агульнаэўрапейскай сыстэмы тоіць у сабе іншую небясьпеку: пакуль у Брусэлі будуць выпрацоўваць стратэгію супраціву, перадавыя атрады арміі Пуціна дойдуць да Клайпеды. Таму прынятае палітычнае рашэньне істотна падвысіць выдаткі на абарону:

Здавалася, што кантынэнт бясьпечны, у Эўропе не бывае крывавых войнаў, навошта тады траціцца на абарону?

«Зноў жа, зьвярнулі ўвагу на сваю армію. Справа ў тым, што паміж краінамі НАТО існуе негалоснае пагадненьне — на абарону кожны год павінна выдаткоўвацца 2% ад валавога ўнутранага прадукту. Зрэшты, ня ўсе краіны альянсу гэтага прытрымліваліся, бо здавалася, што кантынэнт бясьпечны, у Эўропе не бывае крывавых войнаў, навошта тады траціцца на абарону? У выніку аказалася, што не такая ўжо Эўропа і бясьпечная. У гэтым пытаньні цяпер ідзе дыскусія, бо Літва выдаткоўвае на абарону нават менш за 1%, калі дакладна — 0,9% ВУП. Але прынятае палітычнае рашэньне, што да 2020 году мы дасягнём 2%. Дарэчы, цікавы факт: ведаеце, якая з краінаў Балтыі штогод выдзяляе 2% на абарону? Эстонія, як той гадзіньнік».

Як кажа Віктар Дзенісенка, у літоўскім грамадзтве імавернасьць расейскай агрэсіі ўспрымаецца як цалкам рэальная. Таму дапаможнікі кшталту таго, што выдала Міністэрства абароны, наўрад ці будуць кімсьці ўспрынятыя як нічым не падмацаваная перастрахоўка ці «антырасейская страшылка»:

«Я рабіў сэрыю артыкулаў з экспэртамі па абароне Літвы. Усе яны насамрэч падкрэсьлівалі такую рэч. Доўгі час ніхто ў Эўропе, і Літва ў тым ліку, не рыхтаваўся да вайны. Ні да якай і ні з кім. Інвэстыцыі ў армію ажыцьцяўляліся на ўзроўні лягістыкі. Найперш гэта было зьвязана з тымі місіямі, якія Літва выконвала ў Аўганістане: наша краіна была адказная за разьвіцьцё адной з правінцыяў Аўганістану, пад гэта ажыцьцяўляліся закупы неабходнай тэхнікі. Перадусім гэта транспартныя самалёты „Spartan“, а таксама ў Швэцыі былі набытыя караблі для аховы ўзьбярэжжа. Падкрэсьліваю — транспартныя барты і лёгкія катэры. Але, зноў жа, іх можна ўзброіць вельмі сур’ёзна, бо гэта модульныя мадэлі, на якія можна ўсталяваць розныя модулі ўзбраеньня. Літва набыла базавую камплектацыю, у тым сэнсе, што ганяць кантрабандыстаў — дастаткова, але адказваць на рэальную ваенную пагрозу — недастаткова абсалютна».
Сумесныя вайсковыя вучэньні амэрыканскіх і літоўскіх вайскоўцаў у Літве

Сумесныя вайсковыя вучэньні амэрыканскіх і літоўскіх вайскоўцаў у Літве

Градус заклапочанасьці захопніцкай палітыкай Расеі істотна падвысіўся пры канцы мінулага году. Сытуацыя абвастрылася, калі ў суседняй Калінінградзкай вобласьці ў сьнежні адбыліся буйныя вучэньні, у якіх узялі ўдзел блізу 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў і больш за паўсотні караблёў ваенна-марскога флёту. Гэтая акалічнасьць, удакладняе Віктар Дзенісенка, толькі дадала рашучасьці і ўладам, і грамадзтву:

«Цяпер, мяркуючы па ўсім, прыйшло ўсеагульнае разуменьне: армія Літве ўсё ж патрэбна баяздольная. Хоць бы дзеля таго, каб, ня дай Божа, у выпадку агрэсіі, аналягічнай украінскай, Літва магла б пратрымацца да таго моманту, пакуль падасьпее падмога войскаў НАТО. А ня так, што адчынілі межы — і адразу здаліся. Таму, як я ўжо казаў, прынятае палітычнае рашэньне інвэставаць ва ўзбраеньне. Пры гэтым маецца на ўвазе ня столькі мадэрнізацыя, колькі закуп узбраеньняў, таму што, па вялікім рахунку, у літоўскай арміі зброя сучасная, іншая справа — яе колькасьць, а таксама задачы, якія ставяцца і выконваюцца».

Акурат гэтымі днямі ў Літву зь Нямеччыны перакідваецца амэрыканская вайсковая тэхніка. Як паведамляюць мясцовыя мэдыі, мэханізаваная брыгада Літоўскай арміі перавозіць чыгункай з Клайпэдзкага порту ў Руклу колавыя бронетранспартэры Stryker, браніраваныя пазадарожнікі HMMWV, грузавыя аўтамабілі. Абсталяваньне будзе выкарыстоўвацца падчас сумесных вучэньняў амэрыканскіх і літоўскіх вайскоўцаў.

У рамках місіі «Operation Atantic Resolve» вайскоўцы ЗША пазьменна дысьлякуюцца ў краінах Балтыі ад вясны мінулага году. Мэта апэрацыі — прадэманстраваць, што на тле агрэсіўнай палітыкі Расеі ва Ўкраіне НАТО гарантуе бясьпеку ва Ўсходняй Эўропе.

XS
SM
MD
LG