Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ўпершыню наклаліся адзін на адзін два працэсы: прэзыдэнцкая выбарчая кампанія і эканамічны крызіс (спалучэньне дэвальвацыі з рэцэсіяй). І гэта стварае новую, нязвыклую сытуацыю, якая будзе значна ўплываць на грамадзка-палітычныя працэсы.

Гэтая накладка ламае ўсю звыклую перадвыбарчую стратэгію ўладаў. Бо раней, падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў, яна, калі казаць спрошчана, грунтавалася на двух асноўных стаўпах. Па-першае, гэта ідэя стабільнасьці, захаваньня статус-кво.

Па-другое, пастаянны, хоць і невялікі рост дабрабыту. Справа ў тым, што пасьля таго, як з 2003 году на Беларусь нечакана павалілі шалёныя нафтадаляры, у краіне пачаўся спажывецкі бум. Пачалі заўважна расьці даходы, людзі масава бралі спажывецкія крэдыты, будавалі кватэры, куплялі аўтамабілі і іншае. У выніку замест сацыяльных нізоў, аўтсайдэраў, Лукашэнку сталі падтрымліваць прадстаўнікі сярэдняй клясы, якая пачала нараджацца. Сацыёлягі прыйшлі да высновы, што харызматычная падтрымка прэзыдэнта зьмянілася рацыянальнай. Лукашэнка асядлаў гэтую спажывецкую хвалю, даводзіў, што яна — вынік унікальнай беларускай сацыяльнай мадэлі. І не выпадкова асноўным пунктам перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў быў рост заробку ў далярах. Напрыклад, «сьвятая лічба» 500 даляраў у 2010 годзе.

Гэты спажывецкі бум, з аднаго боку, стварыў рэжыму шырэйшую сацыяльную базу, але, зь іншага боку, заклаў міну, якая магла спрацаваць у самы непажаданы момант. І, здаецца, гэты момант надыходзіць.

Праблема ў тым, што спажывецкія стандарты новай сярэдняй клясы істотна вышэйшыя, чым у сацыяльных нізоў («чарка і скварка»). Да таго ж запыты гэтай клясы хутка растуць. І калі іх не задавальняць, то можна страціць падтрымку новага электарату. Лукашэнка стаў закладнікам усё большых спажывецкіх запытаў гэтага сацыяльнага слоя.

І вось цяпер абодва стаўпы, на якіх звычайна грунтавалася прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі, пахіснуліся. Дэвальвацыя, рост цэнаў разбурылі як стабільнасьць, так і надзеі на рост дабрабыту.

Лукашэнка першым зразумеў гэты новы для яго выклік. І ў навагоднім віншаваньні беларускаму народу вылучыў ідэю, якая, мяркуючы па ўсім, будзе галоўнай цягам усёй выбарчай кампаніі: затое ў Беларусі, у параўнаньні з Украінай, няма вайны, тут мір і спакой. То бок — гэта стратэгія выжываньня, што, фактычна, вяртае Беларусь у 1990-я гады. Калі ва Ўкраіне адновіцца поўнамаштабная вайна, то, магчыма, гэта зноў моцна напужае беларусаў, і тады стратэгія Лукашэнкі спрацуе. А калі не, то прапанова вярнуцца да лёгікі выжываньня пасьля столькіх тлустых гадоў можа стаць для значнай часткі насельніцтва пэўным сацыяльным шокам з усімі яго наступствамі для даверу да ўлады і пэрсанальна да Лукашэнкі. Да добрага прызвычайваюцца хутка, а адвыкаюць ад яго цяжка.

Усе экспэрты, зь якімі я размаўляў пра гэты новы трэнд, у адзін голас кажуць: ну і што? Маўляў, сытуацыя настолькі забэтанаваная, што гэта ніяк ні на што не паўплывае, апазыцыя ў разабраным стане, беларусы моўчкі праглынуць, скажуць, як у вядомым анэкдоце: «Можа, так і трэба?».

Прыканцы году ўлада Лукашэнкі можа трансфармавацца ў рэжым, які абапіраецца на меншасьць

Але я, разважаючы пра тое, што эканамічны крызіс можа паўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, кажу не пра магчымасьць адхіленьня Лукашэнкі ад улады. Гаворка трохі пра іншае.

Магчыма, у выніку гэтых прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца зьмена тыпу аўтарытарызму. Дагэтуль мы мелі аўтарытарны рэжым, які абапіраецца на падтрымку большасьці насельніцтва, няхай і адноснай («за» было больш, чым «супраць»). Вось жа, напрыканцы году ўлада Лукашэнкі можа трансфармавацца ў рэжым, які абапіраецца на меншасьць. Магчымае паўтарэньне сытуацыі парлямэнцкіх выбараў 2012 году, калі ў буйных гарадах асноўны электарат проста не прыйшоў на выбарчыя ўчасткі.

Адным з наступстваў гэтай новай сытуацыі можа стаць рэзкае ўзмацненьне рэпрэсіўнай кампанэнты ў дзейнасьці рэжыму. Першыя прыкметы гэтага мы ўжо назіраем. Напрыклад, глушэньне незалежных інфармацыйных інтэрнэт-парталаў, як растлумачыў Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, «па просьбах працоўных». У такім разе непазьбежнае зьяўленьне новых палітвязьняў з усімі адмоўнымі наступствамі для размарожваньня адносін з Захадам.

Зразумела, нішто не перадвызначана, і я разглядаю толькі адзін з магчымых варыянтаў. Гісторыя варыятыўная.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG