Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Пуціна не спыніць, ён пойдзе далей» — апытаньне ў Гомелі


Belarus -- sad (merry) pictures, Crimea, Russian troops, Russia, Ukraine, invasion

Belarus -- sad (merry) pictures, Crimea, Russian troops, Russia, Ukraine, invasion

«Як вы лічыце, ці спыніцца Пуцін на Крыме і Данбасе або паспрабуе захапіць і іншыя тэрыторыі, якія раней уваходзілі ў склад СССР? Ці існуе ў гэтай сувязі пагроза для Беларусі? Чаму так лічыце?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Пуцін ня спыніцца на тым, што ён робіць ва Ўкраіне, бо ёсьць перадумовы, тая ідэалягічная падрыхтоўка, якая вядзецца: што Гомельская, Магілёўская ды Віцебская вобласьці былі „заўсёды рускімі землямі“. Гэта таксама рабілася, калі захоплівалі Крым і Данбас. І цалкам можа стацца рэальнасьцю, што нашы тэрыторыі могуць быць акупаваныя расейскімі сіламі».

Спадар: «Мне падаецца, што адносіны ў нас іншыя. Хутчэй за ўсё, атрымаецца мірным шляхам. Калі й будзе якое далучэньне, то яно ня будзе ваенным, сілавым. Яно магчымае. І я ня думаю, што ад людзей тут штосьці залежыць. Гэты вырашаецца „наверсе“ і бяз нашага ведама».

Спадарыня: «Пуцін ніколі ня спыніцца, пакуль яго ня спыняць сілаю. Ён увогуле ўвесь бы Савецкі Саюз аднавіў. Лічу, што пагражае гэта Беларусі».

Спадар: «Ці пагражае тое, што здарылася ва Ўкраіне, Беларусі? Я думаю, калі будуць у Беларусі энэргічныя людзі з маладога пакаленьня, то наўрад ці можа што пагражаць. А калі будзе, як раней казалі на палітбюро, дом састарэлых, які трымаецца за ўладу, тады ў прынцыпе, гіпатэтычна, можа такое здарыцца».

Спадар: «Расея і Беларусь ніколі ня будуць стаяць адна супраць аднае».

Спадар: «Я думаю, што гэтага чорта з табакеркі павінна спыніць сусьветная супольнасьць. Калі яго не спыніць, ён пойдзе далей — праз усю Ўкраіну, у Прыднястроўе, пойдзе ў Малдову. Ня выключана, што пойдзе і ў Беларусь, хаця й так ужо расейскія войскі акупавалі Беларусь. Мы бачылі, што было ў Крыме. Сёньня ён прызнаўся, што ўсё-ткі ён накіраваў туды расейскіх салдат, якія захапілі Крым. Цяпер расейскія ўлады цьвердзяць, што ў Данбасе расейцы не ваююць. Праз год Пуцін зноў скажа, што, дзякуючы расейскаму спэцназу ўсходнія вобласьці ўдалося далучыць да Расейскай Фэдэрацыі. І ўсё пад выглядам абароны «рускага сьвету».

Спадарыня: «Такім чынам, як ва Ўкраіне, Беларусі гэта не пагражае, бо ў Беларусі не такі народ».

Спадар: «Данбас і Луганск патрэбныя былі, каб адцягнуць увагу ад Крыму. Анэксія адбылася, і патрэбная была невялічкая „вайнушка“ на Данбасе. Ніколі Пуцін ня прыйдзе ў Беларусь. Ніколі! Гэта маё асабістае меркаваньне. Тут расейскай нагі ня будзе. Беларусы — народ горды. Расейцаў у Беларусь проста ня пусьцяць».

XS
SM
MD
LG