Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі будзе парад прэтэндэнтаў, то я не выключаю, што мы тады будзем выступаць за байкот, — Марголін


Заяву актывісткі руху «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч пра намер стаць адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах гэтага году пракамэнтавалі іншыя апазыцыйныя палітыкі.

Заяву актывісткі руху «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч пра намер стаць адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах гэтага году пракамэнтавалі іншыя апазыцыйныя палітыкі.

Рыгор Кастусёў, які таксама ўваходзіць у сьпіс прэтэндэнтаў ад «Народнага рэфэрэндуму», сказаў карэспандэнту Свабоды, што крыху раней даведаўся пра тое, што разглядаецца і прозьвішча Тацяны Караткевіч. Ён сказаў, што гатовы прыняць любое рашэньне, толькі б яно было на карысьць агульнай справе. Кастусёў не выключае, што адзіны кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму» можа быць вызначаны ўжо ў красавіку.

Пра свае амбіцыі заяўляюць усё новыя асобы, дык ці будзе адзіны кандыдат ад усёй апазыцыі?

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Мы імкнёмся, каб быў адзіны кандыдат ад „Народнага рэфэрэндуму“. Бо як мы бачым, кангрэс ужо не адбудзецца, вылучэньне адзінага кандыдата ад усёй апазыцыі не адбудзецца. Таму прынята рашэньне вылучыць прэтэндэнта ў кандыдаты ад „Народнага рэфэрэндуму“. Я думаю, што ў бліжэйшы час будзе вызначана такая асоба. І мы пра гэта аб’явім. Бо АГП ужо вылучыла Лябедзьку. Магчыма, некага вылучыць БХД, магчыма партыя „Справядлівы сьвет“ таксама. Мне тут складана камэнтаваць. Але вызначэньне адзінага прэтэндэнта трэба было пачаць яшчэ чатыры гады таму. Мы згубілі шмат часу. Кандыдат ад „Народнага рэфэрэндуму“ павінен стаяць на пазыцыі абароны нацыянальных інтарэсаў, на пазыцыі, якую абарняе Партыя БНФ. Калі такім чалавекам будзе прадстаўнік кампаніі „Гавары праўду“, то нас гэта задавальняе».

Вольга Карач, якая пазыцыянуе сябе як «жанчына ў палітыцы», сказала, што цягам некалькіх дзён дасьць адказ на пытаньне, ці будзе яна прэтэндаваць на кандыдата ў прэзыдэнты. «Пакуль мы вызначаемся», — сказала Вольга Карач карэспандэнту Свабоды.

Адносна заявы Тацяны Караткевіч яна выказалася так:

Вольга Карач

Вольга Карач

«Любому кандыдату, які зьбіраецца змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам, шчыра жадаю посьпехаў. Кандыдаты ад дэмакратычнай супольнасьці адзін аднаму ня ворагі і нават не канкурэнты, бо ёсьць агульная мэта вярнуць краіну да дэмакратыі. А наконт таго, што Тацяна Караткевіч гатовая стаць адзіным, — я проста ня веру, што адзіны кандыдат будзе. Немагчыма стаць тым, каго ў прынцыпе ў прыродзе не існуе і ў бліжэйшай будучыні ня зьявіцца. Калі ў яе атрымаецца, то будзе добра. Але для мяне гэта цяпер нешта з фантастыкі ці цудаў. Я думаю, што дэмсілы ня змогуць дамовіцца паміж сабой. Проста ў кожнай структуры свае мэты, і сёлета яны не заўсёды супадаюць».

Вольга Карач сказала, што Тацяна Караткевіч ёй «падабаецца як чалавек, жанчына і палітык, яна інтэлігентная і разумная». Але як яна ацэньвае шанцы Караткевіч на перамогу?

«Перамагчы Аляксандра Рыгоравіча можа толькі адзін чалавек у Беларусі — гэта той, якога афіцыйна, публічна падтрымае Расея. Пакуль такога чалавека не зьявілася, але ён некалі зьявіцца. Ці зможа Тацяна Караткевіч стаць менавіта чалавекам, які атрымае падтрымку з Расеі, жыцьцё пакажа».

Леў Марголін

Леў Марголін

Якія пэрспэктывы па вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі бачыць палітык Леў Марголін?

«Наша пазыцыя вельмі выразна акрэсьлена. Мы гатовыя абмяркоўваць любыя прапановы па адзіным кандыдаце. Але для гэтага павінен быць суб’ект абмеркаваньня. Калі „Народны рэфэрэндум“ вылучыць аднаго кандыдата, то Анатоль Лябедзька будзе зь ім размаўляць, будзе прыкладаць намаганьні, каб быў адзіны кандыдат. Калі не атрымаецца з адзіным, то хаця, каб быў агульны сцэнар і агульныя дзеяньні. Але пакуль няма з кім размаўляць, бо яны кажуць, што павінен быць адзіны кандыдат, але свайго чалавека не прапануюць. Калі гэта будзе Тацяна Караткевіч, Рыгор Кастусёў, Ігар Маслоўскі, то тады пра адзінага кандыдата можна забыцца. Бо гэта ўжо несур’ёзна. Калі яны кажуць пра кааліцыю, то пра аднаго ад кааліцыі яны маглі б дамовіцца. Больш за тое, калі будзе парад прэтэндэнтаў, то я не выключаю, што Анатоль Лябедзька ня будзе прымаць удзел у выбарах, што мы тады будзем выступаць за байкот. Бо гэта несур’ёзна. Калі ёсьць некалькі кандыдатаў, тады ўлада сама вырашае, каго рэгістраваць, а каго не. Бо такога параду, які быў у 2010 годзе, ня будзе. Улада абярэ самую слабую кандыдатуру, яе зарэгіструе, а астатніх не. І што мы тады будзем рабіць?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG