Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Сумарава. Палёты ў снах і на палатне


Госьцяй Свабоды — мастачка Кацярына Сумарава, удзельніца шматлікіх міжнародных пленэраў і выставаў. А яе буйная пэрсанальная выстава «Памежны стан» адчыняецца 21 траўня ў Менску, у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Зямля, вада, неба — крыніцы натхненьня і аб’екты творчасьці Кацярыны Сумаравай. Беларускія краявіды на яе палотнах трансфармаваліся ў суб’ектыўныя абстрактныя кампазыцыі з моцнай колеравай гамай, а яе глыбокія ўнутраныя перажываньні выліліся ў новы цыкль твораў, якім яна і дала назву «Памежны стан».

Фрагмэнт перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Вашай творчай візытоўкай стала карціна «Легенда», напісаная ўжо, як для маладой мастачкі, даволі даўно — у 2009 годзе. Чаму вы ўзялі старт з тэмы зямлі? У чым легенда нашай зямлі?

Кацярына Сумарава: Гэтую тэму я адкрыла для сябе яшчэ ў студэнцкія гады, калі мы былі на пленэры на Браслаўшчыне. Менавіта тады мне гэтая тэма адкрылася ў першы раз. Гэта не былі легенды гэтай мясцовасьці, гэта былі легенды Беларусі, цывілізацыі ўвогуле. Легенды, якія падсьвядома ўвайшлі ў маю сьвядомасьць, выліліся пазьней у шэраг працаў, прысьвечаных зямлі.

Ракіцкі: Увогуле, для вас, сучаснай маладой жанчыны, мастачкі, чым ёсьць зямля? Глебай, якая нас корміць, прасторай, на якой мы працуем, жывем, па якой ходзім, ці нечым большым?

Сумарава: Я пастаянна адчуваю нейкі дуалізм. Карані мае тут, і ўся мая творчасьць узрошчаная гэтай зямлёй. З другога боку — у свае творы я больш укладаю формулу сусьвету.

Ракіцкі. У зямлі ўсе пачаткі, увесь космас? Увогуле — дзе ён, які ён, космас Кацярыны Сумаравай?

Сумарава: Натуральна, Беларусь. Гэта зямля, якая ўва мне. Пазьней зьявіліся іншыя наслаеньні — стыхіі вады, паветра. Але тут ня йдзе гаворка пра матэрыяльнасьць сьвету. Гэта — сымбалі, якія глыбока ў мяне ўнутры і якім я надаю свае пачуцьці.

Мае працы — гэта ляндшафт маёй душы

Ракіцкі: Чаму зямлю, неба, ваду вы трансфармуеце ў абстрактныя палотны? Чаму на адлюстраванай вамі зямлі няма людзей, будынкаў, дарог, жывёлаў? Ня верыце ў рэалізм?

Сумарава: Я жыву ў рэальным сьвеце. Але на маіх карцінах мой краявід губляе геаграфію. Калі так можна сказаць, мае працы — гэта ляндшафт маёй душы.

Ракіцкі: Таму вы і называеце цыкль сваіх карцінаў «суб’ектыўным краявідам»? Але ж любое мастацтва суб’ектыўнае...

Сумарава: Натуральна. І ў маіх карцінах — толькі мой мастацкі шлях, мой почырк, мае знаходкі. Так, я ў творчасьці буду разьвівацца. Але ў якім кірунку, пакуль ня ведаю. Магчыма, зьявяцца і дарогі, і людзі.

Ракіцкі: Зрэшты, паварот у вашай творчасьці ў новую тэму, новую якасьць ужо заўважаецца. На выставе вы зьбіраецеся паказваць ня цыкль «Суб’ектыўныя краявіды», а новы цыкль, які назвалі «Памежным станам». Памежны стан паміж чым?

Сумарава: Гэта маё новае вяртаньне да самой сябе, сваіх перажываньняў. Яны розныя. І я іх увасабляю на кантрасьце. Тут пачуцьці на мяжы. Каханьне і жарсьць. Цішыня і крык. Праўда, няма нянавісьці, бо я да яе яшчэ ніколі не даходзіла. Гэтыя карціны — перадусім аналіз самой сябе ў кантэксьце эмоцыяў, выкліканых абставінамі вакол мяне. На мяне ўзьдзейнічае сьвет, і гэта выліваецца на палатно. Але часта мае карціны нараджаюцца ў снах...

Youtube-вэрсія перадачы

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG