Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаблогер Каця Казлоўская: Зрабіла выпуск па-беларуску — сталі пытаць пра БНФ


У яе ўжо больш за тры тысячы падпісчыкаў і мільён праглядаў. Выпусьціўшы першае відэа менш за год таму, Каця Казлоўская ўжо ўваходзіць у лік топ-блогераў Беларусі.

Пачаўшы як фэшн-блогер, дзяўчына цяпер усё часьцей зьвяртаецца да тэмаў літаратуры і тэатру. А перад Новым годам выйшла самае папулярнае на гэты момант відэа яе канала — пра вышыванку і на беларускай мове.

Свабода пагутарыла з Кацяй Казлоўскай, каб высьветліць, ці гатовая беларуская аўдыторыя да відэаблогаў на беларускай мове, а таксама пра тое, ці можна зарабляць пры дапамозе канала на youtube.

— Мэта блогера — расказаць пра сябе сьвету. Пачнём з самага простага. Прадстаў сябе.

— Па-першае, я не лічу сябе толькі блогерам. У першую чаргу я артыстка. Я стараюся ставіцца да ўсяго, што раблю (у тым ліку і да блогінгу) максымальна прафэсійна. Мне здаецца, што я магу штосьці расказаць. І ёсьць дзяўчаты, якім гэта цікава. Я сучасная дзяўчына, якая аднолькава цікавіцца і модай, і тэатрам, і літаратурай. Усё, што навокал, мяне цікавіць. І вось пра гэта я хачу казаць. Я мянчанка. Мне 25 год. Сканчаю Акадэмію мастацтва па спэцыяльнасьці «Рэжысура тэатру». Я выпускніца школы з харэаграфічным ухілам і ў свой час нават плянавала ісьці ў «Харошкі», але склалася па-іншаму — я закахалася ў тэатар.

— Сваю адукацыю ты зьвязваеш з сваёй будучай прафэсійнай дзейнасьцю?

— Будзе як будзе. Я вельмі хачу зьвязаць прафэсійны лёс з тэатрам альбо з кінамастацтвам, магчыма тэлебачаньнем. Хачу папрацаваць артыстам разам з добрымі рэжысэрамі, навучыцца. І вось калі я крыху падрасту, то буду гатовая паставіць свой уласны спэктакль.

— Ці ёсьць сувязь паміж тэатрам і блогінгам?

— Сувязь ёсьць. Увогуле, як зразумець, што перад табой сапраўдны артыст? Калі ён на сцэне, ці на экране тэлевізара, ці на канале ў сваім відэаблогу, ён цалкам «тут» — прысутнічае сэрцам і думкамі ў тым месцы, дзе знаходзіцца. У яго блішчаць вочы. Гледача не падманеш ні ў тэатры, ні на youtube. Трэба гаварыць шчыра, ад сэрца, каб было зразумела, што ты звычайны жывы чалавек і верыш у тое, што кажаш.

— Ці страшна табе было выкласьці відэа ў інтэрнэт першы раз?

— Зразумела, ёсьць стэрэатып наконт бляндынак у прыгожых сукенках. Маўляў, яны дурніцы. Але я разьмяжоўваю тое, чым я ёсьць, і тое, чым я магу падавацца. Я атрымліваю розныя камэнтары да сваіх відэа. Напрыклад, ёсьць тыя, хто лічыць, што я шмат усьміхаюся. Ну ня ведаю я, як усьміхацца роўна столькі, каб гэта было «дастаткова, але не зашмат». Дый няма такой інструкцыі, як рабіць нешта так, каб падабацца ўсім. Наконт першага відэа... Не, страшна не было. Я хачу, каб тое, што я раблю, падабалася і было карысным, але не чакаю, што яно спадабаецца ўсім.

— А як ты ўвогуле прыйшла ў блогінг?

— Першае відэа выйшла 1 ліпеня 2015 году. А да гэтага я выкладала відэаадказы ў сэрвісе ask.fm. Паглядзеўшы іх, нехта прапанаваў мне завесьці канал на youtube — маўляў, таму што я сьмешная. Я падумала, што быць сьмешнай — гэта добра. Увогуле, не баюся быць сьмешнай, наадварот — мне падабаецца выклікаць пазытыўныя эмоцыі.

— Колькі відэа ў месяц ты здымаеш? Як шмат часу гэта займае?

— Добра, калі ёсьць пэрыядычнасьць, тады глядач цябе чакае. Я стараюся не рабіць доўгіх перапынкаў. Мая мэта — два выпускі на тыдзень. Вядома, падрыхтоўка нават 5-хвіліннага выпуску займае шмат часу — самі здымкі, мантаж. Заўсёды кажуць, што галоўнае — гэта думкі. Я згодная. Але думкі яшчэ трэба прыгожа аформіць. Я веру, што больш людзей захочуць пачуць маю думку, калі зьнешне прадукт будзе выглядаць прыгожа.

— У сьвеце блогінгу вядзецца жорсткая канкурэнцыя што да зьнешняга афармленьня — людзі набываюць дарагую тэхніку, абсталяваньне для сьвятла. Ці трэба гнацца за гэтым? І ўвогуле, на што ты здымаеш?

— Тэхніка такая дорага каштуе. Калі яна ёсьць, гэта добра. Я пакуль што на такую не зарабіла, таму бяру напракат або здымаю на звычайны айфон — ён дае прымальную якасьць, але я ведаю, што мне ў гэтым пляне ёсьць куды расьці.

— Відэаблогеры вельмі папулярныя ў сьвеце, зьяўляюцца нават пародыі на іх. Чаму так?

— Я ня ведаю дакладна. Але мне здаецца, што тут моцна ўплывае «эфэкт прысутнасьці». Нездарма ў камэнтарах да блогераў можна прачытаць прызнаньні, што, паглядзеўшы блог, чалавек нібыта паразмаўляў зь сябрам. У блогах не шукаюць ісьціны ў апошняй інстанцыі, суб’ектывізм — тое, што падабаецца. Але «эфэкт прысутнасьці» вельмі важны.

— Пра што твой блог і для каго ён?

— Блог пра ўсё, што цікава сучаснай беларускай дзяўчыне. Касьцяк падпісчыкаў — жаночага полу і ва ўзросьце ад 13 да 37 год. Тэмы: мода, мастацтва, кнігі, таксама расказваю пра тое, куды пайсьці, як нешта зрабіць сваімі рукамі.

— Цябе ўжо пазнаюць на вуліцы?

— Я яшчэ не прызвычаілася да гэтага, але бывае, што падыходзяць дзяўчаты-падпісчыцы на вуліцы. Яны запытваюць, як справы ў майго сабакі Топінга, як я схадзіла ў музэй, расказваюць, што прачыталі кнігу, якую я параіла. Атрымліваецца нешта кшталту дзявочага клюбу.

— Калі казаць пра звычайных блогераў і калюмністаў, то яны схаваныя за словамі, за літарамі. Ты ж працуеш тварам. На твой погляд, наколькі важная зьнешнасьць для посьпеху відэаблогера?

— У маім выпадку гэта плюс, бо, відаць, з-за зьнешнасьці ў мяне ёсьць падпісчыкі мужчынскага полу (сьмяецца. — РС). А калі сур’ёзна, то я лічу, што прыгожая зьнешнасьць павінна адпавядаць прыгожаму, вартаму кантэнту. Зразумела, што зьнешнасьць — гэта брэнд як для відэаблогера, так і для любога артыста. Прыемная зьнешнасьць — гэта бонус, як прыгожая абгортка ў цукеркі. Ясна, што цукерку мы ацэнім толькі паводле яе смаку, але магчыма, што менавіта абгортка стала прычынай таго, што мы яе ў прынцыпе пакаштавалі.

— Блогінг — гэта хобі ці праца? Ці магчыма зарабляць на блогу?

— Я згодная з тым, што самая лепшая праца — гэта хобі, якое прыносіць грошы. І нязгодная, што мастак павінен быць галодны. Не павінен. Ён павінен ведаць, што ў лядоўні заўсёды ёсьць малако ды гародніна, а зранку яго чакае духмяная кава.Тады ён можа спакойна тварыць. Добра, калі блог манэтызуецца. Іншая справа, што шматлікія блогеры губляюць шчырасьць, калі вырашаюць толькі зарабляць на сваім канале. Калі на канале адна рэкляма — хутчэй за ўсё, гэта не спадабаецца падпісчыкам. Але я ня супраць, калі блогер зарабляе з дапамогай канала. Галоўнае, каб ён казаў тое, што думае. Я кіруюся толькі такім прынцыпам і на ўсе прапановы аб супрацы заўсёды папярэджваю, што буду гаварыць тое, што думаю насамрэч. Я гэта раблю таму, што не хачу страціць давер сваіх дзяўчат-падпісчыц.

— Як твае падпісчыкі паставіліся да зьяўленьня блогаў на беларускай мове?

— Калі ў мяне запытваюць — «Чаму беларуская мова?», я кажу ў адказ: «А чаму не?». Я жыву ў Беларусі, я беларуска, я хадзіла ў беларускамоўны садок, у мяне былі вельмі добрыя выкладчыкі па беларускай мове і літаратуры. Я люблю беларускую мову...

— Справа ў тым, што тое самае могуць сказаць пра сябе большасьць беларусаў, але яны не гавораць па-беларуску...

— Так, на жаль. Але я кажу пра сябе. Я вельмі люблю беларускіх пісьменьнікаў, ведаю на памяць беларускія вершы. Калі на канале выйшаў першы блог па-беларуску — пра вышыванку — я сказала, што гэта мой самы любімы выпуск. Так застаецца і па сёньня. Але ў краіне дзьвюхмоўе, і я магу добра размаўляць і па-расейску, і па-беларуску. Галоўнае — ведаць, што ты хочаш сказаць. Калі казаць пра рэакцыю маёй аўдыторыі, то ёсьць людзі, якія і цяпер задаюць пытаньне пра тое, адкуль я, і ня вераць, што я зь Беларусі. Беларускамоўныя выпускі здымаюць гэтае пытаньне. Што да рэакцыі, то большасьць паставілася пазытыўна, я нават не чакала такога. Разам з тым былі тыя, хто раіў не рабіць выпускаў па-беларуску, маўляў, не зразумела. Усё ж youtube у нас — больш рускамоўны. Але я пляную і далей пэрыядычна выдаваць выпускі на беларускай мове. 95% маіх падпісчыкаў — беларусы. Думаю, што яны падрыхтаваныя да беларускамоўнага блогінгу.

— Пра палітыку не пыталіся?

— Пыталіся. Шмат для каго беларуская мова працягвае асацыявацца з БНФ. Але для мяне Беларусь і беларуская мова — гэта значна больш, чым палітыка. Тое, што я размаўляю па-беларуску, ня мае дачыненьня да палітыкі.

— Выходзіць, што ты дыктуеш правілы. Маўляў, каму не падабаецца — адпісвайцеся. Дык хто галоўны — блогер ці глядач?

— Блогеры вельмі моцна сочаць за рэакцыяй сваіх падпісчыкаў, здымаюць на тэмы, якія тыя прапаноўваюць, рэагуюць на камэнтары. Гэта з аднаго боку. Зь іншага — я лічу, што галоўным застаецца ўсё ж блогер. Гэта як гаспадар і госьці, якія да яго прыйшлі. Так, гаспадар хаты імкнецца, каб госьці смачна пад’елі і каб ім было ўтульна, але ён застаецца галоўным.

Топ ад Каці Казлоўскай

Музыка: «Зь беларусаў мне падабаецца гурт Pawa — яны робяць сучасныя трэкі, абапіраючыся на народныя матывы».

Літаратура: «Я вельмі люблю Рэмарка, гэта аўтар майго сэрца, нядаўна перачытвала „Трыюмфальную арку“ ў беларускім перакладзе. Мару вывучыць нямецкую, каб чытаць арыгінал. Хто яшчэ? Натальля Батракова, Уладзімер Караткевіч, Янка Купала, Пімен Панчанка».

Менск: «Я вельмі люблю свой родны горад, але ня маю нейкага аднаго месца, якое самае любімае. Месца сілы для мяне — гэта менскія кнігарні, я вельмі люблю пах новых кніг».

Замежжа: «Пакуль няшмат дзе была, таму на дадзены момант адзін зь любімых гарадоў — гэта Беласток. Увогуле, паезьдзіць па сьвеце — гэта мая мара».

Брэнд вопраткі: «Мне падабаецца тое, што робяць symbal.by. Вось цяпер на мяне іх сьвітшот, які я купіла за ўласныя грошы — таму гэта не рэкляма. Яшчэ варта адзначыць брэнд NAVY. Не магу сказаць, што наведваю ўсе фэшн-маркеты, але стараюся не прапускаць Тыдні моды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG