Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайшла мужа ў Бразыліі і зрабіла яго беларускамоўным». Як сямейная пара папулярызуе беларушчыну на радзіме Жоржы Амаду


Беларуска Воля Ермалаева і яе муж, бразылец Патэрсан Франка пазнаёміліся ў 2011 годзе. З таго часу пара жыве ў горадзе Саўвадор, штат Баія, што ў Бразыліі.

Нядаўна Патэрсан узяў удзел у праекце «Вечар беларускай паэзіі» — прачытаў верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы». У канцы відэароліка Патэрсан патлумачыў, што, каб зразумець краіну і культуру сваёй жонкі, вывучыў беларускую мову:

«Калі размаўляеш на іншай мове, будзеш разумець свой край чужой мовай. Жыве беларуская паэзія! Жыве беларуская мова! Жыве Беларусь!»

Свабода пагутарыла з Вольгай і Патэрсанам і высьветліла, што ў Бразыліі пара выкладае розныя мовы, а таксама імкнецца папулярызаваць беларускую мову, культуру і гісторыю. Напрыклад, да 25 сакавіка рыхтуецца паказ фільму «Жыве Беларусь!» з субтытрамі на партугальскай мове.

«Не адступаць ад беларускай мовы навучыў муж-бразылец»

— Воля, распавядзіце вашу гісторыю. Дзе вы нарадзіліся, дзе вучыліся, як прыйшлі да беларускай мовы?

Воля: Я вырасла ў Наваполацку. Як была малая, пыталася ў мамы, ці ёсьць у сьвеце яшчэ нейкая краіна, дзе размаўляюць па-беларуску. Ну, па-расейску ж размаўляюць і ў Расеі, і ў Беларусі. А беларуская мова быццам афіцыйная ў Беларусі. Але дзе яшчэ? Дзесьці ж на ёй размаўляюць? У Наваполацку я вучылася ў расейскамоўнай школе, таму беларускую гаворку па-за школьнымі заняткамі па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі было пачуць цяжка. Сорамна ўзгадваць: бачыўшы кніжкі Караткевіча ў бібліятэцы на дзьвюх мовах, думала, што ён (як і іншыя пісьменьнікі, напэўна ж) пісаў па-расейску, а потым перакладаў. Бо іншая сытуацыя здавалася нейкай зусім нерэалістычнай. Першых «цалкам беларускамоўных» жывых людзей я пабачыла ў свае 15 год у Менску, на краязнаўчым летніку. То бок мне даўно падавалася дзіўным, што па-беларуску ў маім асяродзьдзі ніхто не размаўляў, бо мы ж як быццам беларусы. Але без жывых прыкладаў падавалася, што выправіць гэтую сытуацыю немагчыма.

Ва ўнівэрсытэцкія гады ўжо было з кім размаўляць па-беларуску, але заставаліся расейскамоўныя сябры, і мне было вельмі нязручна размаўляць па-беларуску і атрымліваць адказы на расейскай. Ну, і ў грамадзкіх месцах такая ж сытуацыя была. Гэты момант я пераадолела, толькі калі ўжо мой муж стаў беларускамоўным — ён на гэтую тэму не замарочваецца і прынцыпова размаўляе зь беларусамі толькі па-беларуску, як бы яму ні адказвалі. Ну, і я бяру цяпер прыклад зь яго.

Нашмат пазьней я даведалася, што мая бабуля Воля гадоў да 20 размаўляла толькі па-беларуску. Але як паехала на Ўрал працаваць, першы час яе ўвогуле там не разумелі — давялося перавучвацца. На сто адсоткаў так і не перавучылася на расейскую, атрымалася такая сумесь. Сваякі, якія заставаліся ў Беларусі, за гэты час, дарэчы, таксама русыфікаваліся. З маёй бабуляй Патэрсан першы перайшоў на беларускую, і яна толькі тады (а раней чула, як ён гаворыць па-расейску) заўважыла, што «ён жа па-нашаму гаворыць». Значыцца, раней усё ж не па-нашаму было.

— Чым вы і Патэрсан займаецеся ў Бразыліі? І чым захапляецеся?

Цяпер мы абое навучаемся ў магістратуры, выкладаем мовы, часам займаемся перакладамі. У вольны час ходзім на пляж, плаваем, бегаем, удзельнічаем у спаборніцтвах, робім гравюры (летась зрабілі сямейную выставу «Беларускі Саўвадор»). Гравюрамі мы ўжо тут, пасьля вяртаньня зь Беларусі пачалі займацца. У магістратуры абое працуем зь беларускай тэматыкай, хоць і ў розных сфэрах. Патэрсан навучаецца на філялягічным, я — на архітэктурным. Да 25 сакавіка рыхтуем паказ фільму «Жыве Беларусь!» з субтытрамі на партугальскай. Гэта будзе ў межах прэзэнтацыі магістэрскага праекту Патэрсана, які ён рыхтуе паводле гэтага фільму.

«Мужа-прыгажуна прасіла ў марской багіні»

— Як вы пазнаёміліся з Патэрсанам?

Воля: У 2011 годзе я, вывучыўшы трохі партугальскай (такое было ў мяне хобі ў той час) і начытаўшыся Жоржы Амаду, прыехала па валянтэрскай праграме ў бразыльскі горад Саўвадор. На другі дзень пазнаёмілася з Патэрсанам. Я схільная лічыць, што гэта лёс. Увогуле, згодна зь мясцовай верай, у нас тут жыве багіня мора Іеманжа. Дзяўчаты часта просяць у яе мужа. Ну і я папрасіла. Гэта нефармальна неяк адбылося, я проста да яе сфармулявала запыт — пазнаёміць мяне зь ім у бліжэйшыя тры дні, і падрабязна апісала: каб высокі, каб прыгожы (але каб дзеўкі не заляцаліся занадта), каб разумны, каб да моваў меў цікавасьць, каб фатаграфаваў добра, каб масаж умеў рабіць... Ну, там доўгі сьпіс быў, дэталёвы. Я яму праз пару год пасьля шлюбу толькі прызналася пра тое. Спытаў: ну як, супадаю з тваім апісаньнем? Ну так, па ўсіх пунктах і яшчэ лепшы. Хіба я магла марыць, што ў мяне будзе беларускамоўны муж? Я і ў Беларусі ня надта на такое спадзявалася, хоць і хацелася б, вядома. Нацыянальнасьць, дарэчы, я не загадвала.

«Трапіўшы на маю радзіму, муж папрасіў зьвяртацца да яго толькі па-беларуску»

— Як даўно Патэрсан ведае беларускую мову? Як вы яго вучылі? І чаму ўзьнікла такое жаданьне?

Воля: Увогуле я валодаю беларускай, партугальскай, ангельскай, расейскай і нямецкай мовамі. Муж — беларускай, партугальскай, ангельскай, расейскай, гішпанскай, італьянскай і францускай. Ён гэтыя мовы ўсе (акрамя беларускай ды італьянскай) яшчэ і выкладаў. Я свае таксама, акрамя нямецкай, яна ў мяне самая новая і слабая пакуль. Цяпер вучым разам кітайскую.

Увогуле, калі мы пазнаёміліся, Патэрсан валодаў ужо шасьцю мовамі і не зьбіраўся больш ніякую вучыць. Але празь нейкі час, у 2012 годзе, мы паехалі разам у Беларусь, павандравалі па краіне тры тыдні, і ў нейкі момант ён вырашыў, што ня мае сэнсу яму зь дзяўчынай-беларускай у Беларусі размаўляць па-расейску. Сказаў: «Вучы мяне». Падручнікаў для замежнікаў ня тое каб шмат, дый не хацелася вучыць па падручніках. Таму ён проста забараніў мне зьвяртацца да яго на іншых мовах. Казаў: «А як вось гэта спытаць па-беларуску?» Я адказвала, тады ён паўтараў за мной, я мусіла адказваць і тлумачыць, калі што незразумелае было. Першыя пару тыдняў было цяжкавата. Найперш мне. Бо нязвыкла тлумачыць па-беларуску, калі можна проста адказаць па-партугальску, па-расейску ці нават па-ангельску. Але ён не здаваўся, і хутка справа дала плён. Праз шэсьць месяцаў ён даваў інтэрвію Белсату на досыць добрай беларускай мове.

«Калі пачаў гаварыць па-беларуску, жонка магла не зразумець, „галодны“ я ці „халодны“»

— Вы абое ведаеце шмат моваў. Ці маеце сакрэт, які дапамагае іх вучыць? І пытаньне для Патэрсана — якія для вас былі самыя цяжкія беларускія словы? І якія самыя сьмешныя?

Воля: Цяпер з кітайскай мовай мы робім нешта падобнае, што рабілі зь беларускай. Праўда, мы вучымся па падручніках і аўдыёкурсах, кансультуемся з выкладчыцай. Практыкуем такую гульню: напрыклад, у дні, калі мы дома сам-насам, размаўляем паміж сабой да абеду толькі па-кітайску. Слоўны запас пакуль маленькі, але можна ж пашукаць пераклад. І такім чынам вучацца менавіта тыя словы і фразы, якія мы сапраўды ўжываем і ў якіх адчуваем патрэбу. Думаю, для тых, хто ня ведае, як падступіцца да беларускай, такая гульня таксама падыдзе. Галоўнае — не саромецца ды не парушаць правіла — у пэўны час размаўляць толькі на той мове, на якой дамоўлена. Бо перайсьці адразу і цалкам вельмі няпроста.

Патэрсан: Мне спачатку складана было адрозьніваць гукі «г» і «х», таму і жонцы цяжка было зразумець, ці я казаў, што я быў галодным, ці халодным, напрыклад. А словы «гульня» ды «увогуле» мне трохі гучалі як лаянка.

«Дзе жыць — не абмяркоўвалі, але я заўсёды марыла пра мора»

— Чаму вы вырашылі жыць у Бразыліі, а не ў Беларусі?

Воля: Насамрэч, здаецца, мы і не абмяркоўвалі, дзе жыць, гэта было неяк адпачатку зразумела. Проста неяк тут складаецца ў нас жыцьцё. У нашым Саўвадоры заўсёднае лета, мора і пляжы. Я зь дзяцінства марыла пра мора, а ў нас яно бачна з вакна, яшчэ і сонца заходзіць у яго. У мяне тут упершыню ў жыцьці зьявілася адчуваньне сапраўднага дому, а не часовага прытулку.

Беларускамоўных у нас тут, акрамя нас, здаецца, пакуль няма. Але ў нас існуе клюб паліглётаў пры каўчсэрфэрскай суполцы, дык там два нашы сябры — Фэліпэ і Маркус — пачынаюць патроху з намі вучыць беларускую. Мы іх запрасілі разам з намі зачытаць на відэа вершы Мікіты Найдзёнава са зборніка «Разьвітанцы» для праекту «Вершы бязь межаў». Мне хацелася, каб сапраўды было бязь межаў, бо ў іншых выпусках вершы чытаюць беларусы, хоць і ў розных краінах сьвету. А тут замежнікі, ды яшчэ такія, што беларускай раней ня чулі. І хлопцы так замілаваліся беларускай паэзіяй, што цяпер пачалі вучыць нашу мову. Дык, можа, у хуткім часе нас, беларускамоўных, у Саўвадоры паболее.

Ваш муж тлумачыць жаданьне ведаць беларускую мову тым, што «ён жанаты зь беларускаю». Як вы лічыце, чаму такога жаданьня няма ў мільёнаў беларусаў, якія таксама маюць жонкамі беларусак?

Воля: Можна тое самае запытацца ў тых, хто мае мужоў-беларусаў. Справа звычкі, напэўна. Вось жа ў перапісе тых, хто не размаўляе па-беларуску, ад «Мовы Нанова», адна з найбольш папулярных «адмазак» — няма з кім размаўляць. Вось бы ўсіх гэтых «няма-з-кім» сабраць разам! Што «Мова Нанова» і іншыя курсы, зрэшты, і робяць. Спадзяюся, так, па кроках, кожны зь сябе пачне і нешта зьменіцца паціху. Увогуле, дужа цешаць такія ініцыятывы. І вышымайкі-вышышыны папулярныя, усё гэта проста цудоўна, я лічу. Калі мы ў 2012 годзе мінулым разам былі ў Беларусі, дык і беларускіх сувэніраў з нацыянальным калярытам цяжка было знайсьці, а цяпер можна хоць сюды праз інтэрнэт замовіць.

«Беларусь няшмат зьмянілася пасьля Савецкага Саюзу»

— Патэрсан, што вы ведаеце пра Беларусь? Ці ваша цікавасьць абмяжоўваецца мовай? Што наконт гісторыі, культуры, музыкі?

Патэрсан: Трохі ведаю гісторыю Беларусі з часоў крывічоў (то бок раней былі на той тэрыторыі іншыя народы, як балты і гуны) да Полацкага княства, стварэньня ВКЛ у Наваградку, да Люблінскай уніі ды падзелаў Рэчы Паспалітай, калі літоўска-беларускія землі былі ў складзе Расейскай імпэрыі і потым злучаліся ў БНР, якая, на жаль, не пратрымалася доўга. Але варта ўзгадаць, што яе ўрад, найстарэйшы ў выгнаньні на сьвеце, дагэтуль існуе. Беларусь згубіла часткі сваёй тэрыторыі, якія адышлі для суседніх краінаў. Я маю на ўвазе Вільню, Смаленск ды Беласток. З дыктатуры ў дыктатуру, ня вельмі шмат зьмянілася ў Беларусі пасьля канца Савецкага Саюзу. Пакуль.

Наконт культуры, я люблю вышыванку ды выцінанкі беларускія, нават навучыўся імі карыстацца ў гравюрах; дранікі, мачанку ды клёцкі люблю. Я, у прынцыпе, вельмі люблю бульбу. Слухаў беларускую музыку яшчэ да таго, як увогуле вырашыў вучыць мову. Гурты падабаюцца «Стары Ольса», «Троіца», «Зьніч», «Крама», «NRM» і «Крамбамбуля». Яны вельмі натхнялі ў працэсе навучаньня, сёньня слухаю яшчэ шмат іншых. Зь беларускімі пісьменьнікамі, як Янкам Купалам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным ды Максімам Багдановічам, таксама даўно знаёмы — здымаў розныя відэа, дзе чытаю вершы для розных праектаў.

Воля: Я дадам, што Патэрсан даў мне зразумець, што сапраўды беларуская музыка вельмі вартая — яна разнастайная і якасная. А я думала раней, што, можа, мне так падаецца, бо я беларуска. Гэта яшчэ да таго, як ён мову вучыць пачаў.

«Мы адмаўляем стэрэатыпы. Патэрсан спакайнейшы за сваю жонку-беларуску»

— Лічыцца, што беларусы — мяккія і талерантныя, бразыльцы — яркія і эмацыйныя (узяць тыя ж карнавалы). Як знайсьці кампраміс у межах асобна ўзятай сям’і?

Воля: Гэта ўсё стэрэатыпы. Талерантнасьць беларусаў асабліва — той яшчэ міт. Калі браць асобную сям’ю, наўрад ці яны спрацуюць. У нашым выпадку, мяркую, я трохі больш эмацыйная, Патэрсан спакайнейшы і моцна мне дапамагае ня выбухнуць у нейкія нэрвовыя моманты. Увогуле, мы неяк адно аднаго дапаўняем, напэўна. Напрыклад, я люблю плянаваць, а Патэрсан — не, затое ён майстар імправізацыі. Разам нам лягчэй і ў працы, і ў навучаньні, і ўвогуле ў штодзённых справах.

Патэрсан: Паспрабуйце знайсьці адну характарыстыку, якая сустракаецца абсалютна ў кожнага чалавека з вашай сям’і. Ці вы ўсе вясёлыя? Ці вы ўсе разумныя? Ці вы ўсе п’яце? Ці вы ўсе праваслаўныя? Ці вы ўсе размаўляеце на трасянцы? Змаглі? А цяпер уявіце сабе, як знайсьці адзіную характарыстыку для больш як двухсот мільёнаў чалавек, распаўсюджаных на тэрыторыі памерам з Эўропу? Напэўна, усё, што я магу дакладна сказаць наконт розьніцы паміж намі і Беларусьсю, менавіта гэтае: Бразылія больш разнастайная. Каб уявіць, наколькі, проста загугліце: Oktoberfest Blumenau, Ile Aiye, Festival de Parintins, Liberdade SP.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG