Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб атрымаць шэнгенскую візу, давядзецца здаць адбіткі пальцаў


Усе консульскія і пасольскія ўстановы краінаў Шэнгенскай дамовы з 23 чэрвеня плянуецца ўвесьці ў Візавую інфармацыйную сыстэму (ВІС). З гэтай даты пры першай падачы хадайніцтва на атрыманьне візы ўсе заяўнікі, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў, павінны будуць зьявіцца асабіста дзеля збору біямэтрычных дадзеных — адбіткаў пальцаў і фатаграфіі, паведамляе амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі.

ВІС была створана ў 2011 годзе дзеля абмену дадзенымі аб выдадзеных шэнгенскіх візах паміж краінамі, якія ўваходзяць у шэнгенскую зону. Асноўныя мэты сыстэмы — забесьпячэньне кантролю на межах і павышэньне бясьпекі заяўнікаў.

З 23 чэрвеня 2015 году плянуецца ўвесьці ВІС у эксплюатацыю ва ўсіх пасольствах і консульскіх установах дзяржаў — удзельніц Шэнгенскага пагадненьня, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзяржаў, што ўваходзяць у праграму «Ўсходняга партнэрства» (да якіх належыць і Беларусь).

Увядзеньне ВІС суправаджаецца абавязковым прадстаўленьнем усімі заяўнікамі ва ўзросьце больш за 12 гадоў біямэтрычных дадзеных — адбіткаў пальцаў і біямэтрычнай фатаграфіі.

Біямэтрычныя дадзеныя будуць захоўвацца ў агульнай базе ВІС на працягу 59 месяцаў і могуць паўторна выкарыстоўвацца пры падачы новых заявак на візу. Прычым адбіткі пальцаў заяўніка будуць даступныя пры падачы ў любым з пасольстваў або консульстваў краін Шэнгена.

Адзначаецца, што ад абавязку прадстаўляць адбіткі пальцаў вызваленыя толькі асобы, якія фізычна ня ў стане гэта зрабіць — напрыклад, ня маюць пальцаў. Калі маюць менш за 10, то здымаюцца адбіткі тых пальцаў, якія ёсьць. Пры наяўнасьці іншых часовых перашкод (напрыклад, пры пераломе пальцаў альбо з-за знаходжаньня ў шпіталі з прычыны цяжкага захворваньня або траўмы) неабходнасьць прадстаўляць адбіткі пальцаў таксама можа адпасьці, аднак гэта павінна быць зроблена пры наступнай падачы візавага хадайніцтва.

XS
SM
MD
LG