Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі створаць «народны парлямэнт» — Асамблею народных прадстаўнікоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Правацэнтрыская кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт у справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», будуць засноўваць Асамблею народных прадстаўнікоў.

У склад асамблеі ўвойдуць прадстаўнікі правацэнтрысцкіх арганізацыяў, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня. Гэта амаль 70 чалавек.

Устаноўчы сход арганізатары мяркуюць правесьці 7 кастрычніка, сказаў Свабодзе старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«На ім мы зробім заяву аб стварэньні асамблеі, прымем рэглямэнт яе працы. Таксама абмяркуем першыя ініцыятывы заканадаўчага пляну, якія, выкарыстоўваючы дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай, можна будзе паспрабаваць прасунуць у Палаце прадстаўнікоў.

Мы разумеем, што ў нас скралі дзесьці 12–13 мандатаў. І мы ня хочам, каб найперш гэтыя людзі, а таксама іншыя кандыдаты ў дэпутаты, згарнулі сваю працу ў акругах. Па-першае, яны будуць уносіць ініцыятывы заканадаўчага пляну. Па-другое, асамблея стане імпульсам працы ў рэгіёнах».

Стваральнікі асамблеі мяркуюць пашырыць яе за кошт іншых дэмакратычных партыяў, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі. Гэта, у прыватнасьці, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя».

Што тычыцца ўдзелу АГП у сёлетняй выбарчай кампаніі, то для партыі ў ёй было значна болей плюсаў, чым мінусаў, — лічыць спадар Лябедзька:

«Нам здаецца, што мы спрацавалі больш эфэктыўна за іншыя апазыцыйныя структуры. У нас было дакладнае пасланьне да выбарнікаў. І, галоўнае, мы маем у Палаце прадстаўнікоў свайго партыйнага дэпутата.

У партыі праходзіла дыскусія пра тое, ці трэба Ганьне Канапацкай працаваць у парлямэнце або варта адмовіцца ад дэпутацкага мандату, які быў атрыманы на сфальшаваных, на думку апазыцыі, выбарах. Толькі Вольга Маёрава з кандыдатаў мае ярка выяўленае адмоўнае стаўленьне да працы Канапацкай. Усе астатнія сказалі, што гатовыя працаваць разам, дапамагаць ёй. Яшчэ старшыня Менскай абласной арганізацыі партыі Віктар Малочка напісаў заяву, што больш ня будзе выконваць функцыі старшыні філіі, але ў партыі ён застаецца. Карацей, усё скончылася на пазытыўнай ноце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG