Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы заступіліся за ўцекача з Ірану: «Для яго высылка — як сьмяротны прысуд»


Алесь Міхалевіч, Павал Кісьляк і Павал Севярынец
Алесь Міхалевіч, Павал Кісьляк і Павал Севярынец

Уцякач з Ірану Мэрхдад Джамшыдыян не зьявіўся на прэсавую канфэрэнцыю, якую ў офісе руху «За свабоду» зладзілі беларускія праваабаронцы і палітыкі ў яго падтрымку.

Прычын адсутнасьці арганізатары сустрэчы ня ведаюць.

«Ягоны тэлефон маўчыць, самога няма, хоць абяцаў прыйсьці. Ведаем, што напярэдадні да яго прыходзілі зь міграцыйнай службы. Можна меркаваць усё што заўгодна: што чалавек хаваецца ці што яго ўжо затрымалі, каб выслаць»,— сказаў на пачатку прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Паводле ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, іранцу Джамшыдыяну дапамагаюць з гуманных меркаваньняў, а таксама таму, што ў яго беларуская сям’я — жонка-беларуска і дзеці.

Мэрхдад Джамшыдыян
Мэрхдад Джамшыдыян

«Гэта абуральны факт, што спрабуюць выдаць чалавека, які відавочна не вінаваты. Проста ня хочуць сварыцца з Іранам. І потым, хіба наш закон дазваляе выдаваць бацьку непаўналетняй грамадзянкі Беларусі?» — абурыўся Павал Севярынец.

У верасьні Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Мэрхдада Джамшыдыяна на адмову ў прытулку, вынесеную аддзелам грамадзянства і міграцыі менскай міліцыі. Гэтае рашэньне зноў запусьціла мэханізм выдачы Мэрхдада Джамшыдыяна ў Іран, які пачаўся ў 2013 годзе. Іранскія ўлады падазраюць Джамшыдыяна ў забойстве дзьвюх асобаў — свайго брата і маці — у верасьні 2012 году. Між тым Мэрхдад Джамшыдыян, які прыехаў у Беларусь у жніўні 2012 году, кажа пра фабрыкацыю справы з палітычных прычын. Да таго ж у Беларусі Мэрхдад Джамшыдыян прыняў хрысьціянства. За гэта яму пагражае абвінавачаньне ў вераадступніцтве, якое таксама караецца ў Іране сьмерцю.

«Фактычна гэта справа пра сьмяротнае пакараньне чалавека, якое пакуль адкладзенае, але рэальнае. Калі Беларусь выдасьць гэтага чалавека Ірану, дык падпішацца пад сьмяротным прысудам яму», — лічыць праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле Рамана Кісьляка, у камітэце ААН па правах чалавека знаходзіцца скарга Мэрхдада Джамшыдыяна на дзеяньні беларускіх уладаў па яго выдачы. Праваабаронца настойвае, што беларускія ўлады мусяць дачакацца разгляду гэтай скаргі, які можа адбыцца «ў лепшым выпадку ўвесну будучага году».

Прававую дапамогу Мэрхдаду Джамшыдыяну аказваў былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч. Як юрыст ён дапамог накіраваць скаргу ў Інтэрпол, дзе іранца абвясьцілі ў міжнародны вышук.

«У Інтэрполе цяпер створана „Камісія па кантролі файлаў“ — гэта кантрольны орган, дзе магчыма аспрэчыць заяўкі на вышук. Мы зьвярнуліся ў гэтую камісію, і справа Мэрхдада правяраецца. Па сабе ведаю, як лёгка дыктатарскія краіны абыходзяць міжнародныя дамовы і прынцыпы, калі перасьледуюць палітычных праціўнікаў, а справа Мэрхдада Джамшыдыяна — відавочна з гэтай галіны. Таму вельмі важна дачакацца вынікаў праверкі», — лічыць Алесь Міхалевіч з «Цэнтру падтрымкі бежанцаў».

Мэрхдада Джамшыдыяна з 2012 году двойчы затрымлівалі і доўгі час трымалі ў беларускай міліцыі. Дзе ён цяпер — невядома. Беларускія сваякі іранца на сувязь з журналістамі ня выйшлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG